Адкрыцьцё 1 разьдзел
Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Анатоля Клышкi → Біблія Скарыны (Бразгуноў)
Адкрыццё Ісуса Хрыста, якое даў Яму Бог, каб паказаць Сваім слугам1, што павінна адбыцца неўзабаве, і Ён паказаў, паслаўшы праз Свайго Анёла, свайму слугу Іаану,
які засведчыў слова Божае і сведчанне Ісуса Хрыста — усё, што ён бачыў.
Шчаслівы, хто чытае, і тыя, хто слухае словы [гэтага] прароцтва і выконвае напісанае ў ім, бо час блізкі.
Іаан — сямі цэрквам у Асіі: ласка вам і мір ад Таго, Хто ёсць, і Хто быў, і Хто прыходзіць, і ад сямі духаў, якія перад Яго тронам,
і ад Ісуса Хрыста, вернага Сведкі, Першынца з мёртвых і Уладара зямных цароў. Яму, Хто любіць нас і вызваліў нас ад нашых грахоў Сваёю крывёю,
і зрабіў нас царствам2, святарамі Богу і Бацьку Свайму, — Яму слава і ўладарства на векі [вечныя]; амін.
Вось, Ён прыходзіць з воблакамі, і ўбачыць Яго кожнае вока і тыя, што Яго працялі, і заплачуць па Ім усе плямёны зямлі. Так, амін!
Я — Альфа і Амега3, [пачатак і канец], кажа Госпад Бог, Хто ёсць, і Хто быў, і Хто прыходзіць, Усемагутны.
Я, Іаан, ваш брат і супольнік у пакутах, і ў царстве, і вытрываласці ў Ісусе [Хрысце], быў на востраве, які называецца Патмас, за слова Божае і сведчанне Ісуса [Хрыста].
Я быў у духу ў Гасподні дзень і пачуў за сабою гучны голас як бы трубы,
які казаў: Тое, што бачыш, запішы ў скрутак і пашлі сямі цэрквам [у Асіі]: у Эфес, і ў Смірну, і ў Пергам, і ў Фіятыру, і ў Сарды, і ў Філадэльфію, і ў Лаадыкію.
І я павярнуўся, каб бачыць, чый голас гаварыў са мною, і, павярнуўшыся, убачыў сем залатых светачаў,
і пасярэдзіне [сямі] светачаў падобнага да Сына Чалавечага, апранутага ў падзір4 і апаясанага па грудзях залатым поясам.
Галава ж Яго і валасы белыя, як белая воўна, як снег, і вочы Яго, як полымя агню,
і ногі Яго падобныя да халкалівану5, быццам распаленага ў печы, і голас Яго, як шум многіх водаў;
і Ён меў у Сваёй правай руцэ сем зорак, і з Яго вуснаў выходзіў востры двусечны меч, і Яго аблічча, як сонца, што ззяе ў сіле сваёй.
І калі я ўбачыў Яго, я ўпаў да Яго ног, як мёртвы, і Ён паклаў на мяне Сваю правую руку, кажучы: Не бойся; Я — Першы і Апошні,
і жывы; і я быў мёртвы, і вось, Я жывы на векі вякоў, [амін] і маю ключы смерці і пекла.
Дык напішы, што ты бачыў, і што ёсць, і што рыхтуецца адбыцца пасля гэтага.
Таямніца сямі зорак, якія ты бачыў у Маёй правай руцэ, і сямі залатых светачаў: сем зорак — гэта Анёлы сямі цэркваў, і сем светачаў — гэта сем цэркваў.