Яна 12 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Анатоля Клышкi → Біблія Скарыны (Бразгуноў)
Тады Ісус за шэсць дзён да Пасхі прыйшоў у Віфанію, дзе быў памерлы Лазар, якога Ісус уваскрэсіў з мёртвых.
І вось справілі Яму там вячэру, і Марфа прыслугоўвала, а Лазар быў адным з тых, што ўзлягалі з Ім.
Тады Марыям, узяўшы фунт міра з чыстага найкаштоўнейшага нарда, памазала Ісусу ногі і выцерла сваімі валасамі Яго ногі; і дом напоўніўся водарам міра.
А Іуда Іскарыёт, адзін з Яго вучняў, што меўся Яго выдаць, кажа:
Чаму не прадалі гэтае міра за трыста дынарыяў і не далі ўбогім?
А сказаў ён гэта не таму, што рупіўся пра ўбогіх, а таму, што быў злодзей і, маючы скарбонку, насіў тое, што туды апускалі.
Тады Ісус сказаў: Пакінь яе; яна зберагла яго на дзень Майго пахавання;
бо ўбогіх заўсёды вы маеце з сабою, Мяне ж не заўсёды маеце.
Тады вялікі натоўп іудзеяў даведаўся, што Ён там, і яны прыйшлі не толькі дзеля Ісуса, але і каб убачыць Лазара, якога Ён уваскрэсіў з мёртвых.
А першасвятары пастанавілі забіць і Лазара,
бо многія з іудзеяў з-за яго прыходзілі і ўверавалі ў Ісуса.
На другі дзень мноства людзей, якія прыйшлі на свята, пачуўшы, што Ісус ідзе ў Іерусалім,
узялі пальмавыя галіны і выйшлі насустрач Яму і ўсклікалі: Гасанна! Дабраславёны, Хто ідзе ў імя Гасподняе — Цар Ізраілеў!
Ісус жа, знайшоўшы асляня, сеў на яго, як напісана:
«Не бойся, дачка Сіёна! Вось, твой Цар ідзе, седзячы на маладым асле».
Гэтага Яго вучні спярша не зразумелі, але калі Ісус быў праслаўлены, тады яны ўспомнілі, што гэта пра Яго было напісана і гэта зрабілі Яму.
Сведчыў жа натоўп, які быў з Ім, калі Ён выклікаў Лазара з магільні і ўваскрэсіў Яго з мёртвых.
Таму [і] выйшаў народ насустрач Яму, бо яны пачулі, што Ён стварыў гэты знак.
Тады фарысеі казалі між сабою: Бачыце, што нічога не дасягаеце; вось, увесь свет пайшоў за Ім.
Былі і некаторыя эліны між тых, што ішлі пакланіцца на свята;
яны падышлі да Філіпа, што быў з Віфсаіды Галілейскай, і прасілі яго, кажучы: Спадару, мы хочам убачыць Ісуса.
Прыходзіць Філіп і кажа Андрэю, прыходзіць Андрэй і з ім Філіп і кажуць Ісусу.
Ісус жа адказвае ім, кажучы: Надышла гадзіна, каб быў праслаўлены Сын Чалавечы.
Сапраўды, сапраўды кажу вам: калі пшанічнае зерне, упаўшы ў зямлю, не памрэ, яно застаецца адно; калі ж памрэ, шмат плёну прыносіць.
Хто любіць сваю душу, той губіць36 яе, а хто ненавідзіць сваю душу ў гэтым свеце, захавае яе для вечнага жыцця.
Калі Мне хто служыць, няхай ідзе ўслед за Мною; і дзе Я, там і Мой слуга будзе; калі хто Мне служыць, ушануе яго [Мой] Бацька.
Цяпер Мая душа ўстрывожаная, і што Мне сказаць? Татухна, уратуй Мяне ад гэтай гадзіны? Але дзеля гэтага Я прыйшоў на гэтую гадзіну.
Татухна, праслаў Тваё імя. — Тады прыйшоў голас з неба: І праславіў і зноў праслаўлю.
А натоўп, які стаяў і чуў, казаў: Загрымела! — Іншыя казалі: З ім Анёл гаварыў.
У адказ Ісус сказаў: Не для Мяне быў гэты голас, а для вас.
Цяпер суд гэтаму свету, цяпер князь гэтага свету будзе выгнаны вон;
і Я, калі буду ўзнесены ад зямлі, усіх прыцягну да Сябе.
А гэта Ён казаў, даючы зразумець, якою смерцю належала Яму памерці.
Тады натоўп адказаў Яму: Мы чулі з закона, што Хрыстос застаецца навекі, і як Ты кажаш, што Сын Чалавечы павінен быць узнесены? Хто Гэты Сын Чалавечы?
Тады Ісус сказаў ім: Яшчэ няшмат часу святло між вамі37. Хадзіце, пакуль маеце святло, каб вас цемра не агарнула; а хто ў цемры ходзіць, не ведае, куды ідзе.
Пакуль маеце святло, веруйце ў святло, каб зрабіцца сынамі святла. — Ісус сказаў гэта і, адышоўшы ад іх, знік.
І хоць гэтулькі знакаў Ён стварыў перад імі, яны не ўверавалі ў Яго,
каб спраўдзілася слова прарока Ісаіі, якое сказаў ён: «Госпадзе, хто паверыў чутаму ад нас? І рука Гасподняя каму адкрылася?»
Яны таму не маглі ўвераваць, што яшчэ сказаў Ісаія:
«Ён асляпіў іх вочы і скамяніў іх сэрца, каб яны не бачылі вачыма і не зразумелі сэрцам, і не далучыліся, каб Я зрабіў здаровымі іх».
Ісаія сказаў гэта, таму што бачыў Яго славу і казаў пра Яго.
Хоць, аднак, і з начальнікаў многія ўверавалі ў Яго, але з-за фарысеяў не прызнаваліся, каб іх не адлучылі ад сінагогі;
бо палюбілі чалавечую славу больш за славу Божую.
Ісус жа ўсклікнуў і сказаў: Хто веруе ў Мяне, не ў Мяне веруе, але ў Таго, Хто паслаў Мяне,
і хто бачыць мяне, бачыць Таго, Хто паслаў Мяне.
Я, Святло, у свет прыйшоў, каб кожны, хто веруе ў Мяне, не застаўся ў цемры.
І калі хто пачуе Мае словы і не зберажэ38, Я не суджу яго; бо Я прыйшоў не судзіць свет, а ўратаваць свет.
Хто адхіляе Мяне і не прымае Маіх слоў, той мае суддзю сабе: слова, якое Я казаў, яно будзе судзіць яго ў апошні дзень.
Бо Я не ад Сябе казаў, а Бацька, што паслаў Мяне, Сам Мне запаведзь даў, што Мне сказаць і што прамаўляць.
І ведаю, што Яго запаведзь — вечнае жыццё. А што Я кажу, кажу так, як казаў Мне Бацька.