2 да Карынфянаў 5 разьдзел
Другое пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Анатоля Клышкi
Бо ведаем, што калі земны дом-вітальня наша абурыцца, мы маем харому ад Бога, дом ня рукамі пастаноўлены, вечны ў нябёсах.
Бо мы ведаем, што калі наш зямны дом, гэтая хаціна, зруйнуецца, мы маем збудаванне ад Бога, дом нерукатворны, вечны на нябёсах.
Бо запраўды ў гэтым мы ўздыхаем, вельмі жадаючы адзецца домам нашым, што зь нябёсаў;
Ад гэтага ж мы і стогнем, прагнучы апрануцца ў наша жыллё з неба,
Затым, будучы адзеўшыся, ня будзем засьпеты голыя.
калі б толькі нам і апранутым, не апынуцца голымі.
Бо мы ў гэтай вітальні ўздыхаем, будучы ацяжараныя, бо ня зычым зьдзецца, але адзецца, каб сьмяротнае было праглынена жыцьцём.
Бо мы, знаходзячыся ў гэтай хаціне, стогнем пад цяжарам, бо не хочам распрануцца, а апрануцца, каб смяротнае было паглынута жыццём.
А Тый, хто ўчыніў нас да гэтага самага, ё Бог, Каторы й даў нам задатак Духа.
А якраз на гэта стварыў нас Бог і даў нам задатак Духа.
Дык мы заўсёды акрыялыя, ведаючы, што ў цялесным доме мы аддаленыя ад Спадара, —
Таму мы заўсёды бадзёрыя і ведаем, што, пасяляючыся ў целе, мы высяляемся ад Госпада, —
Бо мы ходзім вераю, ня відзеньням, —
бо мы ходзім вераю, а не бачнасцю, —
Мы акрыялыя і ўважаем, што валей выйсьці зь цела і перайсьці да харомы Спадаровае.
мы, такім чынам, бадзёрыя і лічым за лепшае выселіцца з цела і пасяліцца ў Госпада.
Затым мы й рупімся, ці дома, ці вонках, падабацца Яму;
Таму мы і рупна стараемся, ці пасяляючыся, ці высяляючыся, быць Яму даспадобы.
Бо ўсі мы маем стаць перад судовым пасадам Хрыстовым, каб кажны адзяржаў зробленае ў целе, подле тога, што ён зрабіў, добрае ці благое.
Бо ўсе мы павінны з’явіцца перад судом Хрыстовым з тым, каб кожны атрымаў паводле таго, што ён зрабіў у целе: ці добрае, ці благое.
Дык, знаючы страх Спадароў, мы пераконуем людзёў, Богу ж мы адкрытыя; спадзяюся, што адкрытыя й вашым сумленьням.
Дык, ведаючы страх перад Госпадам, мы пераконваем людзей; Богу ж мы адкрытыя; і спадзяюся, што адкрыты і вашаму сумленню.
Ня ізноў мы паручаемся вам, але даем вам прыклеп хваліцца намі, каб вы мелі што супроці тых, што хваляцца відам, а ня сэрцам.
Мы не рэкамендуем вам сябе зноў, а даём вам нагоду хваліцца намі, каб вы мелі што сказаць тым, што хваляцца абліччам, а не сэрцам.
Бо калі мы выходзім ізь сябе, дык дзеля Бога; калі ж узьдзержлівыя, дык дзеля вас.
Бо, калі мы выйшлі з сябе, то для Бога; калі ж сціплыя, то для вас.
Бо міласьць Хрыстова сьціскае нас, што разважаем гэтак: калі адзін памер за ўсіх, дык усі былі памершы.
Бо любоў Хрыстова ахапіла нас, бо мы разважылі так — што4 Адзін памёр за ўсіх, тады ўсе памерлі;
А Ён за ўсіх памер, каб жывучыя ўжо ня дзеля сябе жылі, але дзеля памерлага за іх і ўскрэслага.
І Ён памёр за ўсіх, каб тыя, хто жыве, ужо не для сябе жылі, а для Таго, Хто памёр за іх і быў уваскрэшаны.
Затым адгэтуль мы нікога ня знаем подле цела; калі ж і зналі Хрыста подле цела, дык цяпер ужо ня знаем.
Так што мы ад гэтага часу нікога не ведаем паводле цела; калі мы і ведалі Хрыста паводле цела, то цяпер ужо не ведаем Яго такім.
Дык, хто ў Хрысту, тый новы стварэнец; старое мінула, гля, усе сталася новае.
Так што калі хто ў Хрысце, той новае стварэнне; старое мінула, вось сталася новае.
І ўсе ад Бога, Каторы пагадзіў нас із Сабою Хрыстом і даў нам слугаваньне пагаджэньня;
Усё ж ад Бога, Які прымірыў нас з Сабою праз Хрыста і даў нам служэнне прымірэння,
Бо Бог быў у Хрысту, годзячы сьвет із Сабою, не залічаючы ім выступаў іхных, і даў нам слова таго пагаджэньня.
таму што Бог быў у Хрысце, мірачы з Сабою свет, не залічваючы ім іх правінаў, і даў нам слова прымірэння.
Дык мы — паслове ад Хрыста, быццам Бог моле намі; молім ад Хрыста: пагадзіцеся з Богам.
Дык, мы — пасланцы ад Хрыста, і як бы Сам Бог просіць вас праз нас; просім ад імя Хрыста: памірыцеся з Богам.
Таго, хто ня знаў грэху, за нас учыніў грэхам, каб мы сталі справядлівасьцяй Божай у Ім.
Таго, Хто не ведаў граху, Ён зрабіў грахом за нас, каб мы сталі праведнасцю Божай у Ім.