Біблія » Пераклады » Пераклад Міхася Міцкевіча

Яна 15 Паводле Яна 15 разьдзел

15 Хрыстос — лаза вінаградная, мы — галінкі яе. 12 Запавет любіць адзін аднаго. 18 Нянавісьць людзкую ганьбаваць належыць. 26 Сьветчаньне Духа Уцешыцеля за Ісуса.
1 Я — запраўдная вінаградная лаза; Айцец-жа Мой вінаградар.
2 Усякую галінку ў Мяне, якая не даё плёну, Ён адсякае; і ўсякую, якая прыносіць плён, ачышчае, каб большы плён прынясла.
3 Вы ўжо ачышчаны праз слова, якое Я гаварыў вам.
4 Будзьце-ж ува Мне, як і Я ў вас; як галіна ня можа даваць плёну сама сабою, калі ня будзе на лазе, так і вы, калі ня будзеце ўва Мне.
5 Я — лаза, вы-ж галіны; каторы будзе ўва Мне і Я ў ім, той прынясе багаты плён, бо без Мяне нічога тварыць ня можаце.
6 Хто ня будзе ўва Мне, будзе адкінены прэч, як галінка, і ссохне; і зьбіраюць іх і кідаюць у агонь, і яны згараюць.
7 Калі будзеце ўва Мне, і словы Мае ў вас будуць, тады прасеце, чаго хочаце, і станецца вам.
8 Гэтым праславіцца Айцец Мой, калі вы дасьце (багаты) плён і будзеце Маімі вучнямі.
9 Як узьлюбіў Мяне Айцец, і Я узьлюбіў вас; захавайцеся-ж ў любові Маёй.
10 Калі будзеце паслушнымі запаветам Маім, будзеце ў любові Маёй, як і Я паслушны запаветам Айца Майго і застаюся ў любові Яго.
11 Гэтае сказаў вам, каб радасьць Мая была ў вас, і каб радасьць вашая была поўная.
12Такі запавет Мой: любіце адзін аднаго, як і Я ўзьлюбіў вас.
13 Няма-ж большае любові, калі хто душу сваю паложыць за другаў сваіх.
14 Вы другі Мае, калі выконваеце тое, што запавядаю вам.
15 Ужо не называю вас слугамі, бо слуга ня ведае, што робіць гаспадар яго; але Я назваў вас другамі, бо усё, што чуў ад Айца Майго, вам абвесьціў.
16 Ня вы выбралі Мяне, але Я выбраў і паставіў вас, каб вы йшлі і прыносілі плён, і каб плён ваш трываў, каб усё, чаго папросіце ў Айца Майго ў імя Маё, даў вам.
17 Гэтае запавядаю вам, каб любілі адзін аднаго.
18 Калі сьвет зьненавідзіць вас, ведайце, што Мяне зьнявідзеў раней, як вас.
19 Калі-б вы былі ад сьвету, сьвет любіў-бы сваё; калі-ж вы не ад сьвету, але вас Я выбраў ад сьвету, за тое і ненавідзіць вас сьвет.
20 Памятайце слова, якое Я сказаў вам: слуга ня большы за гаспадара свайго; калі гналі Мяне, будуць гнаць і вас; калі захаваюць слова Маё, захаваюць і вашае.
21 Але ўсё гэтае зробяць для вас у імя Маё, бо ня ведаюць, Хто паслаў Мяне.
22 Калі-б Я ня прыйшоў і не гаварыў ім, то ня мелі-б грэху, а цяпер ня маюць апраўданьня ў грэху сваім.
23 Хто ненавідзіць Мяне, ненавідзіць і Айца Майго.
24 Калі-б Я ня тварыў сярод іх чынаў, якіх ніхто іншы ня мог стварыць, то ня мелі-б грэху; цяпер-жа, і бачылі і зьнявідзелі і Мяне і Айца Майго.
25 Але няхай спаўдзіцца слова, напісанае ў законе іхным: — зьненавідзелі Мяне надарэмна.
26 Калі-ж прыйдзе Уцешыцель, Якога Я пашлю вам ад Айца — Дух праўды, — Хто ад Айца зыходзіць, Ён будзе сьветчыць за Мяне.
27 І вы будзеце сьветчыць, бо вы ад пачатку са Мною.

Каментары ці зноскі:

2 плёну — ці — плод.
5 каторы — ці — хто.
6 ня будзе — ці — не застанецца.
8 багаты — ці — вялікі.
10 Калі будзеце выконваць запаветы Мае, будзеце ў любові Маёй, як і Я выконваю запаветы Айца Майго, і застаюся ў любові Яго.
12 Такі — ці — Гэта ёсьць.

Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Сьвятое Евангельле Яна, 15 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.