Яна 12 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Чарняўскага 2017
Тады Ісус за шэсць дзён да Пасхі прыйшоў у Віфанію, дзе быў памерлы Лазар, якога Ісус уваскрэсіў з мёртвых.
А за шэсць дзён перад Пасхай прыйшоў Ісус у Бэтанію, дзе быў Лазар памерлы, якога Ісус падняў з мёртвых.
І вось справілі Яму там вячэру, і Марфа прыслугоўвала, а Лазар быў адным з тых, што ўзлягалі з Ім.
Дык прыгатавалі Яму там вячэру, і Марта паслугавала, а Лазар быў адным з тых, якія ўзлягалі з Ім пры стале.
Тады Марыям, узяўшы фунт міра з чыстага найкаштоўнейшага нарда, памазала Ісусу ногі і выцерла сваімі валасамі Яго ногі; і дом напоўніўся водарам міра.
Марыя ж узяла фунт каштоўнага алейку нардавага і намасціла ногі Ісусу, і абцёрла сваімі валасамі Яго ногі, а пах алейку напоўніў увесь дом.
А Іуда Іскарыёт, адзін з Яго вучняў, што меўся Яго выдаць, кажа:
Кажа тады адзін з вучняў Яго, Юда Сімонаў Іскарыёт, які меўся Яго выдаць:
Чаму не прадалі гэтае міра за трыста дынарыяў і не далі ўбогім?
«Чаму не прадалі гэтага алейку за трыста дынараў і не раздалі ўбогім?»
А сказаў ён гэта не таму, што рупіўся пра ўбогіх, а таму, што быў злодзей і, маючы скарбонку, насіў тое, што туды апускалі.
А сказаў гэта не таму, што ён дбаў пра ўбогіх, але таму, што быў злодзей ды, маючы грашовы капшук, насіў тое, што туды кідалі.
Тады Ісус сказаў: Пакінь яе; яна зберагла яго на дзень Майго пахавання;
Сказаў тады Ісус: «Не дакучайце ёй, бо яна захавала гэта на дзень Майго пахавання.
бо ўбогіх заўсёды вы маеце з сабою, Мяне ж не заўсёды маеце.
Убогіх пры сабе заўсёды маеце, а Мяне — не заўсёды».
Тады вялікі натоўп іудзеяў даведаўся, што Ён там, і яны прыйшлі не толькі дзеля Ісуса, але і каб убачыць Лазара, якога Ён уваскрэсіў з мёртвых.
І шмат хто з юдэяў даведаўся, што Ён там, і прыйшлі не толькі дзеля Ісуса, але і каб убачыць Лазара, якога Ён падняў з мёртвых.
А першасвятары пастанавілі забіць і Лазара,
Дык першасвятары пастанавілі забіць таксама Лазара,
бо многія з іудзеяў з-за яго прыходзілі і ўверавалі ў Ісуса.
бо многа юдэяў дзеля яго прыходзілі і верылі ў Ісуса.
На другі дзень мноства людзей, якія прыйшлі на свята, пачуўшы, што Ісус ідзе ў Іерусалім,
А назаўтра многія людзі, што прыйшлі на свята, калі пачулі, што Ісус ідзе ў Ерузалім,
узялі пальмавыя галіны і выйшлі насустрач Яму і ўсклікалі: Гасанна! Дабраславёны, Хто ідзе ў імя Гасподняе — Цар Ізраілеў!
назбіралі пальмавых галінак і выйшлі Яму насустрач, усклікаючы: «Гасана! Дабраславёны, Хто прыходзіць у імя Госпада, Цар Ізраэля».
Ісус жа, знайшоўшы асляня, сеў на яго, як напісана:
Ісус жа знайшоў асляня і сеў на яго, як напісана:
«Не бойся, дачка Сіёна! Вось, твой Цар ідзе, седзячы на маладым асле».
«Не бойся, дачка Сіёна! Вось жа, Валадар твой прыходзіць, седзячы на асляняці».
Гэтага Яго вучні спярша не зразумелі, але калі Ісус быў праслаўлены, тады яны ўспомнілі, што гэта пра Яго было напісана і гэта зрабілі Яму.
Спачатку вучні Яго не зразумелі гэтага, але, калі Ісус ужо быў праслаўлены, тады яны прыпомнілі, што так было пра Яго напісана і так і здзейснілася з Ім.
Сведчыў жа натоўп, які быў з Ім, калі Ён выклікаў Лазара з магільні і ўваскрэсіў Яго з мёртвых.
Таксама сведчылі і людзі, што былі з Ім, калі выклікаў з магілы Лазара і падняў яго з мёртвых.
