Яна 9 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Яна Пятроўскага
І, праходзячы, Ён убачыў чалавека, сляпога ад нараджэння.
І праходзячы, Ісус убачыу чалавека, сьляпога ад нараджэньня.
І Яго вучні спыталіся ў Яго, кажучы: Равві, хто саграшыў: ён ці яго бацькі, што нарадзіўся сляпым?
І вучні Ягоныя спытался ў Яго: Раббі, хто саграшыў: ён, ці бацькі ягоныя, што нарадзіўся сьляпым?
Ісус адказаў: Ні ён не саграшыў, ні яго бацькі, а каб на ім былі выяўлены ўчынкі Божыя.
Ісус адказаў: не саграшыў ані ён, ані ягоныя бацькі, але дзеля выяўленьня ў ім чынаў Божых.
Нам25 трэба рабіць справы Таго, Хто паслаў Мяне, пакуль дзень; надыходзіць ноч, калі ніхто не можа рабіць.
Мне трэба выканаць справы Таго, Хто паслаў Мяне, пакуль дзень; ноч надыходзіць, калі чалавек ня можа рабіць.
Пакуль Я ў свеце, Я святло свету.
Пакуль Я на сьвеце, Я сьвятло сьвету.
Сказаўшы гэта, Ён плюнуў на зямлю, зрабіў сумесь са сліны і памазаў яму26 сумессю вочы,
Сказаўшы гэта, Ён плюнуў на зямлю, зрабіў з сьліны гліну і памазаў ёю вочы сьляпому,
і сказаў яму: Ідзі, памыйся ў купальні Сілаам (што перакладаецца: «Пасланы»). — І той пайшоў, памыўся і прыйшоў відушчым.
І сказаў яму: ідзі, памыйся ў купальні Сылоам /што перакладаецца: Пасланы/. Той пайшоў і памыуся і вярнуўся здольным бачыць.
Тады суседзі і тыя, якія бачылі раней яго, што ён быў папрасімцам27, казалі: Ці не той гэта, што сядзеў і прасіў?
Суседзі, затым, і тыя, што бачылі яго раней, што ён быў сьляпы, гаварылі: ці-ж ня той гэта, што сядзеў і прасіў?
Адны казалі: Гэта ён. — Другія казалі: Не, але падобны да яго. — Ён [жа] казаў: Гэта я.
Адны казалі: гэта ён, а ічшыя — падобны да яго; але ён казаў: гэта я.
Тады спыталіся ў яго: Як [жа] адкрыліся твае вочы?
Тады пыталіся ў яго: як адчыніліся вочы твае?
Той адказаў: Чалавек, Якога зваць Ісус, зрабіў сумесь, памазаў мае вочы і сказаў мне: «Ідзі ў Сілаам28 і памыйся». І вось я пайшоў і, памыўшыся, стаў бачыць.
І ён, адказваючы, сказаў: чалавек, званы Ісусам, зрабіў гліну, памазаў вочы мае і сказаў мне: пайдзі ў Сылоам і памыйся. Я пайшоў, памыўся і стаў бачыць.
І сказалі яму: Дзе Ён? — Той кажа: Не ведаю.
Тады сказалі яны яму: дзе Ён? Ён адказаў: ня ведаю.
Вядуць яго, былога сляпога, да фарысеяў.
Павялі гэтага былога сьляпога да фарысэяў.
А была субота ў той дзень, калі Ісус зрабіў сумесь і адкрыў яму вочы.
А была сыбота таго дня, калі Ісус зрабіў гліну і адчыніў яму вочы.
Дык зноў спыталіся ў яго і фарысеі, як ён стаў бачыць. Ён жа сказаў ім: Ён паклаў мне сумесь на вочы, і я памыўся — і бачу.
Тады зноў пыталіся яго фарысэі, Як ён стаў бачыць. І ён сказаў ім: гліну палажыў Ён на мае вочы, і я памыўся, і бачу.
Тады некаторыя з фарысеяў казалі: Не ад Бога Гэты Чалавек, бо не захоўвае суботы. — [А] іншыя казалі: Як можа грэшны чалавек рабіць такія знакі? — І быў разлад у іх.
Затым некаторыя з фарысэяў сказалі: не ад Бога гэты чалавек, бо не шануе сыботы. Іншыя казалі: як можа чалавек грэшны чыніць гэтакія цуды? І быў распадзел між імі.
Тады зноў пытаюцца ў сляпога: Што ты скажаш пра Яго, бо Ён адкрыу табе вочы? — Той жа сказаў: Ён Прарок.
І зноў кажуць сьляпому: а што ты скажаш адносна Яго, бо Ён адчыніў табе вочы? і ён адказаў: гэта прарок.
Іудзеі тады не паверылі яму, што ён быў сляпы і стаў бачыць, аж пакуль не паклікалі бацькоў гэтага чалавека, што зрабіўся відушчым,
Але Юдэі ня верылі, што ён быў сьляпы і стаў бачыць, аж пакуль не паклікалі бацькоў атрымаўшага зрок.
і спыталіся ў іх, кажучы: Гэта ваш сын, пра якога вы кажаце, што ён нарадзіўся сляпым? Як жа ён цяпер бачыць?
І яны спыталіся ў іх, кажучы: ці гэта ваш сын, пра каторага вы кажаце, што ён радзіўся сьляпым? Як-жа ён цяперака бачыць?
Тады ў адказ яго бацькі сказалі: Мы ведаем, што гэта наш сын і што ён нарадзіўся сляпым;
Бацькі ягоныя, адказваючы, сказалі ім: мы ведаем, што ён наш сын, і што ён радзіўся сьляпым;
а як ён цяпер бачыць, не ведаем, або хто адкрыў яму вочы, мы не ведаем; спытайцеся ў яго, ён дарослы, сам пра сябе скажа.
