Яна 14 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Міхася Міцкевіча
Хай не бянтэжыцца сэрца ваша; веруйце ў Бога і ў Мяне веруйце.
Няхай ня трывожыцца сэрца вашае; верце ў Бога і ў Мяне верце.
У доме Айца Майго прыстанішча многа, а калі б ня так, Я сказаў бы вам: Я іду падрыхтаваць месца вам.
У доме Айца Майго сьвятліцаў шмат, калі-б ня было так, Я сказаў-бы вам: — іду прыгатаваць вам месца.
І калі пайду і падрыхтую вам месца, прыйду зноў і вазьму вас да Сябе, каб і вы былі, дзе Я.
І калі пайду і прыгатую месца, прыйду зноў і вазьму вас да Сябе, каб там, дзе Я, былі і вы.
А куды Я іду, вы ведаеце, і шлях ведаеце.
Куды Я йду, ведаеце, і дарогу ведаеце.
Тамаш сказаў Яму: Госпадзе! ня ведаем, куды ідзеш; і як можам ведаць шлях?
Прамовіў да Яго Хама: — Госпадзе! ня ведаем, куды йдзеш; як-жа можам дарогу знаць?
Ісус сказаў яму: Я — і шлях і праўда і жыцьцё; ніхто ня прыходзіць да Айца, як толькі церазь Мяне.
Ісус сказаў яму: — Я ёсьць дарога, і праўда і жыцьцё; ніхто ня прыйходзіць да Айца, але толькі праз Мяне.
Калі б вы ведалі Мяне, дык ведалі б і Айца Майго. І ад сёньня ведаеце Яго, і бачылі Яго.
Калі-б вы пазналі Мяне, пазналі-б і Айца Майго, і ад гэтага часу ведаеце Яго, і бачылі Яго.
Піліп сказаў Яму: Госпадзе! пакажы нам Айца, і досыць нам.
Піліп сказаў Яму: — Госпадзе! пакажы нам Айца, і даволі з нас.
Ісус сказаў яму: столькі часу Я з вамі, і ты ня ведаеш Мяне, Піліпе? хто бачыў Мяне, бачыў Айца; як жа ты кажаш: «пакажы нам Айца»?
Ісус сказаў яму: — столькі часу Я з вамі, і ты не пазнаў Мяне, Піліпе? бачыўшы Мяне, бачыў і Айца; як-жа ты гаварыш — пакажы нам Айца?
Хіба ня верыш ты, што Я ў Айцы, і Айцец ува Мне? Словы, якія кажу Я вам, кажу не ад Сябе; Айцец, Які існы ўва Мне, Ён творыць дзеі.
Ці-ж ня верыш, што Я ў Айцы і Айцец ува Мне? Словы якія гавару Я вам, не ад Сябе гавару; Айцец бытуе ўва Мне, і Ён творыць учынкі.
Верце Мне, што Я ў Айцы, і Айцец ува Мне; а калі ня так, дык верце Мне па самых дзеях.
Верце Мне, што Я ў Айцы і Айцец ува Мне. Калі-ж ня так, дык верце Мне подля самых учынкаў.
Праўду, праўду кажу вам: хто верыць у Мяне, дзеі, якія твару Я, і Ён створыць, і болей за іх створыць; бо Я да Айца Майго іду.
Папраўдзе, папраўдзе кажу вам: — хто верыць у Мяне, будзе тварыць учынкі, якія і Я твару, ды й большыя за тых створыць, бо Я да Айца Майго йду.
І калі чаго папросіце ў Айца ў імя Маё, дык зраблю, хай праславіцца Айцец у Сыне;
І калі чаго папросіце ў Айца ў імя Мае, тое учыню, каб праславіўся Айцец у Сыне.
калі чаго папросіце ў імя Маё, Я тое зраблю.
І калі чаго папросіце ў імя Маё, тое учыню.
Калі любіце Мяне, захавайце Мае запаведзі,
Калі любіце Мяне, выконвайце запаветы Мае.
і Я ўмалю Айца, і дасьць вам другога Суцешніка, хай будзе з вамі вавек,
І Я ўпрашу Айца, і дасьць вам другога Ўцешыцеля, Які будзе з вамі павек.
Духа праўды, Якога сьвет ня можа прыняць, бо ня бачыць Яго і ня ведае Яго; а вы ведаеце Яго, бо Ён з вамі існы, і ў вас будзе.
