Яна 16 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Анатоля Клышкi → Біблія Скарыны (Бразгуноў)
Гэта Я сказаў вам, каб вы не спакусіліся.
Вас будуць адлучаць ад сінагогі; але надыходзіць гадзіна, калі кожны, хто будзе забіваць вас, будзе думаць, што ён служыць Богу.
І гэта яны будуць рабіць, бо не спазналі ні Бацькі, ні Мяне.
Але Я сказаў вам гэта, дзеля таго, калі надыдзе іх гадзіна, вы памяталі, пра што Я казаў вам. А не сказаў вам гэта спачатку, таму што быў з вамі.
Цяпер жа іду да Таго, Хто паслаў Мяне, і ніхто з вас не пытаецца ў Мяне: «Куды ідзеш?»
Але таму, што Я сказаў вам гэта, смутак напоўніў ваша сэрца.
Але Я праўду кажу вам: лепш вам, каб Я адышоў. Бо калі Я не адыду, Абаронца не прыйдзе да вас; калі ж пайду, пашлю Яго да вас.
І Ён, прыйшоўшы, выкрые свет у граху, у праведнасці і ў судзе.
У граху, бо не веруюць у Мяне;
у праведнасці, бо Я да [Майго] Бацькі іду, і вы ўжо не ўбачыце Мяне;
а ў судзе, — што князь гэтага свету засуджаны.
Яшчэ шмат чаго маю сказаць вам, але цяпер вы не зможаце асягнуць.
Калі ж прыйдзе Ён, Дух праўды, то ўвядзе вас ва ўсю праўду; бо Ён не будзе казаць ад Сябе, але будзе казаць тое, што пачуе, і будучыню абвесціць вам.
Ён Мяне праславіць, таму што ад Майго возьме і абвесціць вам.
Усё, што мае Бацька, — Маё; таму Я сказаў, што Ён ад Майго возьме і абвесціць вам.
Яшчэ нядоўга і вы ўжо не ўбачыце Мяне, і зноў нядоўга — і вы ўбачыце Мяне, [бо Я іду да Бацькі].
Тады некаторыя з вучняў сказалі адзін аднаму: Што гэта Ён кажа нам: «Яшчэ нядоўга — і вы не ўбачыце Мяне, і зноў нядоўга — і вы ўбачыце Мяне», і: «Таму што Я іду да Бацькі»?
Яны казалі: Што гэта такое, [што Ён кажа]: «Яшчэ нядоўга»? Не ведаем, што Ён кажа.
Ісус зразумеў, што хацелі ў Яго спытацца, і сказаў ім: Ці не пра тое між сабою разважаеце, што Я сказаў: «Яшчэ нядоўга — і вы не ўбачыце Мяне, і зноў нядоўга — і вы ўбачыце Мяне»?
Сапраўды, сапраўды кажу вам, што вы будзеце плакаць і галасіць, а свет будзе радавацца; вы будзеце смуткаваць, але ваш смутак у радасць абернецца.
Жанчына, калі нараджае, церпіць боль, бо надышла яе гадзіна; калі ж народзіць дзіцятка, ужо не памятае мукі з радасці, што чалавек нарадзіўся на свет.
І вось вы цяпер церпіце боль; але Я зноў убачу вас і ўзрадуецца ваша сэрца, і вашай радасці ніхто не адыме ў вас.
І ў той дзень вы ў Мяне ні пра што не спытаецеся. Сапраўды, сапраўды кажу вам: калі чаго папросіце Бацьку ў Маё імя, дасць вам.
Дагэтуль вы не прасілі нічога ў Маё імя; прасіце і атрымаеце, каб ваша радасць была поўная.
Гэта я ў прыпавесцях казаў вам; надыходзіць гадзіна, калі я ўжо не ў прыпавесцях буду казаць вам, а адкрыта пра Бацьку абвяшчу вам.
У той дзень будзеце прасіць у Маё імя, і не кажу вам, што Я буду маліць Бацьку за вас.
Бо Сам Бацька любіць вас, таму што вы Мяне палюбілі і ўверавалі, што Я ад Бога выйшаў.
Я выйшаў ад Бога і прыйшоў у свет; зноў пакідаю свет і іду да Бацькі.
Яго вучні кажуць: Вось, цяпер Ты гаворыш адкрыта, і ніякай прыпавесці не кажаш.
Цяпер мы ведаем, што Ты ведаеш усё і не маеш патрэбы, каб хто-небудзь у Цябе пытаўся; таму веруем, што Ты выйшаў ад Бога.
Ісус адказаў ім: Цяпер веруеце?
Вось надыходзіць гадзіна і прыйшла [цяпер], калі вы рассеяцеся кожны ў свой бок, і пакінеце Мяне аднаго; але Я не адзін, таму што Бацька са Мною.
Гэта сказаў Я вам, каб вы ўва Мне мелі спакой. У свеце вы зазнаеце муку; але адважней: Я перамог свет.