Яна 10 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
«Запраўды, запраўды кажу вам: хто ня ўходзе перазь дзьверы да авечніка, але ўлазе іншай дарогаю, тый злодзей а глабаньнік;
Сапраўды, сапраўды кажу вам: хто ўваходзіць не праз браму на авечы двор, але прабіраецца інакш, той злодзей і злачынец.
А хто ўходзе перазь дзьверы, тый пастыр авец.
А хто ўваходзіць праз браму, той пастыр авечак.
Яму брамнік адчыняе, І авечкі голас ягоны чуюць, і ён гукае авечкі свае наймя, і выводзе іх.
Брамнік яму адчыняе, і авечкі слухаюцца голасу ягонага; кліча сваіх авечак па імені і выводзіць іх.
Як ён усі свае выпусьце, сьпераду іх ідзець, і авечкі за ім ідуць, бо знаюць голас ягоны.
А калі ўсіх выведзе, ідзе перад імі, і авечкі ідуць за ім, бо ведаюць ягоны голас.
А за чужыкам ніяк ня йдуць, але ўцякаюць ад яго, бо ня знаюць голасу ягонага».
За чужым не ідуць, але ўцякаюць ад яго, бо не ведаюць голасу чужых».
Гэта сказаў Ісус атумекамі ім, але яны ня ведалі, што гэта было, што ім мовіў.
Такую прыпавесць сказаў ім Езус, але яны не зразумелі, што Ён казаў ім.
Дык Ісус ізноў сказаў ім: «Запраўды, запраўды кажу вам: Я —дзьверы авечыя.
Тады Езус зноў сказаў: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: Я — брама для авечак.
Усі, колькі іх перад Імною прышло, злодзеі а глабаньнікі; але авечкі ня слухалі іх.
Усе, колькі іх прыходзіла перада Мною, — гэта злодзеі і злачынцы, і авечкі не паслухалі іх.
Я дзьверы: калі хто ўвыйдзе перазь Мяне, спасёны будзе, і ўвыйдзе, і выйдзе, і пасьцьбішча знойдзе.
Я — брама. Калі хто ўвойдзе праз Мяне, будзе збаўлены, і ўвойдзе, і выйдзе, і знойдзе пашу.
Злодзей прыходзе адно на тое, каб украсьці а забіць а загубіць. Я прышоў, каб жыцьцё мелі і ў збытку мелі.
Злодзей прыходзіць дзеля таго, каб красці, забіваць і нішчыць. Я прыйшоў, каб вы мелі жыццё і мелі ў дастатку.
Я — Пастыр добры. Пастыр добры жыцьцё свае аддаець за авечкі.
Я — добры пастыр. Добры пастыр аддае жыццё сваё за авечак.
А найміт, не пастыр, каму авечкі не свае, бача прыходзячага ваўка, і пакідае авечкі, і ўцякае; і воўк хапае іх, і разганяе авечкі;
Найміт і не пастыр, якому не належаць авечкі, калі бачыць, што прыходзіць воўк, кідае авечак і ўцякае, а воўк хапае і разганяе іх.
А найміт уцякае, бо ён найміт, і ня рупіцца праз авечкі.
Уцякае, бо ён найміт і не клапоціцца пра авечак.
Я — Пастыр добры і знаю сваіх, і знаюць Мяне Мае.
Я — добры пастыр і ведаю сваіх, а Мае ведаюць Мяне,
Як Айцец знае Мяне, і Я знаю Айца, і жыцьцё Свае аддаю за авечкі.
як Мяне ведае Айцец і Я ведаю Айца. Я жыццё сваё аддаю за авечак.
Ё ў Мяне й іншыя авечкі, што ня з гэтага авечніка, тых таксама належа Імне прывесьці: і голас Мой яны пачуюць, і будзе адна чарада і адзін пастыр.
Ёсць у Мяне таксама іншыя авечкі, якія не з гэтага двара. І гэтых Мне трэба прывесці, і яны будуць слухаць голас Мой, і будзе адзін статак і адзін пастыр.
Затым Мяне мілуе Айцец, што Я аддаю жыцьцё Свае, каб узяць яго ізноў.
За тое любіць Мяне Айцец, што Я аддаю жыццё сваё, каб узяць яго зноў.
Ніхто не бярэць яго ад Мяне, але Я Сам аддаю яго. Я маю ўладу аддаць яго і маю ўладу ўзяць яго ізноў. Я адзяржаў гэта расказаньне ад Айца Свайго».
Ніхто не адбірае яго ў Мяне, але Я сам аддаю яго. Я маю ўладу яго аддаць і маю ўладу зноў узяць яго. Такую запаведзь Я атрымаў ад Айца Майго».
Ізноў быў падзел у Юдэяў з прычыны гэтых слоў.
Праз гэтыя словы сярод юдэяў зноў адбыўся падзел.
Шмат хто зь іх казаў: «Ён мае нячысьціка й шалее; чаму вы слухаеце Яго?»
Многія з іх казалі: «Ён апанаваны злым духам і вар’яцее! Нашто Яго слухаеце?»
