2 да Карынфянаў 11 разьдзел
Другое пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2017
О каб вы крыху цярпелі маю неразумнасьць! Але й запраўды церпіце мяне.
О, каб вы маглі сцярпець крыху маю неразумнасць! Але ж вы і церпіце мяне!
Бо ўзглядам вас я завісны завісьцяй Божай, бо я заручыў вас аддаць аднаму мужу, Хрысту, дзявушчай дзяўчынаю.
Бо руплюся я дзеля вас Божаю руплівасцю, бо заручыў я вас з адным мужам, каб завесці да Хрыста, як чыстую дзявіцу.
Але я баюся, каб, як гад хітрынёю сваёй ізьвёў Еву, якім-колечы парадкам ня былі папсаваныя думкі вашы, адхінаючыся ад прасьціні й чысьціні ў Хрысту.
Але баюся, каб, як змей звёў Еву сваёю хітрасцю, гэтак і вашы думкі не адвярнуліся ад прастаты і чысціні, якая ў Хрысце.
Бо калі б запраўды хто, прышоўшы, абяшчаў другога Ісуса, каторага мы не абяшчалі, альбо вы адзяржалі іншага духа, каторага не адзяржалі, альбо іншую дабравесьць, каторае ня прымалі, дык вы цярпелі б.
Бо калі б хто прыйшоў і стаў прапаведаваць другога Ісуса, якога мы не прапаведавалі, або калі б вы прынялі іншага духа, якога вы не прынялі, або іншае евангелле, якое не атрымалі, — вы б цярпліва зносілі.
Але я ўважаю, што я ў нічым не застаўся ад апосталаў вышшых.
Але я думаю, што і я зрабіў не менш за вялікіх Апосталаў,
Але калі я няўзумелы ў мове, ня ў ведзе, адылі, але ў вусім усюдых выяўлены вам.
бо хоць я не вопытны ў слове, але не ў ведах, і мы ў кожным і ва ўсім адкрыліся вам.
Ці я ізграшыў, паніжаючы сябе, каб павышыць вас, што я дарма абяшчаў вам Дабравесьць Божую?
Ці ж я зграшыў, паніжаючы сябе, каб павысіць вас, бо прынёс вам дарма Евангелле Божае?
Іншыя цэрквы я грабіў, адзержуючы заплату за слугаваньне вам;
Абіраў я іншыя цэрквы, беручы на пражытак дзеля служэння вам.
І, будучы ў вас, і патрабуючы, не цяжарыў нікога, бо браты, што прышлі з Макядоні, даставілі, чаго я патрабаваў; і ў вусім сьцярогся й сьцерагчыся буду ня быць цяжарам вам.
І, калі быў у вас і апынуўся ў нястачы, нікому не быў я цяжарам, бо калі мне чаго не хапала, дык дапаўнялі браты, што прыйшлі з Мацэдоніі; і нічым не абцяжарваў вас і не буду абцяжарваць.
Як ё праўда Хрыстова ў імне, пахвала гэта ня будзе замоўчана ўзглядам мяне ў краінах Ахаі.
Як Хрыстова праўда ўва мне, так гэтае пахвалы ніхто ад мяне не адыме ў землях Ахаі.
Чаму? ІІІто ня люблю вас? Бог ведае!
Чаму? Ці, можа, таму, што вас не люблю? Бог ведае!
Але што раблю, і буду рабіць, каб ня даць прыклепу тым, што зычаць прыклепу, каб у тым, чым хваляцца, былі знойдзены такімі, як і мы.
Што я раблю, тое і буду рабіць, каб адсячы повад у тых, хто шукае поваду; каб аказаліся і мы такімі, з чаго яны выхваляюцца.
Бо такія хвальшывыя апосталы, ашукныя работнікі, прыдаюцца апосталамі Хрыстовымі.
Бо тыя фальшывыя апосталы — гэта крывадушныя працаўнікі, якія прыкідваюцца Хрыстовымі Апосталамі.
І няма дзіва, бо сам шайтан прыдаецца ангілам сьвятліні.
Ды не дзіва, бо нават сам шатан прыкідваецца анёлам святла.
Затым гэта не вялікая рэч, калі й слугачыя ягоныя прыдаюцца слугачымі справядлівасьці; канец іх будзе подле ўчынкаў іхных.
Таму нічога незвычайнага, што і яго паслугачы прыкідваюцца паслугачамі справядлівасці, але канец іх будзе паводле іх учынкаў.
Ізноў кажу: няхай хтось ня думае, што я неразумны; але калі накш, дык прыміце мяне, як неразумнага, каб я таксама крыху пахваліўся.
