2 да Карынфянаў 7 разьдзел

Другое пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад П. Татарыновіча

 
 

Дык, любовыя, маючы такую абятніцу, ачысьцімася ад усяе брыды цела й духа, дасканалячы сьвятасьць у боязьні Божай.
 
Маючы восьжа гэтыя зарукі, ачышчайма сябе, мілыя, ад усякай гідоты цела і духа, зьдзейсьніваючы ў богабоязі усьвячэнне нашае.

Дайце месца нам. Мы нікога ня ўкрыўдзілі, нікому не пашкодзілі, нікога не ашукалі.
 
Прыймеце нас: мыж нікога ня скрыўдзілі, нікога не ачмуцілі зьдзерствам.

Не кажу на засуджэньне; бо я ўперад сказаў, што вы ў сэрцах нашых, каб разам памерці і разам жыць.
 
Кажу гэта, не каб асудзіць вас, бож сказаў ужо вам, што вы ў нашых сэрцах на уміранне поспал і на жыцьцё.

Вялікая мая адвага да вас, шмат вамі хвалюся, я перапоўнены пацехаю ў вусім няшчасьцю нашым.
 
У мяне вялікая спадзева на вас, вялікая пахвала мне за вас; я повен суцехі й радасьці пры ўсіх журбах нашых.

Бо запраўды, як мы прышлі да Макядоні, цела нашае ня мела супачынку; але мы былі сьцісьненыя адусюль: звонку бітвы, унутры страхі.
 
Бо і тады, як прыйшлі былі мы ў Макэдонію, цела нашае ня мела супачынку (утульля) — адусюль бяда: звонку напасьці, ўнутры страхі.

Але Тый, што цеша паніжаных, Бог, пацешыў нас прыходам Цітавым,
 
Але Бог, пацяшыцель пакорных, уцешыў нас прыйсьцём Тытуса;

І не адно прыходам ягоным, але й пацяшэньням, каторым ён цешыўся з вас, павядаючы нам гарачае жаданьне ваша, вашу жалобу, рупатлівасьць вашу да мяне, ажно я балей цешыўся.
 
ды ня толькі прыйсьцём, але і дазнанай у вас уцехаю, як расказваў аб вашай тужлівасьці, аб вашым плачу ды руплівасьці аба мне, так што я шчэ болей абрадаваўся.

Калі я й засмуціў вас лістам, не шкадую, хоць шкадаваў гэтага; бо бачу, што ліст гэты, хоць на малы час, засмуціў вас.
 
Хоць я й засмуціў вас маім лістом, не шкадую гэтага, а каліб і шкадаваў, бачыўшы хвілінную засмочонасьць вашую,

Цяпер я цешуся ня з тога, што вы засмуціліся, але што вы засмуціліся да каяты; бо вы засмуціліся подле Бога, што ў нічым ад мяне ня мелі шкоды.
 
дык цяпер цешуся, не дзеля таго, што вы зажурыліся, але дзеля таго, што журба тая была пакутнай; вы бо смуціліся дзеля Бога, каб ні ў чым ня мелі ад нас шкоды.

Бо смутак подле Бога дзее каяту да спасеньня, і ніколі не шкада яго; смутак сьвецкі дзее сьмерць.
 
Смутак бо дзеля Бога спрычыняе збаўленнае каянне, якога потым не шкадуецца, а смутак гэтага сьвету спрычыняе сьмерць.

Бо самае тое, што вы засмуціліся подле Бога, гля якую гэта шчырасьць учыніла ў вас а апраўленьне а абурэньне а страх а гарачае жаданьне а рупатлівасьць а помсту! У ўсім вы паказалі, што вы чыстыя ў гэтай справе.
 
Бо вось тое сумаванне дзеля Бога, гляньце, якую руплівасьць разбудзіла ў вас, якое апраўдванне ды абурэнне (на вінаватага), якую боязь, якую тужлівасьць, якую шчырасьць ды й спагнанне: у ва ўсім вы паказалі сябе нявіннымі ў гэтай справе.

Значыцца, калі я пісаў да вас, дык ня дзеля крыўдніка ані дзеля ўкрыўджанага, але дзеля выяўленьня шчырасьці нашае да вас, каб паказана была вам перад Богам.
 
А калі й напісаў вам, дык не дзеля крыўдзіцеля, ані дзеля пакрыўджанага, але каб між вамі выявілася дбаласьць наша аб вас перад Богам.

Затым мы ўсьцешыліся. І апрача собскага пацяшэньня нашага, мы яшчэ балей цешыліся з радасьці Цітавае, бо вы ўсі супакоілі дух ягоны;
 
Таму мы уцешыліся ўцехаю вашаю, а шчэ болей радасьцю Тытуса, што вы ўсе заспакоілі дух ягоны.

Дык калі я хваліўся яму ў чым вамі, то не засароміўся; але як мы гукалі вам усю праўду, так і хваленьне наша Ціту было праўдзівае.
 
І калі я быў крыху пахваліўся вамі перад ім, дык без сораму; бо, як мы заўсёды гаварылі вам праўду, так і пахвала перад Тытусам нашая аказалася праўдаю;

І сэрца ягонае балей прыяе вам, успамінаючы паслухменства вас усіх, як вы із страхам а дрыготаю прынялі яго.
 
і сэрца яго йшчэ прыхільнейшае да вас на ўспамін вашай паслухмянасьці, як вы прынялі яго з боязьзю і тропатам.

Я цешыўся, што ў вусім магу даверыць вам.
 
Я рад, што ў-ва ўсім магу здавацца на вас.