Марка 1 разьдзел

Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Анатоля Клышкi → Біблія Скарыны (Бразгуноў)

 
 

Пачатак Дабравесця Ісуса Хрыста, [Сына Божага].
 

Як напісана ў прарока Ісаіі1: «Вось, Я пасылаю Майго пасланца перад Тваім абліччам, які падрыхтуе Тваю дарогу [перад Табою];
 

голас вестуна ў пустэльні: «Падрыхтуйце дарогу Госпаду, прастуйце сцежкі Яму».
 

З’явіўся Іаан, які хрысціў у пустэльні і абвяшчаў хрышчэнне пакаяння дзеля даравання грахоў.
 

І выходзіла да яго ўся Іудзейская краіна і ўсе іерусалімцы, і хрысціліся ад яго ў рацэ Іардане, вызнаючы свае грахі.
 

І быў Іаан у вопратцы з вярблюджай шэрсці і са скураным поясам на паясніцы сваёй, і еў саранчу ды палявы мёд.
 

І абвяшчаў, кажучы: Ідзе за мною Мацнейшы за мяне, у Якога я няварты, нахіліўшыся, развязаць раменьчык Яго сандаляў.
 

Я хрысціў вас вадою, а Ён будзе хрысціць у Святым Духу.
 

І сталася: у тыя дні прыйшоў Ісус з Назарэта Галілейскага і быў ахрышчаны Іаанам у Іардане.
 

І адразу, выходзячы з вады, убачыў, як раскрываюцца нябёсы і Дух, як голуб, зыходзіць на Яго;
 

І голас пачуўся з нябёсаў: Ты Мой Сын улюбёны, у Табе Маё задавальненне.
 

І адразу Дух вядзе Яго ў пустэльню.
 

І быў Ён [там] у пустэльні сорак дзён, спакушваны сатаною; і быў са звярамі, і Анёлы служылі Яму.
 

А пасля таго, як Іаан быў зняволены, прыйшоў Ісус у Галілею, абвяшчаючы Дабравесце2 Божае
 

і кажучы: Споўніўся час, і наблізілася Царства Божае: кайцеся і веруйце ў Дабравесце.
 

І, праходзячы паўз Галілейскае мора, Ён убачыў Сімана і Андрэя, Сіманавага брата, якія закідвалі сеткі ў мора; бо яны былі лаўцамі рыбы.
 

І сказаў ім Ісус: Ідзіце за Мною, і Я зраблю, што вы будзеце лаўцамі людзей.
 

І, адразу пакінуўшы [свае] сеткі, яны пайшлі ўслед за Ім.
 

І, прайшоўшы [адтуль] крыху, Ён убачыў Іякава Зевядзеевага і яго брата Іаана, якія, таксама ў лодцы, папраўлялі сеткі,
 

і адразу паклікаў іх. І яны, пакінуўшы свайго бацьку Зевядзея ў лодцы з наймітамі, пайшлі за Ім.
 

І ўваходзяць яны ў Капернаум; і адразу, у суботу, Ён, увайшоўшы ў сінагогу, вучыў.
 

І здзіўляліся Яго навуцы: бо Ён вучыў іх як Той, Хто мае ўладу, а не як кніжнікі.
 

І адразу выявіўся ў іх сінагозе чалавек, апантаны нячыстым духам, і ён закрычаў,
 

кажучы: Што Табе да нас, Ісусе Назаранін? Ты прыйшоў загубіць нас? Я ведаю Цябе, хто Ты, — Святы Божы.
 

Але Ісус забараніў яму, кажучы: Змоўкні і выйдзі з яго!
 

І нячысты дух, скурчыўшы яго і ўскрыкнуўшы гучным голасам, выйшаў з яго.
 

І ўсе жахнуліся, так што пыталіся адзін у аднаго, кажучы: Што гэта? Навука новая з уладаю? І Ён загадвае нячыстым духам, і яны слухаюцца Яго.
 

І адразу чутка пра Яго разышлася скрозь па ўсёй ваколіцы ў Галілеі.
 

І адразу, выйшаўшы з сінагогі, яны з Іякавам і Іаанам прыйшлі ў дом Сімана і Андрэя.
 

А Сіманава цешча ляжала ў гарачцы, і адразу кажуць Яму пра яе.
 

І, падышоўшы, Ён падняў яе, узяўшы за руку; і гарачка [тут жа] адпусціла яе, і яна прыслужвала ім.
 

А з надыходам вечара, калі зайшло сонца, дастаўлялі да Яго ўсіх нямоглых і апантаных дэманамі;
 

і ўвесь горад сабраўся да дзвярэй.
 

І Ён вылечыў многіх заняпалых на розныя хваробы і шмат дэманаў выгнаў і не дапускаў дэманам гаварыць, бо яны ведалі3 Яго.
 

І вельмі рана, яшчэ ўначы ўстаўшы, выйшаў Ён і пайшоў у пустэльнае месца і там маліўся.
 

А Сіман і тыя, што былі з Ім, нагналі Яго
 

і знайшлі Яго і кажуць Яму: Усе шукаюць Цябе.
 

І Ён кажа ім: Хадзем у іншае месца, у навакольныя мястэчкі, каб і там Я прапаведаваў: бо на тое Я выйшаў.
 

І Ён пайшоў, прапаведуючы ў іх сінагогах па ўсёй Галілеі і выганяючы дэманаў.
 

І прыходзіць да Яго пракажоны і просіць, [упаўшы на калені], кажучы Яму: Калі Ты хочаш, можаш ачысціць мяне.
 

І [Ісус], злітаваўшыся, працягнуў руку, дакрануўся да яго і кажа: Хачу — ачысціся!
 

І [калі Ён сказаў], праказа адразу сышла з таго, і той ачысціўся.
 

І, сурова загадаўшы яму, адразу адправіў яго
 

і кажа яму: Глядзі, нікому нічога не кажы, а ідзі, пакажыся святару і прынясі за сваё ачышчэнне, што загадаў Маісей, у сведчанне ім.
 

А той, выйшаўшы, пачаў шмат абвяшчаць і расказваць пра тое, што адбылося, так што [Ісус] не мог ужо адкрыта ўвайсці ў горад, а быў наводшыбе ў пустэльных месцах; і прыходзілі да Яго адусюль.