Яна 10 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
Сапраўды, сапраўды кажу вам: хто не дзьвярыма ўваходзіць у авечы двор, але ўлазіць іначай, той злодзей і разбойнік.
Сапраўды, сапраўды кажу вам: хто ўваходзіць не праз браму на авечы двор, але прабіраецца інакш, той злодзей і злачынец.
А хто ўваходзіць дзьвярыма, той — пастыр авечак.
А хто ўваходзіць праз браму, той пастыр авечак.
Яму прыдзьвернік адчыняе, і авечкі слухаюць голас ягоны, і ён кліча сваіх авечак па імёнах, і выводзіць іх.
Брамнік яму адчыняе, і авечкі слухаюцца голасу ягонага; кліча сваіх авечак па імені і выводзіць іх.
І калі выведзе сваіх авечак, ідзе перад імі, і авечкі ідуць за ім, бо ведаюць голас ягоны.
А калі ўсіх выведзе, ідзе перад імі, і авечкі ідуць за ім, бо ведаюць ягоны голас.
За чужым жа ня пойдуць, але ўцякуць ад яго, бо ня ведаюць чужога голасу».
За чужым не ідуць, але ўцякаюць ад яго, бо не ведаюць голасу чужых».
Гэтую прыказку сказаў ім Ісус, але яны не зразумелі, што такое Ён гаварыў ім.
Такую прыпавесць сказаў ім Езус, але яны не зразумелі, што Ён казаў ім.
Тады ізноў сказаў ім Ісус: «Сапраўды, сапраўды кажу вам, што Я — дзьверы авечак.
Тады Езус зноў сказаў: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: Я — брама для авечак.
Усе, якія прыходзілі раней за Мяне, — злодзеі і разбойнікі, але авечкі не паслухаліся іх.
Усе, колькі іх прыходзіла перада Мною, — гэта злодзеі і злачынцы, і авечкі не паслухалі іх.
Я — дзьверы. Хто ўвойдзе праз Мяне, збаўлены будзе, і ўвойдзе, і выйдзе, і пашу знойдзе.
Я — брама. Калі хто ўвойдзе праз Мяне, будзе збаўлены, і ўвойдзе, і выйдзе, і знойдзе пашу.
Злодзей прыходзіць, каб толькі ўкрасьці, забіць і загубіць. Я прыйшоў, каб вы мелі жыцьцё і мелі ўдосталь.
Злодзей прыходзіць дзеля таго, каб красці, забіваць і нішчыць. Я прыйшоў, каб вы мелі жыццё і мелі ў дастатку.
Я — Пастыр добры. Добры пастыр аддае душу сваю за авечак,
Я — добры пастыр. Добры пастыр аддае жыццё сваё за авечак.
а найміт, які ня пастыр, для якога авечкі не свае, бачыць, што прыходзіць воўк, і пакідае авечак, і ўцякае, і воўк хапае іх, і разганяе авечак.
Найміт і не пастыр, якому не належаць авечкі, калі бачыць, што прыходзіць воўк, кідае авечак і ўцякае, а воўк хапае і разганяе іх.
Найміт жа ўцякае, бо ён найміт і ня рупіцца пра авечак.
Уцякае, бо ён найміт і не клапоціцца пра авечак.
Я — Пастыр добры і ведаю, хто Мае, і Мае ведаюць Мяне.
Я — добры пастыр і ведаю сваіх, а Мае ведаюць Мяне,
Як Айцец ведае Мяне, і Я ведаю Айца, і душу Маю аддаю за авечак.
як Мяне ведае Айцец і Я ведаю Айца. Я жыццё сваё аддаю за авечак.
Маю Я і іншых авечак, якія ня з гэтага двара, і іх Я мушу прывесьці. І яны пачуюць голас Мой, і станецца адзін статак і адзін Пастыр.
Ёсць у Мяне таксама іншыя авечкі, якія не з гэтага двара. І гэтых Мне трэба прывесці, і яны будуць слухаць голас Мой, і будзе адзін статак і адзін пастыр.
За тое любіць Мяне Айцец, што Я аддаю душу Маю, каб ізноў узяць яе.
За тое любіць Мяне Айцец, што Я аддаю жыццё сваё, каб узяць яго зноў.
Ніхто не забірае яе ў Мяне, але Я Сам аддаю яе. Маю ўладу аддаць яе і маю ўладу ізноў узяць яе. Гэтае прыказаньне атрымаў Я ад Айца Майго».
Ніхто не адбірае яго ў Мяне, але Я сам аддаю яго. Я маю ўладу яго аддаць і маю ўладу зноў узяць яго. Такую запаведзь Я атрымаў ад Айца Майго».
Тады ізноў стаўся падзел між Юдэямі дзеля гэтых словаў.
Праз гэтыя словы сярод юдэяў зноў адбыўся падзел.
Многія з іх казалі: «Ён мае дэмана і вар’яцее; што вы слухаеце Яго?»
Многія з іх казалі: «Ён апанаваны злым духам і вар’яцее! Нашто Яго слухаеце?»
