Яна 16 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Яна Пятроўскага
Гэта Я сказаў вам, каб вы не спакусіліся.
Гэта усё сказаў Я вам, каб вы не спадмануліся.
Вас будуць адлучаць ад сінагогі; але надыходзіць гадзіна, калі кожны, хто будзе забіваць вас, будзе думаць, што ён служыць Богу.
Выганяць вас будуць з сынагогаў; дый гадзіна надыходзіць, калі кажны, хто забъе вас, будзе думаць, што служыць гэтым Богу.
І гэта яны будуць рабіць, бо не спазналі ні Бацькі, ні Мяне.
І гэтак будуць рабіць вам, бо не пазналі ані Айца, ані Мяне.
Але Я сказаў вам гэта, дзеля таго, калі надыдзе іх гадзіна, вы памяталі, пра што Я казаў вам. А не сказаў вам гэта спачатку, таму што быў з вамі.
Але сказаў Я вам гэта, каб вы, як прыйдзе той час, прыпомнілі, што Я гаварыў вам пра гэта; не гаварыў-жа вам гэтага спачатку, бо быў з вамі.
Цяпер жа іду да Таго, Хто паслаў Мяне, і ніхто з вас не пытаецца ў Мяне: «Куды ідзеш?»
Цяпер-жа іду да Таго, Хто паслаў Мяне, і ніхто з вас ня пытаецца ў Мяне: куды ідзеш?
Але таму, што Я сказаў вам гэта, смутак напоўніў ваша сэрца.
Але затым, што Я сказаў вам гэта, сум напоўніў сэрца вашае.
Але Я праўду кажу вам: лепш вам, каб Я адышоў. Бо калі Я не адыду, Абаронца не прыйдзе да вас; калі ж пайду, пашлю Яго да вас.
І ўсё-ж, Я праўду кажу вам: ляпей для вас, каб Я пайшоў; бо калі Я не пайду, Пацяшыцель ня прыйдзе да вас, калі-ж пайду, пашлю Яго да вас.
І Ён, прыйшоўшы, выкрые свет у граху, у праведнасці і ў судзе.
І Ён, прыйшоўшы, карыцімець сьвет адносна грэху, справядлівасьці і суду.
У граху, бо не веруюць у Мяне;
Адносна грэху, бо ня вераць у Мяне;
у праведнасці, бо Я да [Майго] Бацькі іду, і вы ўжо не ўбачыце Мяне;
Адносна справядлвасьці, бо Я іду да Айца Майго, і ужо ня будзеце бачыць Мяне;
а ў судзе, — што князь гэтага свету засуджаны.
Адносна суду, бо валадар гэтага сьвету засуджаны.
Яшчэ шмат чаго маю сказаць вам, але цяпер вы не зможаце асягнуць.
Яшчэ шмат маю сказаць вам, але вы ня здолееце перанесьці гэтага цяперака.
Калі ж прыйдзе Ён, Дух праўды, то ўвядзе вас ва ўсю праўду; бо Ён не будзе казаць ад Сябе, але будзе казаць тое, што пачуе, і будучыню абвесціць вам.
Калі-ж прыйдзе Ён, Дух праўды, дык навучыць вас усякае праўды, бо не ад Сябе гаварыціме, але гаварыціме тое, што пачуе, і абвесьціць вам, што мае прыйсьці.
Ён Мяне праславіць, таму што ад Майго возьме і абвесціць вам.
Ён уславіць Мяне, затым што ад Майго возьме і вам абвесьціць.
Усё, што мае Бацька, — Маё; таму Я сказаў, што Ён ад Майго возьме і абвесціць вам.
Усё, што мае Ацец, ёсьць Маё; дык Я і сказаў, што ад Майго возьме і абвесьціць вам.
Яшчэ нядоўга і вы ўжо не ўбачыце Мяне, і зноў нядоўга — і вы ўбачыце Мяне, [бо Я іду да Бацькі].
Хутка вы не пабачыце Мяне; дый ізноў хутка ўгледзіце Мяне, бо Я іду да Айца.
Тады некаторыя з вучняў сказалі адзін аднаму: Што гэта Ён кажа нам: «Яшчэ нядоўга — і вы не ўбачыце Мяне, і зноў нядоўга — і вы ўбачыце Мяне», і: «Таму што Я іду да Бацькі»?
Тады некаторыя зь Ягоных вучняў гаварылі: між сабою: што гэта Ён кажа нам: хутка ня будзеце бачыць Мяне ды зноў хутка ўгледзіце Мяне, і Я іду да Айца?
Яны казалі: Што гэта такое, [што Ён кажа]: «Яшчэ нядоўга»? Не ведаем, што Ён кажа.
Затым казалі яны: што гэта значыць, калі кажа Ён: хутка? Ня ведаем што кажа.
