2 да Цімафея 1 разьдзел
Другое пасланьне да Цімафея
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
Паўла, з волі Божае апостал Ісуса Хрыста, подле абятніцы жыцця ў Хрысту Ісусу,
Павел, з волі Божай апостал Езуса Хрыста, згодна з абяцаннем жыцця ў Хрысце Езусе —
Цімоху, любоваму дзяцяці: ласка, міласэрдзе, супакой ад Бога Айца а Хрыста Ісуса, Спадара нашага.
Цімафею, умілаванаму сыну: ласка, міласэрнасць, спакой ад Бога Айца і Езуса Хрыста, Пана нашага.
Дзякую Богу, Катораму служу ад прабацькоў з чыстым сумленьням, як штачасна ўспамінаю цябе ў маленьнях сваіх ноч і дзень,
Калі я няспынна ўспамінаю пра цябе ў сваіх малітвах ноччу і днём, я ўдзячны Богу, якому на ўзор продкаў служу з чыстым сумленнем.
Жадаю бачыць цябе, успамінаючы сьлёзы твае, каб імне напоўніцца радасьцяй,
Узгадваючы пра твае слёзы, я прагну ўбачыць цябе, каб напоўніцца радасцю.
Успамінаючы шчырую веру тваю, што была ўперад у бабулі тваёй Лоідзе і ў матцы тваёй Еўніццы, і я пераканаўшыся, што і ў табе.
Калі ўспамінаю пра тваю некрывадушную веру, якая спярша жыла ў тваёй бабулі Лаідзе і тваёй маці Эўніцы, я перакананы, што яна жыве таксама ў табе.
З гэтае прычыны дамяняю табе разьдзьмухаваць поламя дару Божага, каторы ў табе пераз узлажэньне рук маіх;
З гэтай прычыны нагадваю табе, каб ты распальваў дар Божы, які ёсць у табе праз ускладанне маіх рук.
Бо даў нам Бог духа ня боязьні, але магутнасьці а міласьці а самавалоданьня.
Таму што Бог даў нам не духа боязі, але сілы, любові і разважнасці.
Дык не саромся сьветчаньня Спадара нашага ані мяне, вязьня Ягонага; але цярпі з Дабравесьцяй подле магутнасьці Божае,
Дык не саромейся сведчання нашага Пана, ні мяне, вязня Ягонага, але далучыся да цярпенняў дзеля Евангелля паводле моцы Бога,
Каторы спас нас і пагукаў нас сьвятым пагуканьням ня подле ўчынкаў нашых, але подле собскага замеру Свайго і ласкі, данае нам у Хрысту Ісусу перад вечнымі часамі,
які ўратаваў нас і паклікаў святым пакліканнем не за нашыя ўчынкі, але паводле ўласнай пастановы і ласкі, дадзенай нам у Хрысце Езусе перад вечнымі часамі
А выяўленае цяпер зьяўленьням Спаса нашага Ісуса Хрыста, Каторы памярцьвіў сьмерць і вынес на сьвятліню жыцьцё і нераскладальнасьць пераз Евангелю,
і адкрытай цяпер праз аб’яўленне Збаўцы нашага, Езуса Хрыста, які знішчыў смерць і асвятліў жыццё і несмяротнасць Евангеллем,
Да каторае я прызначаны за агалашэньніка а апостала а вучыцеля народаў.
дзеля якога я пастаўлены прапаведнікам, апосталам і настаўнікам.
Згэтае прычыны я й цярплю гэта; але не саромлюся. Бо я ведаю, у каго я ўверыў, і я пераканаўшыся, што Ён дуж захаваць задатак мой аж да тога дня.
З гэтай прычыны я і цярплю гэта, але не саромеюся, бо ведаю, у каго паверыў, і перакананы, што Ён мае моц захаваць дэпазіт веры на той дзень.
Моцна дзяржыся зразы здаровых слоў, што ты чуў ад мяне ў веры а міласьці, каторыя ў Хрысту Ісусу.
Трымайся прыкладу здаровага вучэння, якое ты чуў ад мяне ў любові і веры, што ў Хрысце Езусе.
Сьцеражы добры задатак, давераны Духам Сьвятым, Каторы жыхара ў нас.
Захавай гэты прыгожы дэпазіт дзякуючы Духу Святому, які жыве ў нас.
Ты ведаеш, што адвярнуліся ад мяне ўсі аскія, з каторых Фіґель а Гэрмаґен.
Ці ведаеш, што ўсе з Азіі, сярод якіх Фігел і Гермаген, адвярнуліся ад мяне?
Няхай Спадар зьмілуецца над домам Анісіфаровым, бо ён часта чырсьцьвіў мяне і не сароміўся зялезаў маіх,
Хай будзе міласэрным Пан да дому Анэсіфора, бо ён часта падтрымліваў мяне і не саромеўся маіх кайданаў,
Але, прыбыўшы да Рыму, рупна шукаў мяне і знайшоў.
але, прыбыўшы ў Рым, старанна шукаў мяне і знайшоў.
Хай дасьць яму Спадар знайсьці міласэрдзе ў Спадара таго дня; а колькі ён служыў у Ефесе, ты вельма добра ведаеш.
Няхай Пан будзе міласэрным да яго ў гэты дзень. А колькі ён служыў мне ў Эфесе, ты лепей ведаеш.