Другія казалі: «Гэта словы не апанаванага дэманам. Ці ж можа дэман адчыняць вочы сьляпым?»
Іншыя казалі: «Гэта не словы апанаванага злым духам! Хіба можа злы дух адкрываць вочы сляпым?»
І сталася ў Ерусаліме сьвята Абнаўленьня, і была зіма.
Настала тады ў Ерузалеме свята Пасвячэння святыні. Была зіма,
І хадзіў Ісус у сьвятыні ў прысенку Салямонавым.
і Езус хадзіў у святыні па портыку Саламона.
Тады абступілі Яго Юдэі і сказалі Яму: «Дакуль будзеш трымаць душу нашу? Калі Ты — Хрыстос, скажы нам адкрыта».
Абступілі Яго юдэі і казалі Яму: «Дакуль будзеш трымаць нас у няпэўнасці? Калі Ты Месія, скажы нам адкрыта!»
Адказаў ім Ісус: «Я казаў вам, і ня верыце; справы, якія Я раблю ў імя Айца Майго, яны сьведчаць пра Мяне.
Езус адказаў ім: «Я сказаў вам, і вы не верыце. Справы, якія Я чыню ў імя Айца Майго, сведчаць пра Мяне.
Але вы ня верыце, бо вы не з Маіх авечак, як Я сказаў вам.
Але вы не верыце, бо вы не з Маіх авечак.
Авечкі Мае слухаюць голас Мой, і Я ведаю іх, і яны ідуць за Мною.
Авечкі Мае слухаюць голас Мой, і Я ведаю іх, і яны ідуць за Мною.
І Я даю ім жыцьцё вечнае, і не загінуць на вякі, і ніхто ня выхапіць іх з рукі Маёй.
Я даю ім вечнае жыццё навекі, і яны не загінуць ніколі, ніхто не вырве іх з рукі Маёй.
Айцец Мой, Які даў Мне іх, большы за ўсіх, і ніхто ня можа выхапіць іх з рукі Айца Майго.
Айцец Мой, які даў Мне іх, большы за ўсіх. І ніхто не можа вырваць іх з рукі Айца.
Я і Айцец — адно».
Я і Айцец — адно».
Тады ізноў Юдэі ўзялі камяні, каб укаменаваць Яго.
Юдэі зноў узялі камяні, каб каменаваць Езуса.
Адказаў ім Ісус: «Шмат добрых учынкаў паказаў Я вам ад Айца Майго. За які з іх хочаце Мяне ўкаменаваць?»
Але Езус сказаў ім: «Шмат добрых учынкаў паказаў Я вам ад Айца. За які з гэтых учынкаў хочаце каменаваць Мяне?»
Юдэі адказалі Яму, кажучы: «Не за добры ўчынак хочам укаменаваць Цябе, але за блюзьнерства, і што Ты, будучы чалавекам, робіш Сябе Богам».
Юдэі адказалі Яму: «Не за добры ўчынак хочам каменаваць Цябе, а за блюзнерства і за тое, што Ты, будучы чалавекам, робіш сябе Богам».
Ісус адказаў ім: «Ці не напісана ў Законе вашым: “Я сказаў: 'Вы — богі'”?
Езус адказаў ім: «Ці не напісана ў Законе вашым: “Я сказаў: Вы багі”?
Калі Ён назваў багамі тых, да якіх было слова Божае, і ня можа быць парушана Пісаньне,
Калі тыя, да каго было скіравана слова Божае, названы багамі, а Пісання нельга адхіліць,
як Таму, Каго Айцец асьвяціў і паслаў у сьвет, вы кажаце: “Блюзьніш”, таму што сказаў: “Я — Сын Божы”?
то чаму ж вы гаворыце таму, каго Айцец асвяціў і паслаў у свет: “Блюзнерыш”, бо сказаў: “Я — Сын Божы?”
Калі Я не раблю ўчынкаў Айца Майго, ня верце Мне.
Калі Я не раблю справы Айца Майго, не верце Мне.
Калі ж раблю, а вы Мне ня верыце, дык верце ўчынкам Маім, каб спазналі і паверылі, што Айцец у-ва Мне, і Я ў Ім».
Аднак калі раблю, і не верыце Мне, паверце справам Маім, каб пазналі і ведалі, што Айцец ува Мне, а Я ў Ім».
Тады ізноў шукалі схапіць Яго, але Ён выйшаў з рук іхніх
Тады яны зноў намагаліся схапіць Яго, але Ён ухіліўся ад рукі іхняй.
і пайшоў ізноў за Ярдан, у тое месца, дзе раней хрысьціў Ян, і застаўся там.
І пайшоў зноў за Ярдан, на месца, дзе спачатку хрысціў Ян, і застаўся там.
І многія прыйшлі да Яго, і казалі, што Ян не ўчыніў ніводнага знаку, але ўсё, што сказаў Ян пра Яго, было праўдзівым.
Многія прыйшлі да Яго і казалі: «Ян не ўчыніў ніводнага знаку, але ўсё, што Ян казаў пра Яго, было праўдай».
І многія там паверылі ў Яго.
І шмат хто паверыў там у Яго.