Яна 1 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Чарняўскага 2017
У пачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Богам было Слова.
На пачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Богам было Слова.
Яно было ў пачатку ў Бога.
Яно было на пачатку ў Бога.
Усё праз Яго ўзнікла, і без Яго нічога не ўзнікла, што ўзнікла.
Усё праз Яго сталася, і без Яго не сталася нічога з таго, што сталася;
У Ім было жыццё, і жыццё было святлом людзей;
у Ім было жыццё, і жыццё было святлом людзей,
і святло ў цемры свеціць, і цемра не агарнула яго.
і святло ў цемры свеціць, і цемра не агарнула яго.
З’явіўся чалавек, пасланы ад Бога, імя яму Іаан.
Быў чалавек, пасланы Богам, якому імя было Ян;
Ён прыйшоў для сведчання, каб засведчыць пра Святло, каб усе ўверавалі праз яго.
ён прыйшоў на сведчанне, каб прадставіць сведчанне аб Святле, каб усе паверылі праз яго.
Ён не быў святлом, але быў пасланы, каб засведчыць пра Святло.
Не быў ён святлом, але [прыйшоў,] каб прадставіць сведчанне аб Святле.
Гэта было Святло праўдзівае, Якое асвятляе кожнага чалавека, што прыходзіць у свет.
Было праўдзівае Святло, Якое асвятляе кожнага чалавека, што прыходзіць у свет.
У свеце Ён быў, і свет узнік праз Яго, але свет не пазнаў Яго.
Яно было ў свеце, і свет праз Яго стаўся, і свет Яго не пазнаў.
Ён прыйшоў да сваіх, і свае не прынялі Яго.
Прыйшло Яно да сваіх, і свае Яго не прынялі.
А ўсім, хто прыняў Яго, Ён даў уладу стаць дзецьмі Божымі, тым, што веруюць у Яго імя,
А тым, якія Яго прынялі, дало магутнасць стацца сынамі Божымі, тым, што вераць у імя Яго,
якія не ад крыві, не ад жадання цела, не ад жадання мужа, але ад Бога нарадзіліся.
якія не з крыві, ані з жадання цела, ані з жадання мужа, але з Бога нарадзіліся.
І Слова зрабілася целам і пасялілася ў нас. І мы ўбачылі Яго славу, славу як Адзінароднага ад Бацькі, — поўнае ласкі і праўды.
І Слова сталася целам, і пасялілася між намі, і мы бачылі славу Яго, славу як Адзінароднага ад Айца, — поўнае ласкі і праўды.
Іаан сведчыць пра Яго і, усклікваючы, кажа: Гэта быў Той, пра Каго я сказаў: «Той, Хто за мною ідзе, стаў перада мною, бо Ён быў раней за мяне».
Ян дае сведчанне аб Ім і заклікае, кажучы: «Гэта быў Той, пра Якога я сказаў: Які па мне мае прыйсці, перада мною стаў, бо перш за мяне быў».
Бо1 ад Яго паўнаты мы ўсе атрымалі, і ласку за ласкаю;
І з паўнаты Яго ўсе мы ўзялі, і ласку за ласку;
таму што закон быў дадзены праз Маісея, ласка і праўда сталіся праз Ісуса Хрыста.
бо закон быў дадзены праз Майсея, а ласка і праўда сталіся праз Ісуса Хрыста.
Бога ніхто не бачыў ніколі; Адзінародны Сын2, што ёсць ва ўлонні Бацькі, Той аб’явіў Яго.
Бога ніхто ніколі не бачыў; Адзінародны Сын, Які ва ўлонні Айца, Ён Сам з’явіў.
І вось сведчанне Іаана, калі іудзеі паслалі да яго з Іерусаліма святароў і лявітаў, каб спыталіся ў яго: Хто ты?
І вось сведчанне Яна, калі юдэі з Ерузаліма паслалі да яго святароў і левітаў, каб у яго спыталіся: «Хто ты?»
І ён вызнаў і не адмовіўся, а вызнаў: Я не Хрыстос.
І прызнаўся, і не запярэчыў; і прызнаўся: «Я не Хрыстос».
І яны спыталіся ў яго: Дык што? Ты Ілія? — І ён адказаў: Не. — Ці ты прарок? — І ён адказаў: Не.
Дык пыталіся ў яго: «Дык што? Ты мо Ілля?» І кажа: «Не». «Дык ты прарок?» І адказвае: «Не».