Іншыя казалі: «Гэтыя словы ня ёсьць апанаванага нячысьцікам; ці можа нячысьцік адчыняць нявісным вочы?»
Іншыя казалі: «Гэта не словы апанаванага злым духам! Хіба можа злы дух адкрываць вочы сляпым?»
Было сьвята пасьвячэньня ў Ерузаліме, і была зіма.
Настала тады ў Ерузалеме свята Пасвячэння святыні. Была зіма,
І хадзіў Ісус у сьвятыні на ґанку Салямонавым.
і Езус хадзіў у святыні па портыку Саламона.
Тады абступілі Яго Юдэі і казалі Яму: «Пакуль будзеш дзяржаць душу нашу ў няпэўнасьці? Калі Ты Хрыстос, скажы нам яўна».
Абступілі Яго юдэі і казалі Яму: «Дакуль будзеш трымаць нас у няпэўнасці? Калі Ты Месія, скажы нам адкрыта!»
Ісус адказаў ім: «Я сказаў вам, і вы ня верыце; справы, што Я чыню ў імя Айца Свайго, яны сьветчаць празь Мяне;
Езус адказаў ім: «Я сказаў вам, і вы не верыце. Справы, якія Я чыню ў імя Айца Майго, сведчаць пра Мяне.
Але вы ня верыце, бо вы не з авец Маіх.
Але вы не верыце, бо вы не з Маіх авечак.
Авечкі Мае голас Мой чуюць, і Я знаю іх, і яны йдуць за Імною.
Авечкі Мае слухаюць голас Мой, і Я ведаю іх, і яны ідуць за Мною.
І Я даю ім жыцьцё вечнае, і ніколі яны не загінуць, і ніхто ня ўхопе іх із рукі Мае.
Я даю ім вечнае жыццё навекі, і яны не загінуць ніколі, ніхто не вырве іх з рукі Маёй.
Айцец Мой, што даў іх Імне, вялікшы за ўсіх, і ніхто ня можа ўхапіць іх із рукі Айца Майго.
Айцец Мой, які даў Мне іх, большы за ўсіх. І ніхто не можа вырваць іх з рукі Айца.
Я й Айцец — адно».
Я і Айцец — адно».
Тады ізноў схапілі каменьне Юдэі, каб укаменаваць Яго.
Юдэі зноў узялі камяні, каб каменаваць Езуса.
Адказаў ім Ісус: «Шмат добрых справаў паказаў Я вам ад Айца Свайго; за каторыя з гэтых справаў камянуеце Мяне?»
Але Езус сказаў ім: «Шмат добрых учынкаў паказаў Я вам ад Айца. За які з гэтых учынкаў хочаце каменаваць Мяне?»
Адказалі Яму Юдэі, кажучы: «За добрую справу не камянуем Цябе, але за блявузґаньне а за тое, што, будучы чалавекам, чыніш Сябе Богам».
Юдэі адказалі Яму: «Не за добры ўчынак хочам каменаваць Цябе, а за блюзнерства і за тое, што Ты, будучы чалавекам, робіш сябе Богам».
Адказаў ім Ісус: «Ці не напісана ў Праве вашым: "Я сказаў: вы багове"?
Езус адказаў ім: «Ці не напісана ў Законе вашым: “Я сказаў: Вы багі”?
Калі назваў тых багамі, да каторых слова Божае прышло, — а Пісьмо ня можа быць узрушана, —
Калі тыя, да каго было скіравана слова Божае, названы багамі, а Пісання нельга адхіліць,
Вы таму, Каторага Айцец усьвяціў і паслаў на сьвет, кажаце: "Ты блявузґаеш", што сказаў Я: "Я Сын Божы"?
то чаму ж вы гаворыце таму, каго Айцец асвяціў і паслаў у свет: “Блюзнерыш”, бо сказаў: “Я — Сын Божы?”
Калі Я ня чыню справаў Айца Свайго, ня верце Імне.
Калі Я не раблю справы Айца Майго, не верце Мне.
Але калі Я чыню, то нават, калі ня верыце Імне, паверце справам, каб ведалі й паверылі, што Айцец ёсьць у Імне, а Я ў Ім».
Аднак калі раблю, і не верыце Мне, паверце справам Маім, каб пазналі і ведалі, што Айцец ува Мне, а Я ў Ім».
Тады ізноў шукалі няць Яго, але Ён адхінуўся ад рукі іхнае.
Тады яны зноў намагаліся схапіць Яго, але Ён ухіліўся ад рукі іхняй.
І пайшоў ізноў за Ёрдан на месца, ідзе Яан спачатку хрысьціў, і застаўся там.
І пайшоў зноў за Ярдан, на месца, дзе спачатку хрысціў Ян, і застаўся там.
І шмат прышло да Яго, і гукалі, што Яан ня ўчыніў ніякага знаку, але ўсе, што Яан сказаў празь Яго, было праўдзівае.
Многія прыйшлі да Яго і казалі: «Ян не ўчыніў ніводнага знаку, але ўсё, што Ян казаў пра Яго, было праўдай».
І шмат хто ўверыў у Яго там.
І шмат хто паверыў там у Яго.