2 да Карынфянаў 3 разьдзел

Другое пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Анатоля Клышкi

 
 

Ці ізноў нам пачынаць самых сябе паручаць? Або патрабуем, як некатрыя, паручных лістоў да вас альбо ад вас?
 
Няўжо нам зноў знаёміцца з вамі? Няўжо мы маем патрэбу, як некаторыя, у рэкамендацыйных лістах да вас ці ад вас?

Вы — ліст наш, напісаны ў сэрцах нашых, пазнаваны а чытаны ўсімі людзьмі,
 
Вы — наш ліст, напісаны ў нашых сэрцах, які пазнаецца і чытаецца ўсімі людзьмі, —

Выяўлены ліст Хрыстоў, выслужаны намі, напісаны ня чэрняю, але Духам Бога жывога, не на каменных дошчачках, але на цялесных дошчачках сэрца.
 
вы паказваеце сабою, што вы — ліст Хрыстовы, праз наша служэнне, напісанае не чарнілам, а Духам Жывога Бога; не на каменных скрыжалях, а на цялесных скрыжалях сэрцаў.

А такі давер мы маем пераз Хрыста да Бога;
 
І такую ўпэўненасць мы маем праз Хрыста перад Богам.

Не каб мы самы былі здольныя мысьліць што-лень, як самы ізь сябе, але здольнасьць наша з Бога,
 
Не таму, што мы здольныя нешта думаць, як бы ад сябе, але наша здольнасць ад Бога,

Каторы ўчыніў нас здольнымі слугачымі новае ўмовы, ня літары, але духа; бо літара забівае, а дух ажыўляе.
 
Які і зрабіў нас здатнымі быць слугамі Новага Запавету, не літары, а Духа; бо літара забівае, а Дух ажыўляе.

Калі ж слугаваньне сьмерці, літарамі выразанае на камянёх, было слаўнае, ажно не маглі цеміцца сынове Ізраелявы ў від Масеяў з прычыны славы віду ягонага мінучае,
 
Калі ж служэнне смерці, літарамі выбітае на камянях, праявілася ў славе, так што сыны Ізраілевы не маглі зірнуць на твар Маісея з-за славы яго аблічча, славы, якая мінае, —

Дык ці не пагатове мае быць шмат слаўнейшае слугаваньне Духа?
 
як жа служэнне Духа не будзе болей у славе?

Бо калі слугаваньне засуджэньня слаўнае, пагатове слугаваньне справядлівасьці збыткуе ў славе.
 
Бо калі служэнне асуджэння слаўнае, то тым болей багатым славаю будзе служэнне апраўдання.

Бо й услаўленае ня было ўслаўлена, раўнуючы да пераходзячае славы.
 
Бо і праслаўленае не праславілася ў гэтай частцы з прычыны большай славы наступнага.

Бо калі мінаючае слаўнае, пагатове трываючае ў славе.
 
Бо калі слаўнае, што прамінае, то тым больш слаўнае, што застаецца.

Затым, маючы такую надзею, мы дзеем вельмі адважна,
 
Дык, маючы такую надзею, мы праяўляем вялікую адвагу,

А ня так, як Масей, што клаў запінашку на від свой, так што сынове Ізраелявы ня цеміліся ў канец мінаючага.
 
і не як Маісей, які клаў пакрывала на свой твар, каб сыны Ізраілевы не ўглядаліся на канец таго, што мінае.

Але розумы іхныя закалянелыя, бо аж дагэтуль тая самая запінашка пры чытаньню Старога Закону застаецца, ня будучы расьхіненая; аддаляецца Хрыстом.
 
Ды іх розум прытупіўся; бо да сённяшняга дня тое самае пакрывала застаецца пры чытанні Старога Запавету: ім не адкрываецца, што пакрывала знішчаецца ў Хрысце.

Значыцца, аж дагэтуль, як Масея чытаюць, запінашка ляжыць на сэрцу іхным.
 
Але па сённяшні дзень, калі яны чытаюць Маісея, пакрывала ляжыць на іх сэрцы.

Але, як наварачаюцца да Спадара, запінашка гэна здыймаецца.
 
Але калі іх сэрца звяртаецца да Госпада, пакрывала здымаецца.

Спадар ё Дух; а йдзе Дух Спадароў, там свабода.
 
А Госпад ёсць Дух; а дзе Дух Гасподні, [там] свабода.

Мы ж усі, з каторых віду зьнята запінашка, сузіраючы, як у глядзелцы, славу Спадарову, адмяняемся ў тый самы абраз ад славы ў славу, як ад Духа Спадаровага.
 
Мы ж усе з адкрытым тварам, аглядаючы і адлюстрўваючы, як люстэрка, славу Гасподнюю, пераўтвараемся ў той самы вобраз ад славы ў славу так, як ад Гасподняга Духа.