2 да Карынфянаў 7 разьдзел

Другое пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

Дык, любовыя, маючы такую абятніцу, ачысьцімася ад усяе брыды цела й духа, дасканалячы сьвятасьць у боязьні Божай.
 
Дык маючы такія абяцанні, умілаваныя, ачысцім сябе ад усякага бруду цела і духа, у страху Божым дасягаючы святасці.

Дайце месца нам. Мы нікога ня ўкрыўдзілі, нікому не пашкодзілі, нікога не ашукалі.
 
Прыміце нас! Мы нікога не скрыўдзілі, нікому не пашкодзілі, ні ад каго не дамагаліся карысці.

Не кажу на засуджэньне; бо я ўперад сказаў, што вы ў сэрцах нашых, каб разам памерці і разам жыць.
 
Кажу гэта не на асуджэнне; бо казаў ужо, што вы ў нашых сэрцах, каб разам памерці і разам жыць.

Вялікая мая адвага да вас, шмат вамі хвалюся, я перапоўнены пацехаю ў вусім няшчасьцю нашым.
 
Вялікае спадзяванне ў мяне на вас, вялікая пахвала мне за вас. Я напоўнены суцяшэннем і перапоўнены радасцю ў кожным нашым горы.

Бо запраўды, як мы прышлі да Макядоні, цела нашае ня мела супачынку; але мы былі сьцісьненыя адусюль: звонку бітвы, унутры страхі.
 
Бо калі мы прыбылі ў Мацэдонію, наша цела не мела ніякага супакою, але мы цярпелі ўсялякае гора: звонку — напасці, унутры — страхі.

Але Тый, што цеша паніжаных, Бог, пацешыў нас прыходам Цітавым,
 
Але Бог, Суцяшыцель пакорлівых, суцешыў нас прыбыццём Ціта.

І не адно прыходам ягоным, але й пацяшэньням, каторым ён цешыўся з вас, павядаючы нам гарачае жаданьне ваша, вашу жалобу, рупатлівасьць вашу да мяне, ажно я балей цешыўся.
 
І не толькі прыбыццём яго, але і суцяшэннем, якім суцешыўся ў вас, калі распавядаў ён пра вашу руплівасць, пра вашы слёзы, пра вашу тугу па мне, з чаго радаваўся я тым болей.

Калі я й засмуціў вас лістам, не шкадую, хоць шкадаваў гэтага; бо бачу, што ліст гэты, хоць на малы час, засмуціў вас.
 
Хоць, можа, я вас і засмуціў лістом, але не шкадую гэтага. Калі б і шкадаваў, бо бачу, што той ліст на нейкі час засмуціў вас,

Цяпер я цешуся ня з тога, што вы засмуціліся, але што вы засмуціліся да каяты; бо вы засмуціліся подле Бога, што ў нічым ад мяне ня мелі шкоды.
 
аднак цяпер цешуся, не таму, што вы засмуціліся, але што засмуціліся на пакаянне. Засмуціліся бо дзеля Бога, каб не цярпелі ад нас ніякай шкоды.

Бо смутак подле Бога дзее каяту да спасеньня, і ніколі не шкада яго; смутак сьвецкі дзее сьмерць.
 
Бо гэты смутак дзеля Бога ўчыняе нязменнае пакаянне на збаўленне, а смутак гэтага свету ўчыняе смерць.

Бо самае тое, што вы засмуціліся подле Бога, гля якую гэта шчырасьць учыніла ў вас а апраўленьне а абурэньне а страх а гарачае жаданьне а рупатлівасьць а помсту! У ўсім вы паказалі, што вы чыстыя ў гэтай справе.
 
Гэта вось, што вы засмуткавалі дзеля Бога, выклікала ў вас гэткую руплівасць, а якую абарону, а якое абурэнне, а якую боязь, а якую тугу, а які клопат ды гатоўнасць прыняць адплату. Таму ва ўсім паказаліся вы беззаганнымі ў гэтай справе.

Значыцца, калі я пісаў да вас, дык ня дзеля крыўдніка ані дзеля ўкрыўджанага, але дзеля выяўленьня шчырасьці нашае да вас, каб паказана была вам перад Богам.
 
Затым, калі я вам напісаў, дык не дзеля таго, хто спрычыніў крыўду, і не дзеля таго, хто пацярпеў, але каб паказаць руплівасць вашу, якую вы маеце дзеля нас у вас перад Богам.

Затым мы ўсьцешыліся. І апрача собскага пацяшэньня нашага, мы яшчэ балей цешыліся з радасьці Цітавае, бо вы ўсі супакоілі дух ягоны;
 
Дзеля гэтага мы суцешыліся суцяшэннем вашым. А яшчэ больш узрадаваліся радасцю Ціта, што супакоены быў дух яго вамі ўсімі.

Дык калі я хваліўся яму ў чым вамі, то не засароміўся; але як мы гукалі вам усю праўду, так і хваленьне наша Ціту было праўдзівае.
 
І я не пасаромеўся ў тым, што пахваліўся вамі перад ім. Падобна як усё гаварылі мы вам праўдзіва, так і сталася праўдай наша пахвала перад Цітам.

І сэрца ягонае балей прыяе вам, успамінаючы паслухменства вас усіх, як вы із страхам а дрыготаю прынялі яго.
 
І сэрца яго яшчэ мацней туліцца да вас, калі прыпамінае вашу агульную паслухмянасць ды тое, як вы прынялі яго са страхам і трымценнем.

Я цешыўся, што ў вусім магу даверыць вам.
 
Дык я цешуся, што ва ўсім магу спадзявацца на вас.