Таму [і] выйшаў народ насустрач Яму, бо яны пачулі, што Ён стварыў гэты знак.
З гэтай прычыны выйшаў натоўп людзей Яму на спатканне, бо чулі, што Ён гэткі знак учыніў.
Тады фарысеі казалі між сабою: Бачыце, што нічога не дасягаеце; вось, увесь свет пайшоў за Ім.
Фарысеі ж казалі між сабою: «Бачыце, што ад вас нічога не залежыць? Вось, увесь свет пайшоў за Ім».
Былі і некаторыя эліны між тых, што ішлі пакланіцца на свята;
Між тымі, што прыбылі на дзень святочны, каб пакланіцца Богу, было таксама некалькі грэкаў;
яны падышлі да Філіпа, што быў з Віфсаіды Галілейскай, і прасілі яго, кажучы: Спадару, мы хочам убачыць Ісуса.
яны, вось, звярнуліся да Піліпа, што быў з Бэтсайды Галілейскай, і прасілі яго, кажучы: «Гаспадару, хочам пабачыць Ісуса».
Прыходзіць Філіп і кажа Андрэю, прыходзіць Андрэй і з ім Філіп і кажуць Ісусу.
Дык Піліп ідзе і кажа Андрэю, а Андрэй і Піліп ідуць і кажуць Ісусу.
Ісус жа адказвае ім, кажучы: Надышла гадзіна, каб быў праслаўлены Сын Чалавечы.
А Ісус адказвае ім, кажучы: «Прыйшла гадзіна, каб праслаўлены быў Сын Чалавечы.
Сапраўды, сапраўды кажу вам: калі пшанічнае зерне, упаўшы ў зямлю, не памрэ, яно застаецца адно; калі ж памрэ, шмат плёну прыносіць.
Сапраўды, сапраўды кажу вам: калі пшанічнае зерне, укінутае ў зямлю, не памрэ, дык застаецца адно; а калі памрэ, то прыносіць шмат пладоў.
Хто любіць сваю душу, той губіць36 яе, а хто ненавідзіць сваю душу ў гэтым свеце, захавае яе для вечнага жыцця.
Хто любіць сваю душу, загубіць яе, а хто мае ў нянавісці сваю душу на гэтым свеце, зберажэ яе на жыццё вечнае.
Калі Мне хто служыць, няхай ідзе ўслед за Мною; і дзе Я, там і Мой слуга будзе; калі хто Мне служыць, ушануе яго [Мой] Бацька.
Хто б хацеў Мне служыць, хай ідзе за Мною, і дзе Я, там будзе і паслугач Мой; калі хто Мне служыць, шануе яго Айцец.
Цяпер Мая душа ўстрывожаная, і што Мне сказаць? Татухна, уратуй Мяне ад гэтай гадзіны? Але дзеля гэтага Я прыйшоў на гэтую гадзіну.
Цяпер моцна ўсхвалявана душа Мая. Што Мне сказаць: Ойча, захавай Мяне ад гэтай гадзіны? Але ж дзеля гэтага Я прыйшоў на гэтую гадзіну.
Татухна, праслаў Тваё імя. — Тады прыйшоў голас з неба: І праславіў і зноў праслаўлю.
Ойча, праслаў імя Тваё!» І азваўся голас з неба: «І праславіў, і яшчэ праслаўлю!»
А натоўп, які стаяў і чуў, казаў: Загрымела! — Іншыя казалі: З ім Анёл гаварыў.
А людзі, што стаялі і чулі, казалі, што загрымела; а іншыя казалі: «Анёл прамовіў да Яго».
У адказ Ісус сказаў: Не для Мяне быў гэты голас, а для вас.
Адказаў Ісус і сказаў: «Не дзеля Мяне азваўся голас гэты, але дзеля вас.
Цяпер суд гэтаму свету, цяпер князь гэтага свету будзе выгнаны вон;
Цяпер суд гэтаму свету, цяпер князя гэтага свету выганяць вон;
і Я, калі буду ўзнесены ад зямлі, усіх прыцягну да Сябе.
а Я, калі буду падняты над зямлёй, усіх прыцягну да Сябе».
А гэта Ён казаў, даючы зразумець, якою смерцю належала Яму памерці.
А казаў гэта, вызначаючы, якою смерцю мае памерці.
Тады натоўп адказаў Яму: Мы чулі з закона, што Хрыстос застаецца навекі, і як Ты кажаш, што Сын Чалавечы павінен быць узнесены? Хто Гэты Сын Чалавечы?
Адказаў Яму натоўп: «Мы чулі з закону, што Хрыстос трывае вечна; а як жа Ты кажаш: “Трэба, каб быў падняты Сын Чалавечы”? Хто гэты Сын Чалавечы?»
