1 І праходзячы, Ісус убачыу чалавека, сьляпога ад нараджэньня.
2 І вучні Ягоныя спытался ў Яго: Раббі, хто саграшыў: ён, ці бацькі ягоныя, што нарадзіўся сьляпым?
3 Ісус адказаў: не саграшыў ані ён, ані ягоныя бацькі, але дзеля выяўленьня ў ім чынаў Божых.
4 Мне трэба выканаць справы Таго, Хто паслаў Мяне, пакуль дзень; ноч надыходзіць, калі чалавек ня можа рабіць.
5 Пакуль Я на сьвеце, Я сьвятло сьвету.
6 Сказаўшы гэта, Ён плюнуў на зямлю, зрабіў з сьліны гліну і памазаў ёю вочы сьляпому,
7 І сказаў яму: ідзі, памыйся ў купальні Сылоам /што перакладаецца: Пасланы/. Той пайшоў і памыуся і вярнуўся здольным бачыць.
8 Суседзі, затым, і тыя, што бачылі яго раней, што ён быў сьляпы, гаварылі: ці-ж ня той гэта, што сядзеў і прасіў?
9 Адны казалі: гэта ён, а ічшыя — падобны да яго; але ён казаў: гэта я.
10 Тады пыталіся ў яго: як адчыніліся вочы твае?
11 І ён, адказваючы, сказаў: чалавек, званы Ісусам, зрабіў гліну, памазаў вочы мае і сказаў мне: пайдзі ў Сылоам і памыйся. Я пайшоў, памыўся і стаў бачыць.
12 Тады сказалі яны яму: дзе Ён? Ён адказаў: ня ведаю.
13 Павялі гэтага былога сьляпога да фарысэяў.
14 А была сыбота таго дня, калі Ісус зрабіў гліну і адчыніў яму вочы.
15 Тады зноў пыталіся яго фарысэі, Як ён стаў бачыць. І ён сказаў ім: гліну палажыў Ён на мае вочы, і я памыўся, і бачу.
16 Затым некаторыя з фарысэяў сказалі: не ад Бога гэты чалавек, бо не шануе сыботы. Іншыя казалі: як можа чалавек грэшны чыніць гэтакія цуды? І быў распадзел між імі.
17 І зноў кажуць сьляпому: а што ты скажаш адносна Яго, бо Ён адчыніў табе вочы? і ён адказаў: гэта прарок.
18 Але Юдэі ня верылі, што ён быў сьляпы і стаў бачыць, аж пакуль не паклікалі бацькоў атрымаўшага зрок.
19 І яны спыталіся ў іх, кажучы: ці гэта ваш сын, пра каторага вы кажаце, што ён радзіўся сьляпым? Як-жа ён цяперака бачыць?
20 Бацькі ягоныя, адказваючы, сказалі ім: мы ведаем, што ён наш сын, і што ён радзіўся сьляпым;
21 Але як ён цяперака бачыць, мы ня ведаем; або хто адчыніў яму вочы, мы ня ведаем: сам ён дарослы, яго і пытайцеся: няхай ён сам гаворыць пра сябе.
22 Гэтак адказвалі ягоныя бацькі, бо баяліся Юдэяу, бо Юдэі ўжо згадзіліся, каб кажнага, хто прызнаціме Яго за Хрыста, адлучыць ад сынагогі.
23 Затым бо бацькі ягоныя і сказалі: ён дарослы, яго і пытайцеся.
24 Тады яны зноў пакліккалі чалавека, што быў сьляпы, і сказалі яму: аддай славу Богу: мы ведаем, што чалавек той грэшнік.
25 Ён-жа адказаў ім і сказаў: ці Ён грэшны, я ня ведаю, адно ведаю, што я быў сьляпы, а цяперака бачу.
26 І зноў сказалі яму: што Ён зрабіў з табою? як адчыніў табе вочы?
27 Ён адказаў ім: я ужо казаў вам, і вы ня слухалі; што-ж яшчэ хочаце чуць? Ці-ж бо і вы хочаце стацца Ягонымі вучнямі?
28 Тады дакарылі яны яго, і сказалі: гэта ты вучань Ягоны; але мы Майсеявы вучні.
29 Мы ведаем, што да Майсея гаварыў Бог, а пра гэтага ня ведаем, скуль Ён.
30 Адказваючы, чалавек сказаў ім: гэта дзіўна, што вы ня ведаеце скуль Ён, а Ён адчыніў мне вочы.
31 Мы ведаем, што Бог ня слухае грэшнікаў; але хто славіць Бога і выконвае Ягоную волю, таго слухае.
32 Ад веку ня чуваць было, каб хто-небудзь адчыніў вочы сьляпому ад нараджэньня.
33 Каб Ён ня быў ад Бога, дык ня мог-бы нічога зрабіць.
34 Яму адказалі і сказалі: у грахох ты ўвесь нарадзіўся, і ты вучыш нас? І выгналі яго вон.
35 Ісус, дачуўшыся, што выгналі яго вон, і знайшоўшы яго, сказаў яму: ці верыш ты ў Сына Божага?
36 Адказваючы, ён сказаў: а хто Ён, Госпадзе, каб мне верыць у Яго?
37 Ісус сказаў яму: і ты ўжо бачыў Яго, і Ён ёсьць той, Каторы гаворыць з табою цяперака.
38 Ён-жа сказаў: веру, Госпадзе і пакланіўся Яму.
39 І сказаў Ісус: на суд прыйшоў Я ў гэты сьвет, каб сьляпыя бачылі, а тыя, што бачаць, сталіся сьляпымі.
40 Пачуўшы гэта, некаторыя з фарысэяў, што былі зь ім, сказалі Яму: няужо-ж і мы сьляпыя?
41 Ісус сказаў ім: калі-б вы былі сьляпымі, дык ня мелі-б грэху на сабе; але, як вы кажаце, што бачыце, тады грэх астаецца на вас.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Паводля Сьв. Яна Эвангеле, 9 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.