Біблія » Пераклады » Пераклад Яна Пятроўскага

Яна 12 Паводля Яна 12 разьдзел

1 За шэсьць дзён да Пасхі прыйшоў Ісус у Бэтанію, дзе быў памершы Лазар, якога Ён уваскрасіў зь мертвых.
2 Там прырыхтавалі Яму вячэру; і Марта абслугоўвала; але Лазар быў адным з супачываўшых зь Ім за сталом.
3 Марыя-ж, узяўшы хунт каштоўнага чыстага нардовага алею, памазала ногі Ісусавы, і выцерла валасамт сваімі Ягоныя ногі: і дом напоўніўся добрапахнасьцю алею.
4 Тады адзін зь Ягоных вучняў, Юда Іскарыёт, каторы маніўся выдаць Яго, сказаў:
5 І чаму не прадалі гэты алей за трыста дынараў і грошы не раздалі бедным?
6 А сказаў-жа ён гэта не затым, што дбаў пра бедных, але затым, што быў злодзей; ён быў механоша, і насіў тое, што клалі ў мяшок.
7 Тады Ісус сказаў: пакінь яе; яна захавала гэта на дзень паховінаў Маіх,
8 Бо бедных заўсёды маеце навакол сябе, а Мяне не заўсёды.
9 І шматлікія з Юдэяў даведаліся, што Ён там; і прыйшлі ня толькі дзеля Ісуса, але каб пабачыць і Лазара, каторага Ён уваскрасіў.
10 Архірэі-ж пастанавілі гэтаксама і Лазара забіць.
11 Бо з прычыны яго шматлікія зь Юдэяў уверавалі ў Ісуса.
12 Назаўтра множства народу, які прыйшоў на сьвята, пачуўшы, што Ісус ідзе ў Ерузалім,
13 Узялі пальмовае вецьце і выйшлі на спатканьне Яму, выклікваючы: Госанна! добраслаўлены Той, што ідзе ў імя Госпада, Кароль Ізраэляў!
14 Ісус-жа, знайшоўшы маладога асла, сеў на яго, як напісана:
15 Ня бойся, дачка Сыёну! глядзі, твой Князь ідзе, седзячы на маладым асьле.
16 Вучні: Ягоныя сьпярша не зразумелі гэтага; але калі ўславіўся Ісус, тады ўспомнілі, што гэтак было напісана пра Яго, і гэта зрабілі Яму.
17 Народ-жа, які быў зь Ім раней, сьведчыў, што Ён выклікаў з магілы Лазара і ўваскрасіў яго.
18 З гэтае прычыны народ спаткаў Яго, бо чуў, што Ён зрабіў гэты цуд.
19 Фарысэі-ж гаварылі між сабою: бачыце, някага ня мецімеце посьпеху, народ ідзе за Ім.
20 Сярод прыбылых дзеля адданьня пашаны на сьвята былі некаторыя Гэльлены.
21 Яны падыйшлі да Піліаа, што быў з Бэтсаіды Галілейскае, і прасілі яго, кажучы: гаспадару, нам хочацца бачыць Ісуса.
22 Піліп ідзе і кажа аб гэтым Андрэю; пасьля гэтага Андрэй і Піліп кажуць пра гэта Ісусу.
23 І Ісус адказаў ім, кажучы: надыйшла гадзіна, каб услаўлены быў Сын Чалавечы.
24 Запраўды, запраўды кажу вам: калі пшанічнае зерне, упаўшы ў зямлю, не памрэ, дык яно астанецца адно, а калі памрэ, дык дасьць багаты плён.
25 Хто любіць душу сваю, загубіць яе; і той, хто ненавідзіць душу сваю на гэтым сьвеце, захавае яе ў жыцьцё вечнае.
26 Хто Мне служыць, няхай ідзе Маім шляхам; і дзе Я, там і слуга Мой будзе; і хто Мне служыць, будзе ў пашане ў Айца Майго.
27 Цяперака душа Мая ўстрывожаная; і што Я маю сказаць? Ойча выбаў Мяне ад гадзіны гэтае; але-ж дзеля гэтае гадзіны і прыйшоў Я.
28 Ойча ўслаў імя Тваё. Тады прыйшоў голас зь неба: І ўславіў, і яшчэ ўслаўлю.
29 Затым народ, які стаяў і чуў гэта, казаў: гэта гром загрымеў. Іншыя казалі: анял гаварыў да Яго.
30 І адказаў Ісус і сказаў: не дзеля Мяне быў гэты голас, але дзеля вас.
31 Цяперака суд сьвету гэтаму; цяперака валадар гэтага сьвету выкінуты будзе.
32 І як Я буду ўзьняты зь зямлі, усіх прыцягну да Сябе.
33 Гаварыў-жа Ён гэта, даючы зразумець, якою сьмерцяю меў Ён памерці.
34 Народ адказаў Яму: мы чулі з права, што Хрыстос прабывае на векі; дык як-жа Ты кажаш, што Сын Чалавечы мае быць узьняты? хто ёсьць гэты Сын Чалавечы?
35 Тады сказаў ім Ісус: яшчэ на малы час сьвятло ёсьць з вамі: хадзеце, пакуль маеце сьвятло, каб не агарнула вас цемра; хто ходзіць у цемры, той ня ведае, куды ідзе.
36 Пакуль маеце сьвятло, верце ў сьвятло, каб стацца вам сынамі сьвятла. Сказаўшы гэта, Ісус адыйшоў і схаваўся ад іх.
37 І хоць гэтулькі цудаў учыніў Ён перад імі, яны ня верылі ў Яго.
38 Каб збылося слова Ісаіі прарока, каторы казаў: Госпадзе, хто паверыць пачутаму ад нас, і каму выявілася рука Госпадава?
39 Затым не маглі яны верыць, што, як ізноў Ісаія казаў:
40 Ён засьляпіў вочы іхныя, і сэрцы іхныя абярнуў у камень, каб ня бачылі вачыма і не зразумелі сэрцам сваім, і не навярнуліся, каб Я аздаравіў іх.
41 Гэта сказаў Ісаія, калі бачыў славу Ягоную, і гаварыў пра Яго.
42 Аднак і з галоўных кіраўнікоў шматлікія ўверавалі ў Яго, але з прычыны фарысэяў ня вызнавалі Яго, каб ня вылучылі іх з сынагогі,
43 Бо болей любілі славу людзкую, чымся славу Божую.
44 Ісус-жа ўзьняу голас і сказаў: хто веруе ў Мяне, не ў Мяне веруе, але ў Таго, Хто паслаў Мяне,
45 І хто бачыць Мяне, бачыць Таго, Хто паслаў Мяне.
46 Я сьвятлом прыйшоў у сьвет, каб кажны, хто веруе ў Мяне, не астаўся ў цемры.
47 І калі хто пачуе Мае словы і не паверыць, Я ня суджу яго; бо Я прыйшоў ня судзіць сьвет, але ратаваць сьвет.
48 Хто адкідае Мяне і ня прыймае слоў Маіх, мае судзьдзю для сябе: слова, каторае Я сказаў, яно будзе судзіць яго у вапошні дзень;
49 Бо не ад Сябе Я казаў — Ацец, Каторы паслаў Мяне, гэта Ён даў Мне загад, што казаць і гаварыць.
50 Бо Я ведаю, што загад Ягоны ёсьць жыцьцё вечнае. Затым, тое, што Я кажу, кажу гэтак, як сказаў Мне Ацец.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Паводля Сьв. Яна Эвангеле, 12 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.