І зноў кажу: хай ніхто не лічыць мяне за неразумнага! У адваротным выпадку прыміце мяне, хоць як неразумнага, каб мог і я хоць крыху пахваліцца.
Што кажу, не кажу як ад Спадара, але як у неразумнасьці ў гэтай адвазе хваленьня.
Што гавару, тое гавару не паводле Госпада, але як бы ў неразумнасці ў гэтай адвазе пахвалы.
Як шмат хто хваліцца подле цела, дык і я буду хваліцца.
Калі вось многія хваляцца паводле цела, дык і я буду хваліцца.
Бо вы, людзі мудрыя, ахвотна церпіце неразумных.
Бо ахвотна вы церпіце неразумных, хаця самі разумныя.
Вы церпіце, як вас хто няволе, як хто аб’ядае, як хто адбірае, як хто вывышаецца, як хто поўшыць вас.
Церпіце, калі хто бярэ вас у няволю, калі хто вас аб’ядае, калі хто абірае, калі хто над вамі ўзносіцца, калі хто б’е вас па твары.
На сорам кажу, быццам мы былі слабыя; а ў чым хто адважны (гукаю ў неразумнасьці), адважны й я.
Кажу гэта на сорам, як быццам мы нядужыя былі; нехта мае ў гэтым адвагу, — кажу ў неразумнасці, — дык і я адважуся.
Яны Гэбрэі? я таксама. Яны Ізраеляне? я таксама. Яны насеньне Абрагамова? я таксама.
Яны гебраі? Дык і я! Яны ізраэльцы? Дык і я! Яны семя Абрагама? Дык і я!
Слугачыя Хрыстовы яны? (неразумна кажу) я балей. Я шмат балей у гарапашнасьці, нязьмерна ў ранах, балей у вязьніцах і шмат разоў пры сьмерці.
Паслугачы Хрыста? Здурэўшы кажу — дык і я куды больш: у большай спрацаванасці, у шматлікіх вязніцах, звыш меры ў плягах, часта пры смерці;
Ад Жыдоў пяць разоў я адзяржаў сорак без аднаго.
ад юдэяў пяць разоў атрымаў па сорак удараў без аднаго,
Трэйчы быў біты кіямі, аднойчы каменаваны, трэйчы з імною разьбіўся караб, ноч і дзень прабыў на глыбіні;
тры разы быў біты палкамі, раз каменаваны, тройчы пацярпеў караблекрушэнне, ноч і дзень быў у марской глыбіні.
Шмат разоў у падарожжах, у небясьпечнасьцях на рэках, у небясьпечнасьцях ад разбойнікаў, у небясьпечнасьцях ад сваіх, у небясьпечнасьцях ад паган, у небясьпечнасьцях у месьце, у небясьпечнасьцях на пустыні, у небясьпечнасьцях на мору, у небясьпечнасьцях памеж хвальшывых братоў,
Часта ў падарожжах, у небяспеках на рэках, у небяспеках ад разбойнікаў, у небяспеках ад народа, у небяспеках ад паганаў, у небяспеках у горадзе, у небяспеках у пустыні, у небяспеках на моры, у небяспеках ад фальшывых братоў,
У гарапашнасьці а ў высіленьню, бяз сну часта, у голадзе а смазе, часта ў пастох, на сьцюжы і ў голасьці.
у працы і знямозе, у частым чуванні, у голадзе і смазе, у многіх пастах, у холадзе і галізне,
Апрача тога, што звонку, навала кажнага дня, рупнасьць праз усі цэрквы.
і, апрача ўсяго іншага, штодзённы збор дзеля настаўніцтва ў мяне, клопат пра ўсе цэрквы.
Хто няўздолее, ці я не няўздолею? Хто спатыкаецца, ці я не загараюся?
Хто знемагаецца, а я не знемагаюся? Хто горшыцца, каб я не гарэў?
Калі маю хваліцца, няўздоляньнямі сваімі хваліцца буду.
Калі належыць хваліцца, буду і я хваліцца са сваіх немачаў.
Бог а Ацец Спадара Ісуса, дабраславёны на векі, ведае, што я не маню.
Бог і Айцец Госпада нашага Ісуса Хрыста, Які дабраславёны навекі, ведае, што я не хлушу.
У Дамашку вайвода караля Арэты сьцярог места Дамашк, хочучы няць мяне,
У Дамаску намеснік цара Арэты пільнаваў горад дамасцаў, каб мяне схапіць, і ў кашы спусцілі мяне цераз мур з акна, і так я ўцёк з рук яго.
І я быў спушчаны пераз акно ў кашу ізь сьцяны і ўцёк із рук ягоных.