Яна 21 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
Пасьля гэтага ізноў зьявіўся Ісус вучням Сваім ля мора Тыбэрыядзкага. Зьявіўся Ён вось як:
Пасля гэтага Езус зноў з’явіўся вучням сваім каля Тыберыядскага мора. А з’явіўся так.
былі разам Сымон Пётар і Тамаш, называны Блізьнюк, і Натанаэль з Каны Галілейскай, і сыны Заўдыя, і двое другіх з вучняў Ягоных.
Былі разам Сымон Пётр, Тамаш, званы Блізня, Натанаэль з Каны Галілейскай, сыны Зэбэдэя і двое іншых з вучняў Ягоных.
Кажа ім Сымон Пётар: «Іду лавіць рыбу». Кажуць яму: «Пойдзем і мы з табою». Яны выйшлі і адразу ўвайшлі ў човен, і не злавілі ў тую ноч нічога.
Сымон Пётр сказаў ім: «Іду лавіць рыбу». Яны адказалі яму: «І мы пойдзем з табою». Пайшлі і селі ў човен, але ў тую ноч нічога не злавілі.
Калі ўжо настала раніца, Ісус стаў на беразе, але вучні не пазналі, што гэта Ісус.
Калі ўжо развіднела, Езус стаяў на беразе. Але вучні не ведалі, што гэта быў Езус.
Кажа ім Ісус: «Дзеці! Ці маеце нейкі пасілак?» Яны адказалі Яму: «Не».
Сказаў ім Езус: «Дзеці, ці маеце што з’есці?» Яны адказалі Яму: «Не».
Ён жа сказаў ім: «Закіньце нерат на правы бок чаўна і зловіце». Тады яны закінулі, і ўжо не маглі яго выцягнуць дзеля мноства рыбы.
А Ён сказаў ім: «Закіньце сетку з правага боку чоўна і знойдзеце». Яны закінулі і не маглі ўжо выцягнуць яе з-за мноства рыбы.
Тады той вучань, якога любіў Ісус, кажа Пятру: «Гэта Госпад». Сымон жа Пётар, пачуўшы, што гэта Госпад, падперазаўся кашуляю, бо быў голы, і кінуўся ў мора.
Тады вучань, якога любіў Езус, сказаў Пятру: «Гэта Пан!» Калі Сымон Пётр пачуў, што гэта Пан, падперазаўся вопраткай, бо быў голы, і кінуўся ў мора.
А іншыя вучні прыплылі ў чаўне, бо не былі далёка ад зямлі, локцяў каля двухсот, цягнучы нерат з рыбаю.
А іншыя вучні прыплылі на чоўне, бо недалёка былі ад берага, локцяў каля двухсот, цягнучы сетку з рыбай.
Калі ж выйшлі на зямлю, бачаць раскладзены агонь і рыбу, што ляжала на ім, і хлеб.
Калі ж выйшлі на бераг, убачылі распаленае вогнішча, а на ім пакладзеную рыбу і хлеб.
Кажа ім Ісус: «Прынясіце з тае рыбы, якую вы цяпер злавілі».
Езус сказаў ім: «Прынясіце рыбы, што цяпер налавілі».
Сымон Пётар пайшоў і выцягнуў на зямлю нерат, поўны вялікіх рыбаў, якіх было сто пяцьдзясят тры, і пры гэткай колькасьці нерат не падраўся.
Пайшоў Сымон Пётр і выцягнуў на бераг сетку, поўную вялікіх рыб, якіх было сто пяцьдзясят тры. І хоць іх было столькі, сетка не парвалася.
Кажа ім Ісус: «Ідзіце, абедайце». З вучняў жа ніхто не адважыўся даведвацца ў Яго: «Хто Ты?», бо ведалі, што гэта Госпад.
Сказаў ім Езус: «Хадзіце ж, снедайце». Ніхто з вучняў не адважыўся спытацца ў Яго: «Хто Ты?», бо ведалі, што гэта Пан.
Прыходзіць тады Ісус, і бярэ хлеб, і дае ім; таксама і рыбу.
Езус падышоў, узяў хлеб і падаў ім, і таксама рыбу.
Гэта ўжо трэці раз зьявіўся Ісус вучням Сваім пасьля ўваскрасеньня з мёртвых.
Гэта ўжо трэці раз з’явіўся Езус вучням пасля свайго ўваскрасення.
Калі ж яны абедалі, Ісус кажа Сымону Пятру: «Сымон Ёнін, ці любіш ты Мяне больш, чым гэтыя?» Той кажа Яму: «Так, Госпадзе! Ты ведаеш, што я сябрую з Табою». Ён кажа яму: «Даглядай ягнятак Маіх».
