Яна 1 разьдзел

Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

На пачатку было Слова, і Слова было з Богам, і Слова было Бог.
 
На пачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Богам было Слова.

Яно было на пачатку з Богам.
 
Яно было на пачатку ў Бога.

Усе перазь Яго сталася, і безь Яго нічога ня было стаўшыся, што сталася.
 
Усё праз Яго сталася, і без Яго не сталася нічога з таго, што сталася;

У Ім было жыцьцё, і жыцьцё было сьвятлінёю людзёў.
 
у Ім было жыццё, і жыццё было святлом людзей,

І сьвятліня сьвеце ў цямноце, і цямнота яе не агарнула.
 
і святло ў цемры свеціць, і цемра не агарнула яго.

Быў чалавек пасланы ад Бога, імя ягонае Яан.
 
Быў чалавек, пасланы Богам, якому імя было Ян;

Ён прышоў дзеля сьветчаньня, каб сьветчыць празь Сьвятліню, каб усі ўверылі перазь яго.
 
ён прыйшоў на сведчанне, каб прадставіць сведчанне аб Святле, каб усе паверылі праз яго.

Ён ня быў Сьвятліня, але каб сьветчыць празь Сьвятліню.
 
Не быў ён святлом, але [прыйшоў,] каб прадставіць сведчанне аб Святле.

Была праўдзівая Сьвятліня, што асьвячае кажнага чалавека, на сьвет прыходзячага.
 
Было праўдзівае Святло, Якое асвятляе кожнага чалавека, што прыходзіць у свет.

На сьвеце быў, і сьвет стаўся перазь Яго, і сьвет Яго не пазнаў.
 
Яно было ў свеце, і свет праз Яго стаўся, і свет Яго не пазнаў.

Да сваіх собскіх прышоў, і собскія Ягоныя не прынялі Яго.
 
Прыйшло Яно да сваіх, і свае Яго не прынялі.

Але ўсім тым, што прынялі Яго, даў ім права стаць дзецьмі Божымі, тым, што вераць у імя Ягонае,
 
А тым, якія Яго прынялі, дало магутнасць стацца сынамі Божымі, тым, што вераць у імя Яго,

Каторыя ня з крыві, ані з волі цела, ані з волі мужа, але з Бога нарадзіліся.
 
якія не з крыві, ані з жадання цела, ані з жадання мужа, але з Бога нарадзіліся.

І Слова стала целам, і вітала памеж нас (і мы бачылі славу Ягоную, славу як адзінароднага ад Айца), поўнае ласкі а праўды.
 
І Слова сталася целам, і пасялілася між намі, і мы бачылі славу Яго, славу як Адзінароднага ад Айца, — поўнае ласкі і праўды.

Яан сьветча празь Яго і гукаў, кажучы: «Гэта быў тый, праз Каторага я сказаў: "Хто прыходзе за імною, выперадзіў мяне, бо быў перад імною"»;
 
Ян дае сведчанне аб Ім і заклікае, кажучы: «Гэта быў Той, пра Якога я сказаў: Які па мне мае прыйсці, перада мною стаў, бо перш за мяне быў».

Бо з паўніні Ягонае ўсі мы прынялі і ласку на ласку.
 
І з паўнаты Яго ўсе мы ўзялі, і ласку за ласку;

Бо Бог закон Масеям быў даўшы; ласка а праўда сталася перазь Ісуса Хрыста.
 
бо закон быў дадзены праз Майсея, а ласка і праўда сталіся праз Ісуса Хрыста.

Бога ніхто ніколі ня бачыў, адзінародны Сын, што ёсьць у ўлоньню Айцоўскім, Ён аб’явіў.
 
Бога ніхто ніколі не бачыў; Адзінародны Сын, Які ва ўлонні Айца, Ён Сам з’явіў.

І гэта сьветчаньне Яанава, як паслалі да Яго Юдэі зь Ерузаліму сьвятароў а Левітаў, каб маглі папытацца ў Яго: «Хто Ты?»
 
І вось сведчанне Яна, калі юдэі з Ерузаліма паслалі да яго святароў і левітаў, каб у яго спыталіся: «Хто ты?»

І ён вызнаў, і не заперачыў, і вызнаў: «Я ня Хрыстос».
 
І прызнаўся, і не запярэчыў; і прызнаўся: «Я не Хрыстос».

І папыталіся ў Яго: «Дык што ж? ты Ільля?» і ён адказаў: «Не». «Прарока?» і ён адказаў «Не».
 
