Яна 10 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Анатоля Клышкi
«Запраўды, запраўды кажу вам: хто ня ўходзе перазь дзьверы да авечніка, але ўлазе іншай дарогаю, тый злодзей а глабаньнік;
Сапраўды, сапраўды кажу вам: Хто не праз дзверы ўваходзіць у авечы двор, а пералазіць дзе-небудзь, — той злодзей і разбойнік;
А хто ўходзе перазь дзьверы, тый пастыр авец.
хто ўваходзіць праз дзверы, той пастыр авечак.
Яму брамнік адчыняе, І авечкі голас ягоны чуюць, і ён гукае авечкі свае наймя, і выводзе іх.
Яму брамнік адчыняе, і авечкі чуюць яго голас, і ён кліча па імю сваіх авечак і выводзіць іх.
Як ён усі свае выпусьце, сьпераду іх ідзець, і авечкі за ім ідуць, бо знаюць голас ягоны.
Калі ён выпусціць усіх сваіх [авечак], ідзе перад імі, і авечкі ідуць услед за ім, бо ведаюць голас яго;
А за чужыкам ніяк ня йдуць, але ўцякаюць ад яго, бо ня знаюць голасу ягонага».
за чужым жа ўслед не пойдуць, а ўцякуць ад яго, бо не ведаюць голасу чужых.
Гэта сказаў Ісус атумекамі ім, але яны ня ведалі, што гэта было, што ім мовіў.
Гэтую прыпавесць сказаў ім Ісус, але тыя не зразумелі значэння таго, што Ён ім казаў.
Дык Ісус ізноў сказаў ім: «Запраўды, запраўды кажу вам: Я —дзьверы авечыя.
Тады Ісус зноў сказаў ім: Сапраўды, сапраўды кажу вам: Я — дзверы авечкам.
Усі, колькі іх перад Імною прышло, злодзеі а глабаньнікі; але авечкі ня слухалі іх.
Усе, колькі іх ні прыходзіла [перада Мною], зладзеі і разбойнікі, ды авечкі не паслухалі іх.
Я дзьверы: калі хто ўвыйдзе перазь Мяне, спасёны будзе, і ўвыйдзе, і выйдзе, і пасьцьбішча знойдзе.
Я — дзверы: калі хто праз Мяне ўвойдзе, будзе ўратаваны, і ўвойдзе, і выйдзе, і пашу знойдзе.
Злодзей прыходзе адно на тое, каб украсьці а забіць а загубіць. Я прышоў, каб жыцьцё мелі і ў збытку мелі.
Злодзей прыходзіць толькі, каб украсці, забіць і знішчыць. Я прыйшоў, каб мелі жыццё і паддастаткам мелі.
Я — Пастыр добры. Пастыр добры жыцьцё свае аддаець за авечкі.
Я — добры пастыр. Добры пастыр сваё жыццё аддае за авечак;
А найміт, не пастыр, каму авечкі не свае, бача прыходзячага ваўка, і пакідае авечкі, і ўцякае; і воўк хапае іх, і разганяе авечкі;
найміт [жа] — не пастыр, той, каму авечкі не свае, бачыць, як прыходзіць воўк, і пакідае авечак і ўцякае, і воўк хапае іх і разганяе [авечак],
А найміт уцякае, бо ён найміт, і ня рупіцца праз авечкі.
[а найміт уцякае], бо ён найміт, і яму не рупіць пра авечак.
Я — Пастыр добры і знаю сваіх, і знаюць Мяне Мае.
Я — добры пастыр і ведаю Маіх, і Мае ведаюць Мяне,
Як Айцец знае Мяне, і Я знаю Айца, і жыцьцё Свае аддаю за авечкі.
як ведае Мяне Бацька, так і Я ведаю Бацьку, і Маё жыццё аддаю за авечак.
Ё ў Мяне й іншыя авечкі, што ня з гэтага авечніка, тых таксама належа Імне прывесьці: і голас Мой яны пачуюць, і будзе адна чарада і адзін пастыр.
І іншых авечак Я маю, якія не з гэтага двара; і тых Мне трэба прывесці, і яны пачуюць Мой голас, і будзе адна чарада, адзін Пастыр.
Затым Мяне мілуе Айцец, што Я аддаю жыцьцё Свае, каб узяць яго ізноў.
За гэта любіць Мяне Бацька, што Я аддаю Маё жыццё, каб зноў прыняць яго.
Ніхто не бярэць яго ад Мяне, але Я Сам аддаю яго. Я маю ўладу аддаць яго і маю ўладу ўзяць яго ізноў. Я адзяржаў гэта расказаньне ад Айца Свайго».
Ніхто не забірае яго ў Мяне, а Я аддаю яго Сам. Маю ўладу аддаць яго і маю ўладу зноў прыняць яго; гэтую запаведзь Я атрымаў ад Майго Бацькі.
Ізноў быў падзел у Юдэяў з прычыны гэтых слоў.
Зноў адбыўся разлад між іудзеямі з-за гэтых слоў.
Шмат хто зь іх казаў: «Ён мае нячысьціка й шалее; чаму вы слухаеце Яго?»
І шмат хто з іх казаў: У ім дэман, і Ён шалее; што вы Яго слухаеце?
