Ісуса сына Нава 1 разьдзел

Кніга Ісуса сына Нава
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

І было, што па сьмерці Масея, слугі СПАДАРОВАГА, сказаў СПАДАР Ігошуі Нунянку, служцу Масеяваму, кажучы:
 
І сталася па смерці Майсея, паслугача Госпада, сказаў Госпад да Ешуа, сына Нуна, памочніка Майсея, і казаў яму:

«Масей, слуга Мой, мертвы; дык устань, перайдзі Ёрдан гэты, ты а ўвесь люд гэты, да зямлі, каторую Я даю ім, сыном Ізраелявым.
 
«Майсей, паслугач Мой, памёр; дык цяпер ты ўстань і перайдзі праз гэты Ярдан, ты і ўвесь народ гэты, у зямлю, якую Я дам сынам Ізраэля.

Кажнае месца, на каторае ступе ступа ног вашых, Я вам даў яго, як Я сказаў Масею:
 
Кожнае месца, на якое ступіць падэшва нагі вашай, Я даю вам, як Я сказаў Майсею.

Ад пустыні й Лібану гэтага аж да ракі вялікае, ракі Еўфрату, усю зямлю Гэцічаў; і аж да вялікага мора на захад сонца будуць граніцы вашы.
 
Ад пустыні і ад Лібана гэтага аж да вялікай ракі, ракі Эўфрат, уся зямля хетэяў, і аж да Вялікага мора на захад сонца будзе мяжа ваша.

Ніхто ня ўстое перад табою ўсі дні жыцьця твайго; як Я быў із Масеям, так буду і з табою; не адступлюся ад цябе і не пакіну Цябе.
 
Ніхто не зможа супрацівіцца табе ва ўсе дні жыцця твайго; як Я быў з Майсеем, так буду і з табою; не пакіну цябе і не адступлю ад цябе.

Будзь дужы а адважны, бо ты люду гэтаму перадасі на спадак гэтую зямлю, каторую Я прысягаў айцом іхным даць ім.
 
Будзь цвёрды і мужны, бо ты гэтаму народу жэрабем

Толькі будзь дужы а вельмі адважны, каб рупіцца паўніць подле ўсёга Права, каторае расказаў табе Масей, слуга Мой; не адхікайся ад яго ані направа, ані налева, каб мець дасьпех у вусім, куды ты пойдзеш.
 
Толькі будзь цвёрды і вельмі мужны, каб пільнаваць і выконваць увесь закон, які пераказаў табе Майсей, паслугач Мой. Не адступіся ад яго ані ўправа, ані ўлева, каб мець поспех ва ўсім, да чаго будзеш імкнуцца.

Хай не аддаляецца кніга Права гэтая ад вуснаў тваіх; і разважай над ёй удзень і ночы, каб захаваць і рабіць усе, што ў ёй напісана, бо тады пашчасьце табе ў дарогах тваіх, і тады будзеш мець дасьпех.
 
Няхай не адыдзе гэтая кніга закону ад вуснаў тваіх, але будзеш разважаць над ёй удзень і ўначы, каб пільнаваць і выконваць усё, што напісана ў ёй: тады будуць найшчаснейшыя дарогі твае і будзеш мець поспех.

Ці не расказаў Я табе: будзь дужы а адважны, ня бойся а не лякайся, бо з табою СПАДАР, Бог твой, усюдых, куды пойдзеш».
 
Ці не Я загадваю табе: “Будзь цвёрды і мужны, не палохайся і не бойся, бо з табою Госпад, Бог твой, ва ўсім, да чаго імкнешся”»?

І расказаў Ігошуа нагляднікам люду, кажучы:
 
І загадаў Ешуа кіраўнікам народа, кажучы: «Прайдзіце праз лагер і загадайце народу, і кажыце:

«Прайдзіце ўнутры табару й раскажыце люду, кажучы: "Прыгатуйце сабе ежы, бо ўжо за тры дні вы пярэйдзеце Ёрдан гэты, каб прыйсьці ўзяць у дзяржаньне зямлю, каторую СПАДАР, Бог ваш, даець вам на спадак"».
 
“Прыгатуйце сабе ежу, бо па трэцім дні пяройдзеце праз гэты Ярдан, каб завалодаць зямлёю, якую Госпад, Бог ваш, дае вам ва ўласнасць”».

А плямені Рувінаваму, Ґадоваму а палавіцы плямені Манасавага сказаў Ігошуа, кажучы:
 
А пакаленню Рубэна і Гада і палове пакалення Манасы сказаў:

«Помні слова, што расказаў вам Масей, слуга СПАДАРОЎ, кажучы: "СПАДАР, Бог ваш, супакоіў вас і даў вам зямлю гэтую".
 
«Прыпомніце загад, што вам загадаў Майсей, паслугач Госпада, кажучы: “Госпад, Бог ваш, даў вам супакой і гэтую зямлю”.

Жонкі вашыя, дзецяняты вашыя і статак вашы няхай прабываюць у зямлі, каторую даў вам Масей за Ёрданом; а вы перайдзіце ўзброіўшыся перад братамі сваімі, усі дужасілы, і памажыце ім,
 
Жонкі вашы, і дзеці, і жывёла будуць прабываць у зямлі, якую даў вам Майсей за Ярданам; вы, аднак, пяройдзеце са зброяй перад братамі вашымі, усе здатныя да бою мужчыны, і будзеце дапамагаць ім,

Пакуль не супакое СПАДАР братоў вашых, як і вас, і апануюць і яны зямлю, каторую СПАДАР, Бог ваш, даець ім. Тады зьверніцеся да спадку вашага й дзяржыце зямлю, каторую Масей, слуга СПАДАРОЎ, даў вам за Ёрданом на ўсход сон-ца».
 
аж пакуль дасць Госпад супакой братам вашым, як і вам даў, каб і яны таксама валодалі зямлёй, якую Госпад, Бог ваш, мае даць ім. І тады вернецеся ў зямлю валодання вашага, якую даў вам Майсей, паслугач Госпада, за Ярданам на ўсход сонца, і будзеце жыць у ёй».

І адказалі яны Ігошуу, кажучы: «Усе, што ты расказаў нам, зробім, і куды пашлеш нас, пойдзем.
 
І адказалі яны Ешуа гэтымі словамі: «Усё, што ты загадаў нам, зробім і, куды пашлеш, пойдзем.

Подле ўсяго як слухалі мы Масея, так будзем слухаць і цябе; адно хай будзе СПАДАР, Бог твой, з табою, як Ён быў з Масеям.
 
Як слухалі мы ва ўсім Майсея, так будзем слухаць і цябе; толькі хай будзе Госпад, Бог твой, з табою, як быў з Майсеем.

Кажны, хто спрацівіцца вуснам тваім і не паслухае словаў тваіх у вусім, што ты раскажаш яму, памрэць. Адно будзь дужы а адважны!»
 
Хто будзе пярэчыць вуснам тваім і не слухацца ўсіх слоў тваіх, што яму загадаеш, хай будзе пакараны смерцю; ты толькі будзь цвёрды і мужны».