Біблія » Пераклады » Пераклад Міхася Міцкевіча

Яна 19 Паводле Яна 19 разьдзел

1 Бічаваньне. 2 Вянец з цярніны. 3 Удары па шчацэ Ісусу. 4 Сьветчаньне Пілатава пра нявіннасьць Ісусаву. 16 Пілат аддае Яго на ўкрыжаваньне. 28 Ісус прамовіў — смагу. 30 Канае, аддае Дух Ісус. 34 Бок Яго, пікай прабіты. 38 Пахаваньне Ісусава.
1 Тады Пілат узяў Ісуса і учыніў Яму бічаваньне.
2 І воіны, сплёўшы вянец з цярніны, узлажылі Яму на галаву, і адзелі Яго ў баграніцу, —
3 І гаварылі: — радуйся, Кароль Юдэйскі, і білі Яго па абліччы.
4 Пілат-жа зноў выйшаў навонкі і сказаў ім: — вось я выводжу Яго да вас, каб вы ведалі, што я не знайходжу ў Ім ніякае віны.
5 І выйшаў Ісус у церневым вянцы і ў рызе — баграніцы; і сказаў ім Пілат: — во, Чалавек!
6 Калі-ж убачылі Яго архісьвятары і слугі іхныя, то пачалі крычаць, кажучы: — укрыжуй, укрыжуй Яго. Гаворыць ім Пілат: — вазьмеце Яго вы і ўкрыжуйце, бо я не знайходжу ў Ім віны.
7 Юдэі адказалі яму: — мы маем закон, і подля закону нашага Ён мусіць умерці, бо Ён удае Сябе за Сына Божага.
8 Пілат, пачуўшы гэтае слова, яшчэ больш затрывожыўся.
9 І зноў увайшоў у Прэторыю і прамовіў да Ісуса: — адкуль Ты? — але Ісус ня даў яму адказу.
10 І сказаў Яму Пілат: — Ты не адказваеш мне? ці ня ведаеш, што я маю ўладу ўкрыжаваць Цябе, і маю ўладу адпусьціць Цябе.
11 Ісус-жа адказаў: — ня меў-бы ты нада Мною ніякае ўлады, калі-б ня было табе дадзена зузвыш; дзеля таго, больш грэху на тым, хто прадаў Мяне табе.
12 З таго маменту Пілат стараўся звольніць Ісуса, але юдэі крычалі, вымаўляючы: — калі звольніш Яго, ты ня прыяцель кесару; кажны, хто робіць сябе каралём, ёсьць праціўнік кесара.
13 Пілат, пачуўшы гэтыя словы, вывеў Ісуса навонкі, і сеў на судовым пасадзе, на месцы, званым Літостратон, а пагэбрайску Гаўвафа.
14 Была-ж тады пятніца перад Пасхай і гадзіна шостая; і сказаў Пілат юдэям: — вось, кароль ваш.
15 Яны-ж закрычалі: — вазьмі, вазьмі! укрыжуй Яго! Пілат сказаў ім: — ці-ж маю ўкрыжаваць караля вашага? архісьвятары адказалі: — няма ў нас караля, апроча кесара.
16 Тады аддаў Яго ім на ўкрыжаваньне; і ўзялі Ісуса і павялі.
17 І, нясучы на Сабе крыж, выйшаў на пляц, званы Чараповішча, а пагэбрайску Галгофа.
18 І там укрыжавалі Яго, а з Ім двух іншых, з аднаго і другога боку, а пасяродку Ісуса.
19 Пілат і надпіс напісаў і прылажыў на крыжы; а напісана было: — Ісус Назаранін Кароль Юдэйскі.
20 Многія з юдэяў чыталі гэты надпіс, бо пляц, дзе быў укрыжаваны Ісус, быў недалёка ад места, і напісана было пагэбрайску, пагрэцку і палатінску.
21 Гаварылі-ж архісьвятары юдэйскія Пілату: — ня пішы — Кароль Юдэйскі, — але што Ён Сам казаў: — Я Кароль Юдэйскі.
22 Пілат адказаў: — што я напісаў, то напісаў.
23 Воіны-ж, укрыжаваўшы Ісуса, узялі адзеньне Ягонае і падзялілі на чатыры часьці, кажнаму па аднэй, таксама і хітон; а хітон-жа ня быў шыты, але вытканы ўвесь ад самага верху.