Дык пыталіся ў яго: «Дык што? Ты мо Ілля?» І кажа: «Не». «Дык ты прарок?» І адказвае: «Не».

Дык сказалі яму: «Хто ж ты, каб мы далі адказ тым, што паслалі нас; што ты скажаш празь сябе самога?»
 
Дык сказалі яны яму: «Хто ж ты, каб мы маглі даць адказ тым, што нас паслалі. Што ты кажаш сам пра сябе?»

Ён сказаў: «Я голас гукаючага на пустыні: "Прастайце сьцежку Спадару", як сказаў Ісая прарока».
 
Ён гаворыць: «Я — голас лямантуючага ў пустыні: “Рыхтуйце дарогу Госпаду”, як сказаў прарок Ісая».

Пасланыя ж былі з фарысэяў;
 
А пасланцы былі з фарысеяў,

І яны папыталіся ў яго, і сказалі яму: «Чаму ты хрысьціш, калі ты ня Хрыстос, ані Ільля, ані прарока?»
 
і сказалі яму: «Чаму тады хрысціш, калі ты не Хрыстос, не Ілля, ані прарок?»

Яан адказаў ім, кажучы: «Я хрышчу ў вадзе; стаіць сярод вас, Каторага ня знаеце,
 
Адказаў ім Ян, кажучы: «Я хрышчу вадою; але пасярод вас паўстаў Той, Каго вы не ведаеце,

Тый, што прыходзе за імною, у Каторага вобую я ня гожы разьвязаць рэменьчыка».
 
Які па мне ідзе, але наперадзе мяне быў, Якому я не варты развязаць рамень пасталоў Яго».

Гэта сталася ў Віфані за Ёрданом, ідзе Яан хрысьціў.
 
Гэта адбылося ў Бэтаніі за Ярданам, дзе Ян хрысціў.

Назаўтрае бача ён ідучага да сябе Ісуса й кажа: «Во Ягнётка Божае, што бярэць грэх сьвету.
 
Назаўтра ўбачыў Ян Ісуса, што ішоў да яго, і гаворыць: «Вось, Ягня Божае, Той, Хто бярэ на Сябе грэх свету.

Ён ё, праз Каторага я сказаў: "За імною ідзець муж, Каторы выперадзіў мяне, бо Ён быў уперад за мяне.
 
Гэта Той, пра Якога я сказаў: пасля мяне прыходзіць Чалавек, Які стаў перада мной, бо быў раней за мяне.

І я ня знаў Яго, але каб Ён быў выяўлены Ізраелю, дзеля таго я прышоў хрысьціць у вадзе"».
 
І я не ведаў Яго, але дзеля таго прыйшоў я, хрысцячы вадой, каб мог Ён аб’явіцца Ізраэлю».

І сьветчыў Яан, кажучы: «Я бачыў Духа, што зыходзіў, як галуба, зь неба, ды перабываў на Ім.
 
І прадставіў Ян сведчанне, кажучы: «Бачыў я Духа, што сыходзіў з неба, як голуб, і Ён застаўся на Ім;

І я ня знаў Яго; але Тый, што паслаў мяне хрысьціць у вадзе, Тый сказаў імне: «Над кім абачыш Духа, што зыходзе і застаецца на Ім, Тый ё, што хрысьце ў Духу Сьвятым»;
 
і я Яго не ведаў, але Той, Хто мяне паслаў хрысціць вадою, сказаў мне: “На Каго ўбачыш, што Дух сыходзіць і застаецца на Ім, гэта Той, Хто хрысціць Духам Святым”.

І я бачыў, і сьветчыў, што Гэты ё Сын Божы».
 
І гэта я сам бачыў і сведчу, што Ён — Сын Божы».

Назаўтрае ізноў стаяў Яан і двух вучанікаў ягоных.
 
На другі дзень зноў стаяў Ян і два вучні яго,

І, абачыўшы йдучага Ісуса, сказаў: «Гэта Ягнётка Божае».
 
і, зірнуўшы на Ісуса, Які праходзіў міма, Ян кажа: «Вось Ягня Божае».

І пачулі два вучанікі, як ён казаў, і пайшлі за Ісусам.
 
Дык пачулі Яго два вучні, як ён гэта казаў, і пайшлі за Ісусам.

Ісус жа, абярнуўшыся і абачыўшы іх ідучых за Ім, кажа ім: «Чаго шукаеце?» А яны сказалі яму: «Раббі! (што знача ў перакладзе: Вучыцелю!) ідзе перабываеш?»
 
