Яна 15 разьдзел

Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Міхася Міцкевіча

 
 

Я — сапраўдная Вінаградная Лаза, а Айцец Мой — Вінаградар;
 
Я — запраўдная вінаградная лаза; Айцец-жа Мой вінаградар.

кожную зь Мяне галінку, якая ня родзіць плоду, Ён абцінае; і кожную, якая родзіць плод, ачышчае, каб больш урадзіла плоду.
 
Усякую галінку ў Мяне, якая не даё плёну, Ён адсякае; і ўсякую, якая прыносіць плён, ачышчае, каб большы плён прынясла.

Вы ўжо ачышчаныя праз слова, якое Я прапаведаваў вам.
 
Вы ўжо ачышчаны праз слова, якое Я гаварыў вам.

Заставайцеся ўва Мне, і Я ў вас. Як галіна ня можа радзіць плоду сама сабою, калі ня будзе на лазе, так і вы, калі ня будзеце ўва Мне.
 
Будзьце-ж ува Мне, як і Я ў вас; як галіна ня можа даваць плёну сама сабою, калі ня будзе на лазе, так і вы, калі ня будзеце ўва Мне.

Я — Лаза, а вы галіны; хто застаецца ўва Мне, і Я ў ім, той родзіць многа плоду, бо безь Мяне ня можаце рабіць нічога.
 
Я — лаза, вы-ж галіны; каторы будзе ўва Мне і Я ў ім, той прынясе багаты плён, бо без Мяне нічога тварыць ня можаце.

Хто не застаецца ўва Мне, той будзе выкінуты прэч, як галіна, і засохне; а такія галіны зьбіраюць і кідаюць у вагонь, і яны згараюць;
 
Хто ня будзе ўва Мне, будзе адкінены прэч, як галінка, і ссохне; і зьбіраюць іх і кідаюць у агонь, і яны згараюць.

калі застанецеся ўва Мне, і словы Мае ў вас застануцца, дык, чаго ні захочаце, прасеце, і будзе вам.
 
Калі будзеце ўва Мне, і словы Мае ў вас будуць, тады прасеце, чаго хочаце, і станецца вам.

Тым праславіцца Айцец Мой, калі вы ўродзіце многа плоду, і будзеце Маімі вучнямі.
 
Гэтым праславіцца Айцец Мой, калі вы дасьце (багаты) плён і будзеце Маімі вучнямі.

Як палюбіў Мяне Айцец, і Я палюбіў вас; заставайцеся ў любові Маёй,
 
Як узьлюбіў Мяне Айцец, і Я узьлюбіў вас; захавайцеся-ж ў любові Маёй.

калі наказы Мае выканаеце, застанецеся ў любові Маёй, як і Я выканаў наказы Айца Майго і застаюся ў Яго любові.
 
Калі будзеце паслушнымі запаветам Маім, будзеце ў любові Маёй, як і Я паслушны запаветам Айца Майго і застаюся ў любові Яго.

Гэта сказаў Я вам, каб радасьць Мая ў вас заставалася і радасьць вашая была поўная.
 
Гэтае сказаў вам, каб радасьць Мая была ў вас, і каб радасьць вашая была поўная.

Гэта ёсьць запаведзь Мая, палюбеце ж адзін аднаго, як Я палюбіў вас.
 
Такі запавет Мой: любіце адзін аднаго, як і Я ўзьлюбіў вас.

Няма большае за тую любоў, як калі хто пакладзе душу сваю за сяброў сваіх.
 
Няма-ж большае любові, калі хто душу сваю паложыць за другаў сваіх.

Вы сябры Мае, калі выконваеце тое, што Я наказваю вам;
 
Вы другі Мае, калі выконваеце тое, што запавядаю вам.

Я ўжо не называю вас рабамі, бо раб ня ведае, што робіць гаспадар ягоны; а Я назваў вас сябрамі, бо сказаў вам усё, што чуў ад Айца Майго.
 
