2 да Цімафея 1 разьдзел
Другое пасланьне да Цімафея
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
Павал, з волі Божай Апостал Езуса Хрыстуса, водле абяцаньня жыцьця ў Хрыстусе Езусе —
Павел, з волі Божай апостал Езуса Хрыста, згодна з абяцаннем жыцця ў Хрысце Езусе —
Тыматэю, найдаражэйшаму сыну: ласка, міласэрдзе й спакой ад Бога Айца і Хрыстуса Езуса, Усеспадара нашага.
Цімафею, умілаванаму сыну: ласка, міласэрнасць, спакой ад Бога Айца і Езуса Хрыста, Пана нашага.
Дзякую Богу, якому служу ад прабацькоў з чыстым сумленьнем, што няўпынна спамінаю цябе ў маіх малітвах ноччу й днём,
Калі я няспынна ўспамінаю пра цябе ў сваіх малітвах ноччу і днём, я ўдзячны Богу, якому на ўзор продкаў служу з чыстым сумленнем.
жадаючыўбачыць цябе, помнячы твае сьлёзы, каб нацешыцца поўнарадасна,
Узгадваючы пра твае слёзы, я прагну ўбачыць цябе, каб напоўніцца радасцю.
маючы ў памяці шчырую веру тваю, катора найперш ясьнела ў бабцы тваёй Лёідзе і матцы тваёй Эўніцэ ды, напэўна, жыве і ў табе.
Калі ўспамінаю пра тваю некрывадушную веру, якая спярша жыла ў тваёй бабулі Лаідзе і тваёй маці Эўніцы, я перакананы, што яна жыве таксама ў табе.
Дзеля гэтага прыпамінаю табе, каб ажыўляў ласку Божу, даную табе праз узлажэньне рук маіх,
З гэтай прычыны нагадваю табе, каб ты распальваў дар Божы, які ёсць у табе праз ускладанне маіх рук.
Бог бо даў нам ня духа боязі, але магаты, любасьці й цьвярозасьці.
Таму што Бог даў нам не духа боязі, але сілы, любові і разважнасці.
Не саромейся вось-жа сьветчаньня Ўсеспадара нашага, ані мяне, вязьня ягонага, а супрацуй зы мною для Эванэліі, падтрымваны моцай Бога,
Дык не саромейся сведчання нашага Пана, ні мяне, вязня Ягонага, але далучыся да цярпенняў дзеля Евангелля паводле моцы Бога,
што выбавіў нас і паклікаў сьвятым поклікам ня дзеля ўчынкаў нашых, але водле свае пастановы ды ласкі, дадзенай нам у Хрыстусе Езусе спрадвечна,
які ўратаваў нас і паклікаў святым пакліканнем не за нашыя ўчынкі, але паводле ўласнай пастановы і ласкі, дадзенай нам у Хрысце Езусе перад вечнымі часамі
ацяперадкрытае празь зьяўленьне Збавіцеля нашага Езуса Хрыстуса, зьнікчоміўшага сьмерць, а ўяўніўшага жыцьцё й несьмяротнасьць праз Эванэлію,
і адкрытай цяпер праз аб’яўленне Збаўцы нашага, Езуса Хрыста, які знішчыў смерць і асвятліў жыццё і несмяротнасць Евангеллем,
для якое пастаўлены я прапаведнікам, Апосталам, ды вучыцелям паганаў.
дзеля якога я пастаўлены прапаведнікам, апосталам і настаўнікам.
Ад таго-ж я і цярплю гэтак: але не саромлюся, ведаю бо каму ўверыў і чуюся пэўным, што ён мае магату дахаваць скарб мой аж да гэнага дня.
З гэтай прычыны я і цярплю гэта, але не саромеюся, бо ведаю, у каго паверыў, і перакананы, што Ён мае моц захаваць дэпазіт веры на той дзень.
Трымайся прыкладу здаровага навучаньня, якое чуў ты ад мяне, зь вераю і любасьцю ў Хрыстусе Езусе.
Трымайся прыкладу здаровага вучэння, якое ты чуў ад мяне ў любові і веры, што ў Хрысце Езусе.
Сьцеражы павераны табе добры скарб у Духу Сьвятым, што жыве ў нас.
Захавай гэты прыгожы дэпазіт дзякуючы Духу Святому, які жыве ў нас.
Ведаеш ты тое, што ўсе з Азіі, а сярод іх Фігэль і Гэрмагэн, адвярнуліся ад мяне.
Ці ведаеш, што ўсе з Азіі, сярод якіх Фігел і Гермаген, адвярнуліся ад мяне?
Хай Госпад будзе міласьцівы для дому Анічыпара, ён так часта прыймаў мяне, не стыдаючыся путаў маіх.
Хай будзе міласэрным Пан да дому Анэсіфора, бо ён часта падтрымліваў мяне і не саромеўся маіх кайданаў,
А як быў у Рыме, зь вялікай рупнасьцяй шукаў мяне ды і знайшоў.
але, прыбыўшы ў Рым, старанна шукаў мяне і знайшоў.
Хай-жа Бог дасьць яму знайсьці міласэрдзе ў дзень Госпадавы. А колькі ўслугаў ён аддаў мне ў Эфэзе, ты лепей ведаеш.
Няхай Пан будзе міласэрным да яго ў гэты дзень. А колькі ён служыў мне ў Эфесе, ты лепей ведаеш.