24 Тады гаварылі між сабою: — ня будзем разьдзіраць яго, але кінем на яго жэрабе, каму дастанецца; — і збылося сказанае ў Пісаньні: — падзялілі адзеньне Мае між сабою, і на вопратку Маю жэрабе кідалі; гэтак і воіны учынілі.
25 Стаялі-ж пры Крыжы Ісусавым — Маці Ягоная і сястра Маці Яго, Марыя Клеопава і Марыя Магдалена.
26 Ісус, угледзеўшы Маці і вучня, які стаяў тут, і якога любіў, сказаў Маці Сваёй: — жанчына! вось сын Твой.
27 Пасля кажа вучню: — вось Маці твая; і з таго часу вучань узяў Яе да сябе.
28 Пасьля гэтага Ісус, ведаючы, што ўсё ўжо даканалася, каб збылося Пісаньне, прамовіў: — смагну!
29 Стаяла-ж тут посудзіна, поўная воцту; воіны, напаішы губку воцтам і насадзіўшы яе на трысьціну, паднясьлі да вуснаў Ягоных.
30 І калі Ісус прыняў воцту, прамовіў: — зьдзейсьнілася! і скланіўшы галаву, аддаў дух.
31 Юдэі-ж, дзеля таго што была пятніца (Дзень Прыгатовы), і подля звычаю, целы ўкрыжаваных не павінны былі заставацца на сыботу, бо быў Вялікі той дзень сыботні, прасілі Пілата, каб перабіць ім галені ды пазьнімаць іх.
32 І вось воіны прыйшлі і перабілі галені першаму і другому, укрыжаванаму з Ім.
33 Калі-ж падыйшлі да Ісуса, то ўбачылі, што Ён ужо ўмершы, і не перабівалі Яму галеняў.
34 Толькі адзін з воінаў дзідай прабіў Яму бок, і ўраз-жа пацякла кроў і вада.
35 І той, хто бачыў, засьветчыў, і праўдзівае ёсьць сьветчаньне яго; і ён ведае, што гаворыць праўду, каб і вы веру мелі.
36 Сталася-ж гэта, каб спраўдзілася Пісаньне: — косьць Яго няхай ня скрушыцца.
37 І яшчэ ў іншым Пісаньні гаворыцца: — узглянуць на Таго, Каго прабілі.
38 Пасьля гэтага Язэп з Арымафеі — вучань Ісуса, але скрытны з-за страху прад юдэямі, прасіў Пілата, каб зьняць Цела Ісуса, і Пілат дазволіў. Ён прыйшоў і зьняў Цела Ісусава.
39 Прыйшоў і Нікадым, які раней прыйходзіў да Ісуса ўначы, і прынёс блізу сто фунтаў мірра, зьмешанага з алоэ.
40 І ўзялі яны Цела Ісуса, і авінулі Яго надухмяненымі пялёнамі, як звычайна хаваюць у юдэяў.
41 У тым-жа месцы, дзе Ён быў укрыжаваны, быў сад, а ў садзе новы гроб, у якім яшчэ ніхто ня быў паложаны.
42 І там, дзеля таго, што было сьвята юдэйскае Дня Прыгатовы, а гроб быў блізка, палажылі Цела Ісуса.

Каментары ці зноскі:

20 пляц — ці — месца.
20 ад места — ці — ад гораду.
24 адзеньне — ці — рызы.
29 воіны — ці — яны.
31 звычаю — ці — закону?
31 целы ўкрыжаваных не павінны былі заставацца на сыботу, бо быў Вялікі той дзень сыботні — ці — каб не аставаліся на крыжы целы ў сыботу, бо быў вялікі той дзень сыботні.
36 скрушыцца — ці — пераломіцца.
38 Пасьля гэтага Язэп з Арымафеі — ці — У той час Язэп з Арымафеі.
40 надухмяненымі — ці — намашчанымі пахучымі.

Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Сьвятое Евангельле Яна, 19 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.