— Духа Праўды, — Якога сьвет ня можа прыняць, бо ня бачыць Яго і ня знае Яго; вы-ж знаеце Яго, бо ў вас Ён ёсьць, і з вамі будзе.
Не пакіну вас сіротамі; прыйду да вас;
Не пакіну вас сіротамі; прыйду да вас.
яшчэ трошкі, і сьвет ужо ня ўбачыць Мяне; а вы ўбачыце Мяне, бо Я жыву, і вы жыцьмеце.
Яшчэ нядоўга, і сьвет ужо ня ўбачыць Мяне; а вы ўбачыце Мяне, бо Я жыву, і вы жыць будзеце.
У той дзень спазнаеце вы, што Я ў Айцы Маім, і вы ўва Мне, і Я ў вас.
У той дзень пазнаеце вы, што Я ў Айцы Маім, а вы ўва Мне, і Я ў вас.
Хто мае запаведзі Мае і захоўвае іх, той любіць Мяне; а хто любіць Мяне, той палюбіцца Айцу Майму, і Я палюблю яго і зьяўлюся яму Сам.
Хто памятае запаветы Мае і трымаецца іх, той любіць Мяне; а хто любіць Мяне, таго будзе любіць і Айцец Мой, і Я палюблю яго і зьяўлюся яму Сам.
Юда, не Іскарыёт, кажа Яму: Госпадзе! што гэта, што Ты хочаш зьявіць Сябе нам, а ня сьвету?
І гаворыць Яму Юда, але не Іскарыёт: — Госпадзе! чаму Ты хочаш аб'явіцца нам, а ня сьвету?
Ісус сказаў яму ў адказ: хто любіць Мяне, той сьледуе слову Майму; і Айцец Мой палюбіць яго, і Мы прыйдзем да яго і прыстанішча ў ім створым.
Адказаў яму Ісус, прамовіўшы: — хто любіць Мяне, той зьберажэ слова Маё, і Айцец Мой палюбіць яго, і Мы прыйдзем да яго, і сядзібу заложым у яго.
Хто ня любіць Мяне, ня сьледуе словам Маім; а слова, якое вы чуеце, ня ёсьць Маё, а Айца, што паслаў Мяне.
Хто-ж ня любіць Мяне, ня зьберагае слоў Маіх; слова-ж, якое вы чуеце, не Маё, але Айца Майго, Хто паслаў Мяне.
Гэта сказаў Я вам, будучы з вамі;
Гэтае сказаў Я вам, калі яшчэ з вамі.
А Суцешнік, Дух Сьвяты, Якога пашле Айцец у імя Маё, навучыць вас усяму і нагадае вам усё, што Я казаў вам.
А Ўцешыцель, Дух Сьвяты, Яго-ж пашле Айцец у імя Маё, навучыць вас да ўсяго і напомніць вам пра ўсё, што гаварыў Я вам.
Мір пакідаю вам, мір Мой даю вам: ня так, як сьвет дае, Я даю вам. Хай не бянтэжыцца сэрца ваша і хай не застрашыцца.
Мір пакідаю вам, мір Мой даю вам: ня так, як сьвет дае, Я даю вам. Няхай ня трывожыцца сэрца вашае і не ўпадае ў страх.
Вы чулі, што Я сказаў вам: іду ад вас і прыйду да вас. Калі б вы любілі Мяне, дык узрадаваліся б, што Я сказаў: іду да Айца; бо Айцец Мой большы за Мяне.
Вы чулі, як казаў Я вам: — адыйходжу ад вас, і прыйду да вас; калі-б вы любілі Мяне, то ўзрадаваліся-б, што Я сказаў — іду да Айца, бо Айцец Мой большы за Мяне.
І вось, Я сказаў вам пра тое, раней чым збылося, каб вы паверылі, калі збудзецца.
І цяпер сказаў Я вам пра тое перад тым, як сталася, каб вы паверылі, калі станецца.
Ужо нядоўга Мне гутарыць з вамі, бо ідзе князь сьвету гэтага, ды ня мае ўлады над Мною.
Ужо нядоўга Мне гаварыць з вамі, бо йдзе князь сьвету гэтага, і ўва Мне ня мае нічога.
Але каб сьвет ведаў, што Я люблю Айца, і, як наказаў Мне Айцец, так і твару: устаньце, пойдзем адгэтуль.
Але няхай сьвет знае, што Я люблю Айца, і як запавядаў Мне Айцец, гэтак твару; устаньце, пойдзем адгэтуль.