Выслоўяў Саламонавых 1 разьдзел
Кніга выслоўяў Саламонавых
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Анатоля Клышкi
Прыказі Салямона Давідзёнка, караля Ізраельскага,
Каб пазнаць мудрасьць а навуку, цяміць словы розуму,
Каб дзяржаць навуку добрага розуму, справядлівасьці, суду а пасьцівасьці,
Даць простым кемнасьць, маладзёну — веданьне а разважнасьць;
Мудры пачуе й павялічыцца веданьне ягонае, і разумны асягае ўменьне,
Каб уцяміць прыказь а атумекі, словы мудрыцоў а загадкі іхныя.
Боязьнь СПАДАРОВА — пачатак веданьня. Мудрасьцяй а навукаю дурныя грэбуюць.
Сыну мой! слухай навукі айца свайго і не пакідай навучаньня маці свае;
Бо яны — вянок зычлівасьці на галаву тваю і прыборы на шыю тваю.
Сыну мой! калі грэшнікі надзяць цябе, не гадзіся.
Калі яны скажуць: «Хадзі з намі, будзем цікаваць на кроў, зробім засадку бяз прычыны на нявіннага;
Праглыніма іх жывых, як шэоль, і цэлых, як тых, што зыходзяць да долу;
Усялякую дарагую маемасьць знойдзем, напоўнім дамы нашы глабаньням;
Кінь жэрабя свае сярод нас, майма ўсі адзін капшук».
Сыну мой, не хадзі ў дарогу зь імі, узьдзерж нагу сваю ад сьцежкі іхнае;
Бо ногі іхныя бягуць да благога і барзьдзяць разьліваць кроў.
Дарма расьцягаюць сеці на аччу якое-колечы птушкі;
А яны цікуюць на сваю собскую кроў, робяць засаду на душы свае.
Гэткія сьцежкі кажнага прагавітага на чужую маемасьць: яна адбірае жыцьцё тым, хто адбярэць яе.
Мудрасьць вонках голасна гукае, на вуліцах узьнімае голас свой,
На шумлівых ростанях гукае яна, у варотах месцкіх брамаў гукае яна словы свае:
«Пакуль, простыя, будзеце любіць прасьціню? пакуль, скалазубы, будзеце любаваць насьміханьне свае і, дурныя, ненавідзіць веду?
Зьвярніцеся да казьнераньня майго; гля, я выльлю дух свой на вас, выяўлю словы свае вам;
Бо я гукала, і вы адмовіліся, выцягнула руку сваю, і ня было зважаючага;
І пагрэбавалі ўсімі радамі маімі, і не хацелі казьнераньняў маіх;
Дык і я буду сьміяцца з вашага няшчасьця, і буду насьміхацца, як нойдзе на вас спалох ваш.
Як прыйдзе, як разбурэньне, спалох ваш, і прылучыцца няшчасьце ваша, як віхор, як прыйдзе на вас гарота а безнадзееньне;
Тады будуць гукаць мяне, але я не адкажу; золкам будуць шукаць мяне, але ня знойдуць мяне;
Бо ненавідзілі веду й страху СПАДАРОВАГА не абралі,
Не хацелі мае рады, пагрэбавалі ўсім казьнераньням маім.
За тое будуць есьці з пладоў дарогі свае і насыцяцца радамі сваімі;
Бо адварачаньне простых заб’ець іх, нядбайнасьць дурных загубіць іх.
Але слухаючы мяне будзе жыць бясьпечна й будзе супакойны, бяз страху ліха».