Тады Ісус сказаў ім: Яшчэ няшмат часу святло між вамі37. Хадзіце, пакуль маеце святло, каб вас цемра не агарнула; а хто ў цемры ходзіць, не ведае, куды ідзе.
Сказаў ім тады Ісус: «Яшчэ толькі кароткі час будзе святло сярод вас; хадзіце, пакуль маеце святло, каб вас цемра не агарнула; бо, хто ў цемры ходзіць, не ведае, куды ідзе.
Пакуль маеце святло, веруйце ў святло, каб зрабіцца сынамі святла. — Ісус сказаў гэта і, адышоўшы ад іх, знік.
Пакуль маеце святло, верце ў святло, каб былі вы сынамі святла». Гэта сказаў Ісус і адышоў, ды схаваўся ад іх.
І хоць гэтулькі знакаў Ён стварыў перад імі, яны не ўверавалі ў Яго,
Ды хоць так многа знакаў учыніў Ён перад імі, не верылі ў Яго,
каб спраўдзілася слова прарока Ісаіі, якое сказаў ён: «Госпадзе, хто паверыў чутаму ад нас? І рука Гасподняя каму адкрылася?»
каб споўніліся словы Ісаі прарока, які сказаў: «Госпадзе, хто ўверыў пачутаму ад нас, ды рука Госпада каму была аб’яўлена?»
Яны таму не маглі ўвераваць, што яшчэ сказаў Ісаія:
Дзеля таго не змаглі ўверыць, што, як далей сказаў Ісая:
«Ён асляпіў іх вочы і скамяніў іх сэрца, каб яны не бачылі вачыма і не зразумелі сэрцам, і не далучыліся, каб Я зрабіў здаровымі іх».
«Засляпіў вочы іх і закамяніў сэрца іх, каб часам вачамі не ўбачылі ды сэрцам не зразумелі, і не навярнуліся, і Я не аздаравіў іх».
Ісаія сказаў гэта, таму што бачыў Яго славу і казаў пра Яго.
Гэта сказаў Ісая, калі ўбачыў хвалу Яго і гаварыў пра Яго.
Хоць, аднак, і з начальнікаў многія ўверавалі ў Яго, але з-за фарысеяў не прызнаваліся, каб іх не адлучылі ад сінагогі;
Усё ж такі многа з кіраўнікоў уверыла ў Яго, але са страху перад фарысеямі не прызнаваліся, каб іх не вылучылі з сінагогі;
бо палюбілі чалавечую славу больш за славу Божую.
бо славу людзей больш узлюбілі, чым славу Божую.
Ісус жа ўсклікнуў і сказаў: Хто веруе ў Мяне, не ў Мяне веруе, але ў Таго, Хто паслаў Мяне,
А Ісус усклікнуў і сказаў: «Хто верыць у Мяне, не ў Мяне верыць, але ў Таго, Хто паслаў Мяне;
і хто бачыць мяне, бачыць Таго, Хто паслаў Мяне.
і хто Мяне бачыць, бачыць Таго, Хто паслаў Мяне.
Я, Святло, у свет прыйшоў, каб кожны, хто веруе ў Мяне, не застаўся ў цемры.
Я святлом прыйшоў у свет, каб кожны, хто верыць у Мяне, не заставаўся ў цемры.
І калі хто пачуе Мае словы і не зберажэ38, Я не суджу яго; бо Я прыйшоў не судзіць свет, а ўратаваць свет.
І хто пачуе словы Мае і не ўверуе, Я яго не суджу, бо Я не прыйшоў, каб судзіць свет, але каб збавіць свет.
Хто адхіляе Мяне і не прымае Маіх слоў, той мае суддзю сабе: слова, якое Я казаў, яно будзе судзіць яго ў апошні дзень.
Хто грэбуе Мною і не прымае слоў Маіх, той ужо мае суддзю сабе: слова, што Я сказаў, яно асудзіць яго ў апошні дзень;
Бо Я не ад Сябе казаў, а Бацька, што паслаў Мяне, Сам Мне запаведзь даў, што Мне сказаць і што прамаўляць.
бо Я не ад Самога Сябе гаварыў, але Айцец, Які Мяне паслаў, Ён Мне даў загад, што маю гаварыць і вясціць.
І ведаю, што Яго запаведзь — вечнае жыццё. А што Я кажу, кажу так, як казаў Мне Бацька.
І Я ведаю, што загад Яго ёсць жыццё вечнае. І тое, што Я гавару, Я гавару так, як Мне сказаў Айцец».