2 да Фесаланікійцаў 1 разьдзел

Другое пасланьне да Фесаланікійцаў
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

 
 

Павал і Сілуан, і Цімахвей — царкве тэссалонцаў у Богу Бацьку нашым і Госпадзе Ісусе Хрысьце:
 
Павел, Сілуан і Цімафей да Касцёла тэсаланікійцаў у Богу, Айцу нашым, і Пану Езусе Хрысце:

Багадаць вам і мір ад Бога Бацькі нашага і Госпада Ісуса Хрыста.
 
ласка вам і спакой ад Бога Айца нашага і Пана Езуса Хрыста.

Мы заўсёды павінны дзякаваць Богу за вас, браты, чаму вы і адпавядаеце, бо надзвычайна ўзрастае вера вашая, і памнажаецца любоў кожнага з усіх вас аднаго да аднаго,
 
Мы павінны заўсёды дзякаваць Богу за вас, браты, і гэта слушна, таму што ўзрастае вера вашая і павялічваецца любоў кожнага з усіх вас адзін да аднаго.

так што мы самі хвалімся вамі ў цэрквах Бога з прычыны вашай цярплівасьці і веры ва ўсіх ганеньнях вашых і нягодах, якія вы пераносіце:
 
Таму мы самі ганарымся вамі сярод Касцёлаў Божых з прычыны вытрываласці вашай і веры ва ўсіх ганеннях вашых і ўціску, якія вы зносіце.

(што служыць) доказам праведнасьці суда Бога, каб вам быць годнымі валадарства Бога, дзеля якога і паку́туеце,
 
Гэта доказ справядлівага Божага суда, каб вы аказаліся вартымі Божага Валадарства, дзеля якога і церпіце.

таму што перад Богам ёсьць праведна аддаць цяжкасьцям пакараньня тых, што чыняць вам пакуты,
 
Бог справядліва адплаціць уціскам тым, хто вас уціскаў.

а вам, (цяпер) прыгне́чаным, даць патолю разам з намі ў зьяўленьні Госпада Ісуса зь Неба з Ангеламі сілы Ягонай,
 
І вам, якія церпіце ўціск, а таксама нам дасць адпачыць падчас аб’яўлення з нябёсаў Пана Езуса разам з анёламі моцы Ягонай.

Які ў палымяным агні аддае помсту тым, якія ня шануюць Бога і ня ўпакорваюцца Эвангельлю Госпада нашага Ісуса Хрыста,
 
Полымем агню Ён пакарае тых, хто не пазнаў Бога і не слухаецца Евангелля Пана нашага Езуса.

якія прымуць кару — пагібель вечную ад аблічча Госпада і ад славы магутнасьці Ягонай,
 
Яны будуць пакараныя вечнай пагібеллю і не змогуць убачыць аблічча Пана і хвалы моцы Ягонай,

калі Ён прыйдзе ў Дзень Той, каб праславіцца ў сьвятых Сваіх і стацца дзівосным ва ўсіх верніках (і ў вас), таму што вы паверылі сьведчаньню нашаму для вас.
 
калі Ён прыйдзе ў той дзень праславіцца ў сваіх святых ды здзівіць усіх, хто паверыў. Вы ж прынялі з вераю нашае сведчанне.

Дзеля гэтага і молімся заўсёды за вас, каб Бог наш зрабіў вас вартымі прыкліка́ньня і ўчыніў усякую дабразычлівасьць дабрыні і ўчынкі веры ў сіле,
 
Мы заўсёды молімся за вас, каб наш Бог прызнаў вас годнымі паклікання і з моцаю здзейсніў усялякі добры намер і справу веры,

каб было ўслаўлена Імя Госпада нашага Ісуса Хрыста ў вас, і вы ў Ім, дзеля Багадаці Бога нашага і Госпада Ісуса Хрыста.
 
каб праславілася імя Пана нашага Езуса ў вас, а вы — у Ім, паводле ласкі Бога нашага і Пана Езуса Хрыста.