2 да Фесаланікійцаў 1 разьдзел
Другое пасланьне да Фесаланікійцаў
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
Павал і Сільван і Тыматэй — эклезіі Тэссалёнцаў у Богу Айцу нашым і Усеспадару Езусе Хрыстусе:
Павел, Сілуан і Цімафей да Касцёла тэсаланікійцаў у Богу, Айцу нашым, і Пану Езусе Хрысце:
Ласка вам і спакой ад Бога Айца нашага і Усеспадара Езуса Хрыстуса.
ласка вам і спакой ад Бога Айца нашага і Пана Езуса Хрыста.
Мы павінны заўсёды дзякаваць Богу за вас, браты, як дастоіцца, вера бо вашая вельмі множыцца, а ўзаемалюбасьць у кажным з вас магутнее.
Мы павінны заўсёды дзякаваць Богу за вас, браты, і гэта слушна, таму што ўзрастае вера вашая і павялічваецца любоў кожнага з усіх вас адзін да аднаго.
Так што мы самі ганаруемся вамі ў Божых эклезіях цярплівасьцю вашай ды вернасьцю ў ва ўсіх прасьледах і прыгнобах, якіе зносіце
Таму мы самі ганарымся вамі сярод Касцёлаў Божых з прычыны вытрываласці вашай і веры ва ўсіх ганеннях вашых і ўціску, якія вы зносіце.
ў знак таго, што будзе справядлівы суд Божы, каб удастоіць вас Божага валадарства, за якое і церпіце.
Гэта доказ справядлівага Божага суда, каб вы аказаліся вартымі Божага Валадарства, дзеля якога і церпіце.
Ціж ня ёсьць справядліва ў Бога, каб аддаць прыгнобу тым, што вас гныбяць,
Бог справядліва адплаціць уціскам тым, хто вас уціскаў.
а вам сумуючым даць патолю разам з намі ў зьяве з неба Усеспадара Езуса з Анёламі свайго магуцтва,
І вам, якія церпіце ўціск, а таксама нам дасць адпачыць падчас аб’яўлення з нябёсаў Пана Езуса разам з анёламі моцы Ягонай.
ў агні палымеючым даючы адплату непазнаўшым Бога й непакарыўшымся Эванэліі Усеспадара нашага Езуса Хрыстуса;
Полымем агню Ён пакарае тых, хто не пазнаў Бога і не слухаецца Евангелля Пана нашага Езуса.
Яны падданы будуць кары загубы вечнае аддалення ад аблічча Госпада й славы магуцтва ягонага,
Яны будуць пакараныя вечнай пагібеллю і не змогуць убачыць аблічча Пана і хвалы моцы Ягонай,
як прыйдзе ўславіцца ў сьвятых сваіх ды быць падзіўляным у дзень гэны ўсімі ўверыўшымі, бо вы-ж паверылі нашаму сьветчанню.
калі Ён прыйдзе ў той дзень праславіцца ў сваіх святых ды здзівіць усіх, хто паверыў. Вы ж прынялі з вераю нашае сведчанне.
Таму заўсёды й молімся за вас, каб Бог наш удастоіў вас сваім пакліканнем і дапоўніў усякае дабражаданне ды дзела веры ў сіле:
Мы заўсёды молімся за вас, каб наш Бог прызнаў вас годнымі паклікання і з моцаю здзейсніў усялякі добры намер і справу веры,
каб уславілася ў вас імя Усеспадара нашага Езуса Хрыстуса, а вы ў Ім водле ласкі Госпада нашага Езуса Хрыстуса.
каб праславілася імя Пана нашага Езуса ў вас, а вы — у Ім, паводле ласкі Бога нашага і Пана Езуса Хрыста.