Біблія » Пераклады » Пераклад Яна Пятроўскага

Яна 19 Паводля Яна 19 разьдзел

1 Тады Пілат узяў Ісуса і бічаваў Яго.
2 А жаўнеры сплялі вянок зь церня і узлажылі Яму на галаву, і апранулі Яго ў плашч пурпурны,
3 І падыходзілі да Яго, і казалі: радуйся, Кароль Юдэйскі! І білі Яго па абліччу.
4 Пілат ізноў выйшаў і сказаў ім: вось я выводжу Яго да вас, каб вы ведалі, што я ніякае віны не знаходжу ў Ім.
5 Тады выйшаў Ісус у цярнёвай кароне і ў пурпурным плашчы. І кажа ім Пілат: вось Чалавек!
6 Як-жа ўбачылі Яго першаархірэі і іхныя слугі, пачалі крычэць, кажучы: укрыжуй Яго, укрыжуй! Пілат кажа ім: вазьмеце Яго і укрыжуйце вы самыя, бо я не знаходжу ў Ім ніякае віны.
7 Юдэі адказалі яму: мы маем права, і паводля нашага права, Ён мае памерці, бо учыніў Сябе Сынам Божым.
8 Пілат пачуўшы гэтае слова, яшчэ болей спужаўся;
9 І вярнуўся ізноў у прэторыю і сказаў Ісусу: скуль Ты? Але Ісус не адказаў яму нічога.
10 Пілат кажа Яму: Ты мне не адказваеш? Ці ня ведаеш Ты, што я магу укрыжаваць Цябе і магу звольніць Цябе?
11 Ісус адказаў яму: ты ня меў-бы ніякае ўлады нада Мною, калі-б табе ня было дадзена з вышыні; дзеля гэтага болей грэху на тым, хто Мяне выдаў табе.
12 З гэтае пары Пілат стараўся звольніць Яго. Юдэі-ж крычэлі, кажучы: калі звольніш Яго, дык ты не зьяўляешся прыяцелем цэсара; кажны, хто выдае сябе за караля, выступае супроць цэсара.
13 Пачуўшы гэтакае слова, Пілат вывеў Ісуса навонкі і сеў на пасад судовы, што называўся літо́стротос, а па-гэбрэйску габбата.
14 Была-ж тады пятніца перад Пасхаю і гадзіна шостая. І сказаў Пілат Юдэям: вось Кароль ваш!
15 Але яны закрычэлі: вазьмі, вазьмі, укрыжуй Яго! Пілат кажа ім: маю-ж я укрыжаваць вашага Караля? Першаархірэі адказалі: няма у нас Караля, адно цэсар.
16 Тады ён выдаў ім Яго на ўкрыжаваньне. І ўзялі Ісуса і павялі.
17 І, нясучы крыж Свой, Ён выйшаў на Месца Чэрапу, па-гэбрэйску Гольгота,
18 Дзе яны ўкрыжавалі Яго і двух іншых абапал Яго, а Ісуса ў сярэдзіне.
19 Пілат-жа напісаў і напіс і ўмясцовіў на крыжу. Напісана было: Ісус Назарэй Кароль Юдэйскі.
20 Гэты напіс чыталі шматлікія з Юдэяў, бо месца, дзе быў укрыжаваны Ісус, было надалёка ад места, дый напісана было па-гэбрэйску, па-рымску і па-грэцку.
21 Першаархірэі-ж юдэйскія сказалі Пілату: ня пішы; Кароль Юдэйскі, але, што Ён казаў: Я Кароль Юдэйскі.
22 Пілат адказаў: што я напісаў, тое напісаў.
23 Жаўнеры-ж укрыжаваўшы Ісуса, узялі вопратку Ягоную і разьдзялі на чатыры часткі — кажнаму жаўнеру частка, дый хітон; хітон-жа быў ня шыты, але увесь вытканы ад верху,
24 І сказалі яны адзін аднаму: ня будзем разьдзіраць яго але кінем жэрабя: чый ён будзе, каб збылося сказанае у Пісаньні: Падзяллі адзежу Маю між сабою і адносна вопраткі Мае жэрабя кідалі. Гэтак і ўчынілі жаўнеры.
25 Стаялі-ж ля крыжа Ісусавага маці Ягоная і сястра маці Ягонае, Марыя Кляопава, і Марыя Магдалена.
26 Ісус-жа, убачыўшы маці Сваю і блізка стоячага вучня, каторага любіў, кажа маці Сваей: жанчына, вось сын твой.
27 Пасьля кажа вучню: вось маці твая. І з гэтае пары вучань гэты ўзяў яе да сябе.
28 Пасьля гэтага, Ісус, ведаючы, што ўжо ўсё збылося, кажа: смагну.
29 Тут стаяла судзіна, поўная воцату. Жаўнеры, напоўніўшы воцатам губку і ўзьдзеўшы яе на гіссопавую трысьціну, узьнялі да вуснаў Ягоных.
30 Ісус-жа, паспытаўшы воцату, сказаў: збылося! І, пахліўшы галаву, аддаў дух.
31 Затым, што тады была пятніца, дык Юдэі каб не пакінуць целаў на крыжох у сыботу, — бо дзень тае сыботы быў вялікі, — праслі Пілата, каб перабіць іхныя галені і зьняць іх.
32 Тады прыйшлі жаўнеры і ў першага перабілі галені, і ў другога ўкрыжаванага зь Ім.
33 Але, калі яны падыйшлі да Ісуса і ўбачылі, што Ён памер ужо, не перабівалі ў Яго галеняў:
34 Але адзін з жаўнераў прабіў дзідаю Яму бок, і зараз-жа пацякла кроў і вада.
35 І той, хто бачыў гэта, пасьведчыў, і сьвядоцтва ягонае праўдзвае; і ён ведае, што кажа праўду, каб вы паверылі.
36 Бо гэта сталася, каб збылося Пісаньне: Косьць Ягоная няхай ня скрышыцца.
37 Гэтаксама і на іншым месцы кажа Пісаньне: Яны будуць узірацца на Таго, Каго пранізалі.
38 Пасьля гэтага Язэп з Арыматэі, вучань Ісуса, але пакрыёмы з прычыны страху перед Юдэямі, прасіў Пілата зьняць цела Ісуса; і Пілат дазволіў. Ён пайшоў і зьняў цела Ісуса.
39 Прыйшоў гэтаксама і Нікадэм, той, што раней прыходзіў да Ісуса ноччу, і прынёс сумесь са сьмірны і алёю каля ста літраў.
40 Тады ўзялі яны цела Ісуса і абярнулі Яго ў палотны з араматамі, як звычайна хаваюць Юдуэі.
41 На тым месцы, дзе Ён быў укрыжаваны, быў сад, і ў садзе новая магіла, у якой яшчэ ніхто ня быў пахованы.
42 Тутака, з прычыны Юдэйскага Дня Падрыхтовы, дый магіла была блізка, палажылі цела Ісуса.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Паводля Сьв. Яна Эвангеле, 19 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.