Калі ж яны паснедалі, Езус кажа Сымону Пятру: «Сымоне, сын Яна, ці любіш ты Мяне больш, чым яны?» Той адказаў Яму: «Так, Пане, Ты ведаеш, што я люблю Цябе». Езус кажа яму: «Пасі ягнят Маіх».
Зноў кажа яму другі раз: «Сымон Ёнін, ці любіш ты Мяне?» Той кажа Яму: «Так, Госпадзе! Ты ведаеш, што я сябрую з Табою». Ён кажа яму: «Пасьві авечак Маіх».
Зноў кажа яму другі раз: «Сымоне, сын Яна, ці любіш ты Мяне?» Ён адказаў: «Так, Пане, Ты ведаеш, што я люблю Цябе». Езус кажа яму: «Пасі авечак Маіх».
Кажа яму трэці раз: «Сымон Ёнін, ці сябруеш ты са Мною?» Засмуціўся Пётар, што трэці раз спытаўся ў яго: «Ці сябруеш ты са Мною?», і сказаў Яму: «Госпадзе! Ты ўсё ведаеш, Ты ведаеш, што я сябрую з Табою!» Кажа яму Ісус: «Даглядай авечак Маіх.
І сказаў яму трэці раз: «Сымоне, сын Яна, ці любіш ты Мяне?» Пётр засмуціўся, што трэці раз спытаўся ў яго: «Ці любіш ты Мяне?», і сказаў: «Пане, Ты ўсё ведаеш, Ты ведаеш, што я люблю Цябе». Езус кажа яму: «Пасі авечак Маіх.
Сапраўды, сапраўды кажу табе: калі ты быў малады, дык падпаясваўся сам і хадзіў, куды хацеў; а як састарэеш, выцягнеш рукі твае, і другі цябе падпаяша і павядзе, куды ня хочаш».
Сапраўды, сапраўды кажу табе: калі ты быў маладзейшы, то падпяразваўся сам і хадзіў, куды хацеў. Калі ж састарэеш, то выцягнеш рукі свае і іншы падпяража цябе і павядзе, куды не хочаш».
А гэта Ён сказаў, даючы знак, якою сьмерцю той праславіць Бога. І, сказаўшы гэтае, кажа яму: «Ідзі за Мною».
А гаварыў так, каб зазначыць, якой смерцю той уславіць Бога. І пасля гэтых слоў, кажа яму: «Ідзі за Мной».
Павярнуўшыся, Пётар бачыць, што ідзе за ім вучань, якога любіў Ісус і які на вячэры ўзьлёг ля грудзей Ягоных, і сказаў: «Госпадзе! Хто той, які выдасьць Цябе?»
Пётр азірнуўся і ўбачыў, што за ім ідзе ўмілаваны вучань Езуса, які на вячэры спачываў на Яго грудзях і пытаўся: «Пане, хто выдасць Цябе?»
Убачыўшы яго, Пётар кажа Ісусу: «Госпадзе! А ён што?»
Калі Пётр убачыў яго, сказаў Езусу: «Пане, а што з ім?»
Кажа яму Ісус: «Калі Я хачу, каб ён застаўся, пакуль прыйду, што табе? Ты ідзі за Мною!»
Езус адказаў яму: «Калі Я хачу, каб ён заставаўся, пакуль Я прыйду, што табе да таго? Ты ідзі за Мною».
Тады прайшло слова гэтае між братоў, што вучань той не памрэ. Але Ісус не сказаў яму, што ён не памрэ, але: «Калі Я хачу, каб ён застаўся, пакуль прыйду, што табе?»
І разышлося гэтае слова паміж братоў, што вучань той не памрэ. Але не сказаў яму Езус, што не памрэ, але: «Калі Я хачу, каб ён заставаўся, пакуль Я прыйду, то што табе да таго?»
Гэты вучань і сьведчыць пра гэтае, і напісаў гэта. І мы ведаем, што праўдзівае сьведчаньне ягонае.
Той вучань сведчыць пра гэта і напісаў гэта. І ведаем, што сведчанне ягонае праўдзівае.
Ёсьць таксама шмат іншага, што ўчыніў Ісус, але, каб напісаць гэта асобна, дык, я мяркую, і самому сьвету не зьмясьціць напісаных кнігаў. Амэн.
Ёсць і шмат іншага, што ўчыніў Езус. Але, калі апісаць гэта падрабязна, то, думаю, сам свет не змясціў бы напісаных кніг.