2 да Карынфянаў 1 разьдзел
Другое пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Анатоля Клышкi
Паўла, з волі Божае апостал Ісуса Хрыста, а Цімох брат, царкве Божай, што ў Карынце, з усімі сьвятымі, што ў вусёй Ахаі:
Павел, з волі Божай Апостал Хрыста Ісуса, і Цімафей, брат, — царкве Божай, якая знаходзіцца ў Карынфе, з усімі святымі, што знаходзяцца ва ўсёй Ахаіі:
ласка вам а супакой ад Бога Айца а Спадара Ісуса Хрыста.
ласка вам і мір ад Бога, нашага Бацькі, і Госпада Ісуса Хрыста.
Дабраславёны Бог а Ацец Спадара нашага Ісуса Хрыста, Ацец міласэрдзя і Бог усялякага пацяшэньня,
Дабраславёны Бог і Бацька нашага Госпада Ісуса Хрыста, Бацька міласэрнасці і Бог усялякага суцяшэння,
Каторы цеша нас у кажнай атузе нашай, каб і мы маглі цешыць тых, што былі б у якой-лень атузе, тым пацяшэньням, каторым Бог цеша нас самых!
Які суцяшае нас пры кожным нашым горы, каб мы маглі суцяшаць тых, хто апынуўся ва ўсялякім горы тым суцяшэннем, якім Бог суцяшае нас саміх.
Бо як збыткуюць у нас цярпеньні Хрыстовы, так пераз Хрыста збыткуюць таксама пацяшэньні нашы.
Бо як памнажаюцца ў нас пакуты Хрыстовы, так праз Хрыста памнажаецца і наша суцяшэнне.
Калі мы ў ватузе, дык дзеля вашага пацяшэньня а спасеньня, каторае дзеецца ператрываньням тых самых цярпеньняў, каторыя й мы церпім;
І калі мы ў бядзе, то дзеля вашага суцяшэння і выратавання, і калі суцяшаемся — то для вашага суцяшэння, якое дзейнічае, даючы вам выстаяць у тых самых пакутах, якія пераносім і мы1.
І надзея наша на вас пэўная. Калі ж цешымся, дык із вашага пацяшэньня а спасеньня, ведаючы, што як вы ўчасьнікі цярпеньня, так і пацяшэньня.
І наша надзея на вас цвёрдая, бо мы ведаем, што вы супольнікі як пакут, так і суцяшэння.
Бо мы ня зычым, каб вы ня ведалі, браты, праз атугу, каторая сталася нам ув Азі, што мы ацяжараны былі звыш меры а сілы, ажно былі ў безнадзеяньню ўзглядам жыцьця.
Бо мы не хочам, каб вы не ведалі, браты, аб нашым горы, што здарылася [з намі] ў Асіі, — што мы былі прыгнечаныя празмерна, звыш нашай сілы, так што мы страцілі нават надзею выжыць.
Але самы ў сабе мелі рассудак сьмерці, каб не спадзявацца на самых сябе, але на Бога, Каторы ўскрышае мертвых,
Але мы самі ў сабе мелі прысуд на смерць, каб спадзявацца нам не на сябе, а на Бога, Які ўваскрашае мёртвых;
Каторы выбавіў нас ад так блізкое сьмерці і выбаўляе, і на Каторага спадзяемся, што й яшчэ выбаве.
Які выбавіў нас ад такой вялікай смяротнай небяспекі і выбавіць2, на Якога мы ўсклалі надзею, што Ён і яшчэ выбавіць,
І вы супрацаваць будзеце малітвамі за нас, каб за дары нам, за прычынаю шмат каго, дзякаваньне было за нас.
калі і вы паспрыяеце вашай малітвай за нас для таго, каб за дараванае нам праз многіх, многімі людзьмі была ўзнесена за нас падзяка.
Бо пахвала нашая гэта, сьветчаньне сумленьня нашага, што ў прасьціні а шчырасьці перад Богам. ня ў мудрасьці цялеснай, але ў ласцы Божай, мы паступалі на сьвеце, асабліва ж із вамі.
Бо наша пахвала — гэта сведчанне нашага сумлення, што ў прастаце і шчырасці Божай, і не ў цялеснай мудрасці, а ў ласцы Божай жылі мы на свеце, асабліва ў вас.
Бо мы ня пішам вам нічога іншага, але што вы чытаеце й разумееце, і спадзяюся, што будзеце разумець аж да канца;
Бо мы пішам вам не што іншае, як тое, што вы чытаеце або нават ведаеце; і спадзяюся, што будзеце ведаць да канца,
Бо вы часткава й даведаліся ўжо, што мы будзем вашай пахвалаю, аднолькава й вы нашай, у дзень Спадара нашага Ісуса.
як і часткова вы ведаеце нас, што мы ваша пахвала, як і вы — наша, у дзень [нашага] Госпада Ісуса.
гэтай пэўнасьцю я маніўся прыйсьці да вас уперад, каб вы ўдругава ласку мелі,
І ў гэтай перакананасці я хацеў прыйсці да вас раней, каб вы другі раз атрымалі ласку,
І пераз вас прайсьці да Макядоні, з Макядоні ж ізноў прыйсьці да вас, а вы праводзілі б мяне да Юдэі.
і праз вас прайсці ў Македонію, і зноў з Македоніі прыйсці да вас, і вы правялі б мяне ў Іудзею.
Ці ўлегцы я зрабіў, маючы такі замер? Ці што я замяраю, подле цела замяраю, так што ў мяне «Але, але» і «Не, не»?
Дык хочучы гэтага, ці не зрабіў я легкадумна? Ці тое, што збіраюся рабіць, паводле цела збіраюся, каб было ў мяне то «так, так» і то «не, не»?
Вось жа, верны Бог, што слова наша да вас ня ёсьць «Але» й «Не».
Але таму, што верны Бог, наша слова да вас не было то — не «так», то «не».
Бо Сын Божы, Ісус Хрыстос, абяшчаны памеж вас намі, імною а Сіланом а Цімохам, ня быў «Але» й «Не»; але ў Ім было «Але»,
Бо Сын Божы, Ісус Хрыстос, Якога мы ў вас прапаведавалі, — я, Сілуан і Цімафей — не стаў «так» і «не», а наша слова стала «так» у Ім.
Бо ўсі абяцаньні Божыя ў Ім «Але» і ў Ім «Амін», — на славу Божую пераз нас.
Бо ўсе абяцанні Божыя ў Ім — «так»; таму праз Яго і «амін» — на славу Богу праз нас.
А тый, што зацьвярджае нас із вамі ў Хрысту і памазаў нас, ё Бог,
Умацоўвае ж нас з вамі ў Хрысце і памазаў нас Бог,
Каторы таксама запячатаваў нас і даў задатку Духа ў сэрцы нашы.
паставіў на нас Сваю пячатку і даў задатак Духа ў нашы сэрцы.
Бо гукаю Бога за сьветку на душу сваю, што, шчаджаючы вас, я дагэтуль ня прыходзіў да Карынту,
Я ж заклікаю Бога ў сведкі на маю душу, што я, шкадуючы вас, яшчэ не прыходзіў у Карынф.
Не затым, быццам мы бярэм уладу над вераю вашаю; але мы супрацаўні радасьці вашае: бо вераю вы стаіце.
Гэта не значыць, што мы пануем над вашаю верай, наадварот, мы супрацоўнікі з вамі дзеля вашай радасці, бо вераю вы стаіце.