Дык яны сказалі яму: Хто ты, каб нам даць адказ тым, хто паслаў нас? Што ты кажаш пра самога сябе?
Дык сказалі яны яму: «Хто ж ты, каб мы маглі даць адказ тым, што нас паслалі. Што ты кажаш сам пра сябе?»
Ён сказаў: Я вокліч прапаведніка ў пустэльні: «Выпрастайце дарогу Гасподнюю», як сказаў Ісаія-прарок.
Ён гаворыць: «Я — голас лямантуючага ў пустыні: “Рыхтуйце дарогу Госпаду”, як сказаў прарок Ісая».
А пасланыя былі з фарысеяў.
А пасланцы былі з фарысеяў,
І яны спыталіся ў яго і сказалі яму: Што ж ты хрысціш, калі ты не Хрыстос, і не Ілія, і не прарок?
і сказалі яму: «Чаму тады хрысціш, калі ты не Хрыстос, не Ілля, ані прарок?»
Адказаў ім Іаан, кажучы: Я хрышчу ў вадзе, [але] сярод вас стаіць Той, Каго вы не ведаеце,
Адказаў ім Ян, кажучы: «Я хрышчу вадою; але пасярод вас паўстаў Той, Каго вы не ведаеце,
Які за мною ідзе і Якому я не варты, каб развязаць раменьчык Яго сандаля.
Які па мне ідзе, але наперадзе мяне быў, Якому я не варты развязаць рамень пасталоў Яго».
Гэта адбылося ў Віфаніі3 за Іарданам, дзе Іаан хрысціў.
Гэта адбылося ў Бэтаніі за Ярданам, дзе Ян хрысціў.
На другі дзень ён4 бачыць Ісуса, што да яго ідзе, і кажа: вось Ягнятка Божае, Якое бярэ на Сябе грэх свету.
Назаўтра ўбачыў Ян Ісуса, што ішоў да яго, і гаворыць: «Вось, Ягня Божае, Той, Хто бярэ на Сябе грэх свету.
Гэта Той, пра Каго я сказаў: «За мною ідзе Муж, Які стаў перада мною, бо Ён быў раней за мяне».
Гэта Той, пра Якога я сказаў: пасля мяне прыходзіць Чалавек, Які стаў перада мной, бо быў раней за мяне.
І я не ведаў Яго, але, каб Ён быў абвешчаны Ізраілю, — для гэтага я прыйшоў хрысціць у вадзе.
І я не ведаў Яго, але дзеля таго прыйшоў я, хрысцячы вадой, каб мог Ён аб’явіцца Ізраэлю».
І Іаан засведчыў, кажучы: Я ўбачыў Духа, што сходзіў, як голуб, з неба, і Ён застаўся на Ім.
І прадставіў Ян сведчанне, кажучы: «Бачыў я Духа, што сыходзіў з неба, як голуб, і Ён застаўся на Ім;
І я не ведаў Яго, але Той, Хто паслаў мяне хрысціць у вадзе, мне сказаў: «На Каго ўбачыш, што сходзіць Дух і застаецца на Ім, — гэта Той, Хто хрысціць Святым Духам».
і я Яго не ведаў, але Той, Хто мяне паслаў хрысціць вадою, сказаў мне: “На Каго ўбачыш, што Дух сыходзіць і застаецца на Ім, гэта Той, Хто хрысціць Духам Святым”.
І я ўбачыў і засведчыў, што Гэты — Сын Божы.
І гэта я сам бачыў і сведчу, што Ён — Сын Божы».
На другі дзень зноў стаяў Іаан і два з яго вучняў;
На другі дзень зноў стаяў Ян і два вучні яго,
і, убачыўшы Ісуса, што праходзіў, ён кажа: Вось Ягнятка Божае.
і, зірнуўшы на Ісуса, Які праходзіў міма, Ян кажа: «Вось Ягня Божае».
І два вучні пачулі, як ён гэта сказаў і пайшлі ўслед за Ісусам.
Дык пачулі Яго два вучні, як ён гэта казаў, і пайшлі за Ісусам.
А Ісус, павярнуўшыся і ўбачыўшы, што яны ідуць услед, кажа ім: Што вы шукаеце? — Яны ж сказалі Яму: Равві (што ў перакладзе значыць «Настаўніку»), дзе Ты жывеш?
