2 да Карынфянаў 3 разьдзел
Другое пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад П. Татарыновіча
Ці ізноў нам пачынаць самых сябе паручаць? Або патрабуем, як некатрыя, паручных лістоў да вас альбо ад вас?
Няўжэ пачынаць нам нанава знакоміцца? Або дапамінацца, як некаторыя, паручаючых лістоў да вас, ці ад вас?
Вы — ліст наш, напісаны ў сэрцах нашых, пазнаваны а чытаны ўсімі людзьмі,
Вы — наш ліст, напісаны ў сэрцах нашых, які знаюць ды чытаюць усе людзі;
Выяўлены ліст Хрыстоў, выслужаны намі, напісаны ня чэрняю, але Духам Бога жывога, не на каменных дошчачках, але на цялесных дошчачках сэрца.
вы — сябе паказваючыя праз паслугу нашую як ліст Хрыстуса, не чарнілам пісаны, але Духам Бога Жывога і не на каменных табліцах, але на цялесных табліцах сэрца.
А такі давер мы маем пераз Хрыста да Бога;
Гэткі давер маем да Бога праз Хрыстуса,
Не каб мы самы былі здольныя мысьліць што-лень, як самы ізь сябе, але здольнасьць наша з Бога,
не каб мы з сябе былі здольныя падумаць нешта, здольнасьць бо нашая ад Бога,
Каторы ўчыніў нас здольнымі слугачымі новае ўмовы, ня літары, але духа; бо літара забівае, а дух ажыўляе.
які уздатніў нас да служэння Новаму Запавету: ня літары, але духа, бо літара забівае, а дух ажыўляе.
Калі ж слугаваньне сьмерці, літарамі выразанае на камянёх, было слаўнае, ажно не маглі цеміцца сынове Ізраелявы ў від Масеяў з прычыны славы віду ягонага мінучае,
Каліж служэнне сьмерцезначучым літарам, на каменнях было ў такой славе, што аж сыны Ізраэля глядзець не маглі на прамянеючае зьнікомай славай аблічча Майжэша,
Дык ці не пагатове мае быць шмат слаўнейшае слугаваньне Духа?
дык ці не шмат болей будзе ў славе служэнне духа?
Бо калі слугаваньне засуджэньня слаўнае, пагатове слугаваньне справядлівасьці збыткуе ў славе.
Калі бо служэнне асуду — слаўнае, дык шмат болей — служэнне апраўданню.
Бо й услаўленае ня было ўслаўлена, раўнуючы да пераходзячае славы.
Дый тое, што ясьнела так славаю, ня было на гэтулькі й слаўнае, калі пераважваецца вось вышэйшаю славаю.
Бо калі мінаючае слаўнае, пагатове трываючае ў славе.
Бо калі тое, што нікне ёсьць слаўнае, дык тое, што трывае — слаўнейшае.
Затым, маючы такую надзею, мы дзеем вельмі адважна,
Маючы вось гэткую надзею, мы поўныя сьмеласьці,
А ня так, як Масей, што клаў запінашку на від свой, так што сынове Ізраелявы ня цеміліся ў канец мінаючага.
а не як Майжэш, што засланіў сабе аблічча, каб сыны Ізраэля не пазіралі на ягоны твар нішчэючы.
Але розумы іхныя закалянелыя, бо аж дагэтуль тая самая запінашка пры чытаньню Старога Закону застаецца, ня будучы расьхіненая; аддаляецца Хрыстом.
Але розумы іхнія атупелі, бо аж па сянняшні дзень тая самая заслона астаецца нязьнятаю пры чытанні Старога Запавету, Хрыстус бо яе зьнімае:
Значыцца, аж дагэтуль, як Масея чытаюць, запінашка ляжыць на сэрцу іхным.
і дагэтуль, як чытаецца Майжэш, заслона ляжыць на сэрцы іхнім;
Але, як наварачаюцца да Спадара, запінашка гэна здыймаецца.
але, як сэрца іх навернецца да Госпада спадзе ззаслона.
Спадар ё Дух; а йдзе Дух Спадароў, там свабода.
Госпад бо ёсьць Духам; а дзе Дух Божы, там вольнасьць.
Мы ж усі, з каторых віду зьнята запінашка, сузіраючы, як у глядзелцы, славу Спадарову, адмяняемся ў тый самы абраз ад славы ў славу, як ад Духа Спадаровага.
Мы-ж усе з адкрытым абліччам узіраючыся, бы ў люстра, ў хвалю Госпада, пераабражаемся ў Ягоны абраз із яснасьці ў яснасьць, як ад Госпадавага Духа.