Але як ён цяперака бачыць, мы ня ведаем; або хто адчыніў яму вочы, мы ня ведаем: сам ён дарослы, яго і пытайцеся: няхай ён сам гаворыць пра сябе.
Яго бацькі сказалі гэта, таму што баяліся іудзеяў; бо іудзеі ўжо ўмовіліся: каб таго, хто вызнае Яго за Хрыста, адлучыць ад сінагогі.
Гэтак адказвалі ягоныя бацькі, бо баяліся Юдэяу, бо Юдэі ўжо згадзіліся, каб кажнага, хто прызнаціме Яго за Хрыста, адлучыць ад сынагогі.
Таму яго бацькі сказалі: «Ён дарослы, у яго спытайцеся».
Затым бо бацькі ягоныя і сказалі: ён дарослы, яго і пытайцеся.
Дык яны другі раз паклікалі чалавека, што быў сляпы, і сказалі яму: Уздай славу Богу; мы ведаем, што Гэты Чалавек — грэшнік.
Тады яны зноў пакліккалі чалавека, што быў сьляпы, і сказалі яму: аддай славу Богу: мы ведаем, што чалавек той грэшнік.
Дык той адказаў: Ці Ён грэшнік, я не ведаю; адно ведаю, што я быў сляпы, а цяпер бачу.
Ён-жа адказаў ім і сказаў: ці Ён грэшны, я ня ведаю, адно ведаю, што я быў сьляпы, а цяперака бачу.
Тады яны сказалі яму: Што Ён зрабіў табе? Як адкрыў табе вочы?
І зноў сказалі яму: што Ён зрабіў з табою? як адчыніў табе вочы?
Ён адказаў ім: Я ўжо сказаў вам, ды вы не слухалі. Што хочаце зноў пачуць? Ці не хочаце і вы зрабіцца Яго вучнямі?
Ён адказаў ім: я ужо казаў вам, і вы ня слухалі; што-ж яшчэ хочаце чуць? Ці-ж бо і вы хочаце стацца Ягонымі вучнямі?
І яны вылаялі яго і сказалі: Ты вучань Таго, а мы вучні Маісеевы;
Тады дакарылі яны яго, і сказалі: гэта ты вучань Ягоны; але мы Майсеявы вучні.
мы ведаем, што Маісею казаў Бог, а пра Гэтага мы не ведаем, адкуль Ён.
Мы ведаем, што да Майсея гаварыў Бог, а пра гэтага ня ведаем, скуль Ён.
Той чалавек сказаў ім у адказ: Гэта і дзіўна, што вы не ведаеце, адкуль Ён, а Ён адкрыў мне вочы.
Адказваючы, чалавек сказаў ім: гэта дзіўна, што вы ня ведаеце скуль Ён, а Ён адчыніў мне вочы.
Мы [ж] ведаем, што грэшнікаў Бог не слухае, але, калі хто богабоязны і Яго волю выконвае, таго Ён слухае.
Мы ведаем, што Бог ня слухае грэшнікаў; але хто славіць Бога і выконвае Ягоную волю, таго слухае.
Адвеку не было чуваць, каб хто адкрыў вочы сляпому ад нараджэння.
Ад веку ня чуваць было, каб хто-небудзь адчыніў вочы сьляпому ад нараджэньня.
Калі б Гэты не быў ад Бога, Ён не мог бы рабіць нічога.
Каб Ён ня быў ад Бога, дык ня мог-бы нічога зрабіць.
У адказ яны сказалі яму: У грахах ты ўвесь нарадзіўся, і ты вучыш нас? — І выгналі яго вон.
Яму адказалі і сказалі: у грахох ты ўвесь нарадзіўся, і ты вучыш нас? І выгналі яго вон.
Ісус пачуў, што яго выгналі вон, і, знайшоўшы яго, сказаў: Ці веруеш ты ў Сына Чалавечага?29
Ісус, дачуўшыся, што выгналі яго вон, і знайшоўшы яго, сказаў яму: ці верыш ты ў Сына Божага?
Той сказаў у адказ: А хто Ён, Госпадзе, каб я вераваў у Яго?
Адказваючы, ён сказаў: а хто Ён, Госпадзе, каб мне верыць у Яго?
Ісус сказаў яму: І бачыў ты Яго, і Той, Хто гаворыць з табою, — гэта Ён.
Ісус сказаў яму: і ты ўжо бачыў Яго, і Ён ёсьць той, Каторы гаворыць з табою цяперака.
І той сказаў: Верую, Госпадзе, — і пакланіўся Яму.
Ён-жа сказаў: веру, Госпадзе і пакланіўся Яму.
І Ісус сказаў: На суд Я прыйшоў у гэты свет, каб невідушчыя бачылі, а відушчыя зрабіліся сляпымі.
І сказаў Ісус: на суд прыйшоў Я ў гэты сьвет, каб сьляпыя бачылі, а тыя, што бачаць, сталіся сьляпымі.
Некаторыя з фарысеяў, што былі з Ім, пачулі гэта і сказалі Яму: Няўжо і мы сляпыя?
Пачуўшы гэта, некаторыя з фарысэяў, што былі зь ім, сказалі Яму: няужо-ж і мы сьляпыя?
Ісус сказаў ім: Калі б вы былі сляпыя, не мелі б граху; а як цяпер вы кажаце: «Мы бачым», то ваш грэх застаецца на вас.
Ісус сказаў ім: калі-б вы былі сьляпымі, дык ня мелі-б грэху на сабе; але, як вы кажаце, што бачыце, тады грэх астаецца на вас.