Ісус, павярнуўшыся і ўбачыўшы, што яны ідуць, кажа ім: «Што шукаеце?» Яны сказалі Яму: «Рабі, — што ў перакладзе значыць Настаўнік, — дзе жывеш?»
Ён кажа ім: Ідзіце і ўбачыце. — Дык яны пайшлі і ўбачылі, дзе Ён жыве, і прабылі ў Яго той дзень; было каля дзесятай гадзіны.
Кажа ім: «Ідзіце і ўбачыце». Дык пайшлі і ўбачылі, дзе жыў, і засталіся той дзень з Ім, а было блізу гадзіны дзясятай.
Андрэй, брат Сімана Пятра, быў адзін з двух, што пачулі гэта ад Іаана і пайшлі ўслед за Ім.
А адным з двух, што пачулі ад Яна і пайшлі за Ім, быў Андрэй, брат Сімона Пётры.
Ён знаходзіць спярша5 свайго брата Сімана і кажа яму: Мы знайшлі Месію (што ў перакладзе значыць: «Хрыстос»);
Ён знаходзіць перш брата свайго Сімона і кажа яму: «Знайшлі мы Месію», што значыць — Хрыста,
[і ён] прывёў яго да Ісуса. Ісус, глянуўшы на яго, сказаў: «Ты — Сіман, сын Іаанаў6, ты будзеш называцца Кіфа (што перакладаецца «Пётр»7).
і прывёў яго да Ісуса. А Ісус, глянуўшы на яго, сказаў: «Ты Сімон, сын Ёны; будзеш называцца Кіфа, што значыць Пётра».
На другі дзень Ён захацеў пайсці ў Галілею і знаходзіць Філіпа. І кажа яму Ісус: Ідзі ўслед за Мною.
Назаўтра Ісус маніўся ісці ў Галілею ды знаходзіць Піліпа. І кажа яму Ісус: «Ідзі за Мною».
А Філіп быў з Віфсаіды, з горада Андрэя і Пятра.
А Піліп быў з Бэтсайды, горада Андрэя і Пётры.
Філіп знаходзіць Нафанаіла і кажа яму: Мы знайшлі Таго, пра Каго напісаў Маісей у законе і прарокі, Ісуса, Іосіфавага сына, з Назарэта.
Піліп жа напаткаў Натанаэля і кажа яму: «Мы знайшлі Таго, аб Кім пісаў Майсей у законе і прарокі: Ісуса, Сына Язэпа з Назарэта».
І Нафанаіл сказаў яму: Ці ж можа быць з Назарэта што добрае? — Філіп кажа яму: Прыйдзі і паглядзі.
І сказаў яму Натанаэль: «Ці можа быць што добрае з Назарэта?» Кажа яму Піліп: «Ідзі і паглядзі».
Ісус убачыў Нафанаіла, што ішоў да Яго, і кажа пра яго: Вось сапраўды ізраільцянін, у якім няма хітрыкаў.
Убачыў Ісус, што Натанаэль ідзе да Яго, і кажа пра яго: «Вось праўдзівы ізраэлец, у якім няма хітрасці».
Нафанаіл кажа Яму: Адкуль Ты мяне ведаеш? — У адказ Ісус сказаў яму: Перш чым паклікаў цябе Філіп, калі ты быў пад фігавым дрэвам, Я бачыў цябе.
Натанаэль кажа Яму: «А скуль жа мяне ведаеш?» Адказваючы, сказаў яму Ісус: «Я бачыў цябе перш, чым пазваў цябе Піліп, калі ты быў пад фігавым дрэвам».
Нафанаіл адказаў Яму: Равві, Ты Сын Божы, Ты Цар Ізраілеў.
Адказаў яму Натанаэль: «Рабі, Ты — Сын Божы, Ты — Валадар Ізраэля!»
У адказ Ісус сказаў яму: Ты верыш, таму што я сказаў табе, што бачыў цябе пад фігавым дрэвам; болей за гэта пабачыш.
Адказаў яму Ісус і сказаў: «Таму, што Я табе сказаў: “Я цябе бачыў пад фігавым дрэвам”, паверыў ты? Болей за гэта ўбачыш».
І кажа яму: Сапраўды, сапраўды кажу вам: [з гэтага часу] ўбачыце раскрытае неба і Анёлаў Божых, якія ўзыходзяць і сходзяць да Сына Чалавечага.
І кажа яму: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: убачыце неба адкрытае і анёлаў Божых, што ўзыходзяць і сыходзяць да Сына Чалавечага».