Ісус зразумеў, што хацелі ў Яго спытацца, і сказаў ім: Ці не пра тое між сабою разважаеце, што Я сказаў: «Яшчэ нядоўга — і вы не ўбачыце Мяне, і зноў нядоўга — і вы ўбачыце Мяне»?
І пазнаў Ісус, што хочуць спытацца ў Яго, і сказаў ім: ці пра тое пытаецеся адзін аднаго, што сказаў: хутка ня будзеце бачыць Мяне і зноў хутка ўгледзіце Мяне?
Сапраўды, сапраўды кажу вам, што вы будзеце плакаць і галасіць, а свет будзе радавацца; вы будзеце смуткаваць, але ваш смутак у радасць абернецца.
Запраўды, запраўды кажу вам: вы заплачаце і загалосіце, а сьвет будзе радавацца; вы сумнымі будзеце, але сум ваш абернецца ў радасьць.
Жанчына, калі нараджае, церпіць боль, бо надышла яе гадзіна; калі ж народзіць дзіцятка, ужо не памятае мукі з радасці, што чалавек нарадзіўся на свет.
Жанчына, калі родзіць, тужыць, што прыйшла гадзіна яе, але, калі народзіць дзіця, ад радасьці, ужо не памятае тугі, бо нарадзіўся чалавек на сьвет.
І вось вы цяпер церпіце боль; але Я зноў убачу вас і ўзрадуецца ваша сэрца, і вашай радасці ніхто не адыме ў вас.
Гэтак і вы, цяперака тужыце, але Я ўбачу вас ізноў, і ўзрадуецца сэрца вашае, і радасьці вашае ніхто не адбярэ ад вас.
І ў той дзень вы ў Мяне ні пра што не спытаецеся. Сапраўды, сапраўды кажу вам: калі чаго папросіце Бацьку ў Маё імя, дасць вам.
І ў той дзень вы ня будзеце пытацца ў Мяне пра нічога. Запраўды, запраўды кажу вам: штоколечы папросіце Айца ў імя Маё, дасьць вам.
Дагэтуль вы не прасілі нічога ў Маё імя; прасіце і атрымаеце, каб ваша радасць была поўная.
Да сягоньня вы нічога не прасілі ў імя Мае; прасеце і атрымаеце, каб радасьць ваша была поўная.
Гэта я ў прыпавесцях казаў вам; надыходзіць гадзіна, калі я ўжо не ў прыпавесцях буду казаць вам, а адкрыта пра Бацьку абвяшчу вам.
Дагэтуль Я гаварыў вам прыповесьцямі; але надыходзіць гадзіна, калі ўжо ня буду гаварыць прыповесьцямі, але проста апавяшчу вам пра Айца.
У той дзень будзеце прасіць у Маё імя, і не кажу вам, што Я буду маліць Бацьку за вас.
У той дзень прасіцімеце ў імя Маё, і не кажу вам, што буду прасіць Айца за вас.
Бо Сам Бацька любіць вас, таму што вы Мяне палюбілі і ўверавалі, што Я ад Бога выйшаў.
Бо Ацец Сам любіць вас, бо вы палюбілі Мяне і паверылі, што Я зыйшоў ад Бога.
Я выйшаў ад Бога і прыйшоў у свет; зноў пакідаю свет і іду да Бацькі.
Я зыйшоў ад Айца і прыйшоў у сьвет і зноў пакдаю сьвет ды іду да Айца.
Яго вучні кажуць: Вось, цяпер Ты гаворыш адкрыта, і ніякай прыпавесці не кажаш.
Вучні Ягоныя сказалі Яму: вось Ты цяперака проста гаворыш і някае прыповесьці ня кажаш.
Цяпер мы ведаем, што Ты ведаеш усё і не маеш патрэбы, каб хто-небудзь у Цябе пытаўся; таму веруем, што Ты выйшаў ад Бога.
Цяперака мы пэўнымі зьяўляемся, што Ты ведаеш усё і ня маеш патрэбы, каб хто пытаўся Цябе. Затым верым, што Ты ад Бога зыйшоў.
Ісус адказаў ім: Цяпер веруеце?
Ісус адказаў ім: цяперака верыце?
Вось надыходзіць гадзіна і прыйшла [цяпер], калі вы рассеяцеся кожны ў свой бок, і пакінеце Мяне аднаго; але Я не адзін, таму што Бацька са Мною.
Вось надыходзіць гадзіна, дый ужо надыйшла, калі вы расьцярушыцеся кажны ў свой бок і пакінеце Мяне аднаго: і ўсё-ж, Я не зьяўляюся адзін, бо Ацец са Мною ёсьць.
Гэта сказаў Я вам, каб вы ўва Мне мелі спакой. У свеце вы зазнаеце муку; але адважней: Я перамог свет.
Гэта сказаў Я вам, каб вы супакой мелі ўва Мне. На сьвеце гора мець будзеце, але будзьце добрае думкі: Я перамог сьвет.