Ужо не называю вас слугамі, бо слуга ня ведае, што робіць гаспадар яго; але Я назваў вас другамі, бо усё, што чуў ад Айца Майго, вам абвесьціў.

Ня вы Мяне выбралі, а Я вас выбраў і паставіў вас, каб вы ішлі і радзілі плод, і каб плод ваш заставаўся, каб, чаго ні папросіце ў Айца ў імя Маё, Ён даў вам.
 
Ня вы выбралі Мяне, але Я выбраў і паставіў вас, каб вы йшлі і прыносілі плён, і каб плён ваш трываў, каб усё, чаго папросіце ў Айца Майго ў імя Маё, даў вам.

Гэта наказваю вам: любеце ж адзін аднаго.
 
Гэтае запавядаю вам, каб любілі адзін аднаго.

Калі сьвет вас ненавідзіць, ведайце, што Мяне раней за вас зьненавідзеў.
 
Калі сьвет зьненавідзіць вас, ведайце, што Мяне зьнявідзеў раней, як вас.

Калі б вы былі ад сьвету, дык сьвет любіў бы сваё; а як вы не ад сьвету, а Я вас выбраў ад сьвету, таму ненавідзіць вас сьвет.
 
Калі-б вы былі ад сьвету, сьвет любіў-бы сваё; калі-ж вы не ад сьвету, але вас Я выбраў ад сьвету, за тое і ненавідзіць вас сьвет.

Памятайце слова, якое Я сказаў вам: раб ня большы за гаспадара свайго. Калі Мяне гналі, гнацьмуць і вас; калі Маё слова захоўвалі, будуць захоўваць і ваша;
 
Памятайце слова, якое Я сказаў вам: слуга ня большы за гаспадара свайго; калі гналі Мяне, будуць гнаць і вас; калі захаваюць слова Маё, захаваюць і вашае.

але ўсё тое зробяць вам за імя Маё, ня ведаюць бо Таго, Хто паслаў Мяне.
 
Але ўсё гэтае зробяць для вас у імя Маё, бо ня ведаюць, Хто паслаў Мяне.

Калі б Я ня прыйшоў і не казаў ім, дык ня мелі б грэху; а цяпер ня маюць дараваньня ў грэху сваім.
 
Калі-б Я ня прыйшоў і не гаварыў ім, то ня мелі-б грэху, а цяпер ня маюць апраўданьня ў грэху сваім.

Хто ненавідзіць Мяне, ненавідзіць і Айца Майго;
 
Хто ненавідзіць Мяне, ненавідзіць і Айца Майго.

калі б Я ня ўчыніў паміж імі дзеяў, якіх ніхто іншы ня ўчыняў, дык ня мелі б грэху; а цяпер і бачылі, і ўзьненавідзелі і Мяне і Айца Майго.
 
Калі-б Я ня тварыў сярод іх чынаў, якіх ніхто іншы ня мог стварыць, то ня мелі-б грэху; цяпер-жа, і бачылі і зьнявідзелі і Мяне і Айца Майго.

Але хай збудзецца слова, напісанае ў законе іхнім: «зьненавідзелі Мяне марна».
 
Але няхай спаўдзіцца слова, напісанае ў законе іхным: — зьненавідзелі Мяне надарэмна.

Калі ж прыйдзе Суцешнік, Якога Я пашлю вам ад Айца, Дух праўды, Які ад Айца зыходзіць, Ён будзе сьведчыць пра Мяне;
 
Калі-ж прыйдзе Уцешыцель, Якога Я пашлю вам ад Айца — Дух праўды, — Хто ад Айца зыходзіць, Ён будзе сьветчыць за Мяне.

А таксама і вы будзеце сьведчыць, бо вы ад пачатку са Мною.
 
І вы будзеце сьветчыць, бо вы ад пачатку са Мною.