Іншыя казалі: «Гэтыя словы ня ёсьць апанаванага нячысьцікам; ці можа нячысьцік адчыняць нявісным вочы?»
Іншыя казалі: Гэта не словы апантанага дэманам; хіба можа дэман адкрываць сляпым вочы?
Было сьвята пасьвячэньня ў Ерузаліме, і была зіма.
Настала тады ў Іерусаліме свята Аднаўлення; была зіма,
І хадзіў Ісус у сьвятыні на ґанку Салямонавым.
і хадзіў Ісус у святыні, у Саламонавым прытворы.
Тады абступілі Яго Юдэі і казалі Яму: «Пакуль будзеш дзяржаць душу нашу ў няпэўнасьці? Калі Ты Хрыстос, скажы нам яўна».
Тады іудзеі абступілі Яго і казалі Яму: Дакуль будзеш трымаць у няпэўнасці нашу душу? Калі Ты Хрыстос, скажы нам адкрыта.
Ісус адказаў ім: «Я сказаў вам, і вы ня верыце; справы, што Я чыню ў імя Айца Свайго, яны сьветчаць празь Мяне;
Ісус адказаў ім: Я сказаў вам, і вы не верыце; учынкі, што Я раблю ў імя Майго Бацькі, сведчаць пра Мяне;
Але вы ня верыце, бо вы не з авец Маіх.
але вы не верыце, бо вы не з Маіх авечак, [як Я казаў вам].
Авечкі Мае голас Мой чуюць, і Я знаю іх, і яны йдуць за Імною.
Мае авечкі чуюць Мой голас, і Я ведаю іх, і яны ідуць услед за Мною,
І Я даю ім жыцьцё вечнае, і ніколі яны не загінуць, і ніхто ня ўхопе іх із рукі Мае.
і Я даю ім вечнае жыццё, і яны не загінуць навекі, і ніхто не выхапіць іх з Маёй рукі.
Айцец Мой, што даў іх Імне, вялікшы за ўсіх, і ніхто ня можа ўхапіць іх із рукі Айца Майго.
Мой Бацька, Які даў Мне іх, большы за ўсіх, і ніхто не можа выхапіць іх з рукі [Майго] Бацькі.
Я й Айцец — адно».
Я І Бацька — адно.
Тады ізноў схапілі каменьне Юдэі, каб укаменаваць Яго.
І вось іудзеі зноў прынеслі каменне, каб укаменаваць Яго.
Адказаў ім Ісус: «Шмат добрых справаў паказаў Я вам ад Айца Свайго; за каторыя з гэтых справаў камянуеце Мяне?»
Ісус адказаў ім: Шмат добрых учынкаў паказаў Я вам ад [Майго] Бацькі; за які з гэтых учынкаў хочаце каменаваць Мяне?
Адказалі Яму Юдэі, кажучы: «За добрую справу не камянуем Цябе, але за блявузґаньне а за тое, што, будучы чалавекам, чыніш Сябе Богам».
Іудзеі адказалі Яму, [кажучы]: Не за добры ўчынак мы камянуем Цябе, а за блюзнерства і за тое, што Ты, будучы чалавекам, робіш Сябе Богам.
Адказаў ім Ісус: «Ці не напісана ў Праве вашым: "Я сказаў: вы багове"?
Ісус адказаў ім: Ці не напісана ў вашым законе: «Я сказаў: Вы — багі»?
Калі назваў тых багамі, да каторых слова Божае прышло, — а Пісьмо ня можа быць узрушана, —
Калі Ён назваў багамі тых, да якіх было слова Божае, а Пісанне не можа быць парушана, —
Вы таму, Каторага Айцец усьвяціў і паслаў на сьвет, кажаце: "Ты блявузґаеш", што сказаў Я: "Я Сын Божы"?
то як пра Таго, Каго Бацька асвяціў і паслаў у свет, вы кажаце: «Ты блюзнерыш», бо Я сказаў: «Я — Сын Божы»?
Калі Я ня чыню справаў Айца Свайго, ня верце Імне.
Калі Я не раблю спраў Майго Бацькі, не верце Мне;
Але калі Я чыню, то нават, калі ня верыце Імне, паверце справам, каб ведалі й паверылі, што Айцец ёсьць у Імне, а Я ў Ім».
а калі Я раблю, то нават калі Мне не верыце, верце Маім справам, каб пазналі і ведалі30, што ўва Мне Бацька і Я ў Бацьку31.
Тады ізноў шукалі няць Яго, але Ён адхінуўся ад рукі іхнае.
[Тады] яны зноў шукалі, каб схапіць Яго, ды Ён ухіліўся ад іх рук.
І пайшоў ізноў за Ёрдан на месца, ідзе Яан спачатку хрысьціў, і застаўся там.
І Ён зноў пайшоў за Іардан, на тое месца, дзе спачатку Іаан хрысціў, і застаўся там.
І шмат прышло да Яго, і гукалі, што Яан ня ўчыніў ніякага знаку, але ўсе, што Яан сказаў празь Яго, было праўдзівае.
І многія прыйшлі да Яго і казалі: Іаан ніякага знаку не зрабіў, ды ўсё, што Іаан сказаў пра Яго, было праўдзівае.
І шмат хто ўверыў у Яго там.
І многія там уверавалі ў Яго.