Ісус, павярнуўшыся і ўбачыўшы, што яны ідуць, кажа ім: «Што шукаеце?» Яны сказалі Яму: «Рабі, — што ў перакладзе значыць Настаўнік, — дзе жывеш?»

Кажа ім: «Прыйдзіце й абачча». Дык яны пайшлі й абачылі, ідзе Ён перабывае, і прабылі ў Яго тый дзень. Было каля дзясятае гадзіны.
 
Кажа ім: «Ідзіце і ўбачыце». Дык пайшлі і ўбачылі, дзе жыў, і засталіся той дзень з Ім, а было блізу гадзіны дзясятай.

Андрэй, брат Сымона Пётры, быў адзін із двух, што чулі ад Яана і пайшлі за Ім.
 
А адным з двух, што пачулі ад Яна і пайшлі за Ім, быў Андрэй, брат Сімона Пётры.

Знаходзе ён першы брата свайго собскага Сымона і кажа яму: «Мы знайшлі Месію», што знача ў перакладзе: Хрыстос.
 
Ён знаходзіць перш брата свайго Сімона і кажа яму: «Знайшлі мы Месію», што значыць — Хрыста,

І прывёў яго да Ісуса. Ісус, гледзячы на яго, сказаў: «Ты Сымон, сын Ёнін; ты будзеш звацца Кіфа, што ў перакладзе: камень.
 
і прывёў яго да Ісуса. А Ісус, глянуўшы на яго, сказаў: «Ты Сімон, сын Ёны; будзеш называцца Кіфа, што значыць Пётра».

Назаўтрае хацеў Ісус ісьці да Ґалілеі, і знаходзе Піліпа, і кажа яму: «Ідзі за Імною».
 
Назаўтра Ісус маніўся ісці ў Галілею ды знаходзіць Піліпа. І кажа яму Ісус: «Ідзі за Мною».

Піліп жа быў зь Віфсаіды, места Андрэявага а Пётравага.
 
А Піліп быў з Бэтсайды, горада Андрэя і Пётры.

Піліп знаходзе Нафанайлу й кажа яму: «Мы знайшлі Таго, праз Каторага Масей пісаў у законе а прарокі, Ісуса, сына Язэпавага з Назарэту».
 
Піліп жа напаткаў Натанаэля і кажа яму: «Мы знайшлі Таго, аб Кім пісаў Майсей у законе і прарокі: Ісуса, Сына Язэпа з Назарэта».

А Нафанайла кажа яму: «Ці можа з Назарэту быць што добрае?» Піліп кажа яму: «Ідзі й глянь».
 
І сказаў яму Натанаэль: «Ці можа быць што добрае з Назарэта?» Кажа яму Піліп: «Ідзі і паглядзі».

Ісус, абачыўшы йдучага да Яго Нафанайлу, кажа празь яго: «Вось, запраўды Ізраелянін, у каторым няма хітрыні».
 
Убачыў Ісус, што Натанаэль ідзе да Яго, і кажа пра яго: «Вось праўдзівы ізраэлец, у якім няма хітрасці».

Нафанайла кажа Яму: «Скуль Ты мяне знаеш?» Адказаў Ісус і сказаў яму: «Уперад чымся Піліп гукнуў цябе, як ты быў пад фіґаю, Я бачыў цябе».
 
Натанаэль кажа Яму: «А скуль жа мяне ведаеш?» Адказваючы, сказаў яму Ісус: «Я бачыў цябе перш, чым пазваў цябе Піліп, калі ты быў пад фігавым дрэвам».

Нафанайла адказаў Яму: «Раббі! Ты Сын Божы, Ты Кароль Ізраельскі».
 
Адказаў яму Натанаэль: «Рабі, Ты — Сын Божы, Ты — Валадар Ізраэля!»

Ісус адказаў і сказаў яму: «Затым што Я сказаў табе: "Я бачыў цябе пад фіґаю", — ты верыш? абачыш балей за гэта».
 
Адказаў яму Ісус і сказаў: «Таму, што Я табе сказаў: “Я цябе бачыў пад фігавым дрэвам”, паверыў ты? Болей за гэта ўбачыш».

І кажа яму: «Запраўды, запраўды кажу вам: адгэтуль абачыце неба адчыненае й ангілаў Божых узыходзячых і зыходзячых на Сына Людзкога».
 
І кажа яму: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: убачыце неба адкрытае і анёлаў Божых, што ўзыходзяць і сыходзяць да Сына Чалавечага».