Яна 14 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад В. Гадлеўскага
Хай не бянтэжыцца сэрца ваша; веруйце ў Бога і ў Мяне веруйце.
Няхай ня трывожыцца сэрца вашае. Верыце ў Бога і ў мяне верце.
У доме Айца Майго прыстанішча многа, а калі б ня так, Я сказаў бы вам: Я іду падрыхтаваць месца вам.
У доме Айца майго памяшканьняў многа. Калі-б інакш, то я сказаў-бы вам, бо іду прыгатовіць вам месца.
І калі пайду і падрыхтую вам месца, прыйду зноў і вазьму вас да Сябе, каб і вы былі, дзе Я.
А калі адыйду і прыгатую вам месца, ізноў прыйду і вазьму вас да сябе, каб, дзе я, там і вы былі.
А куды Я іду, вы ведаеце, і шлях ведаеце.
І куды я іду, ведаеце, і дарогу ведаеце.
Тамаш сказаў Яму: Госпадзе! ня ведаем, куды ідзеш; і як можам ведаць шлях?
Сказаў яму Тамаш: Пане, мы ня ведаем, куды ты ідзеш, і як-жа можам ведаць дарогу?
Ісус сказаў яму: Я — і шлях і праўда і жыцьцё; ніхто ня прыходзіць да Айца, як толькі церазь Мяне.
Сказаў яму Езус: Я ёсьць дарога і праўда і жыцьцё; ніхто ня прыходзіць да Айца, як толькі праз мяне.
Калі б вы ведалі Мяне, дык ведалі б і Айца Майго. І ад сёньня ведаеце Яго, і бачылі Яго.
Калі б вы мяне пазналі, паўнейж пазналі-б і Айца майго; і ад гэтага часу вы пазнаеце яго і вы бачылі яго.
Піліп сказаў Яму: Госпадзе! пакажы нам Айца, і досыць нам.
Сказаў яму Філіп: Пане, пакажы нам Айца і хваціць нам.
Ісус сказаў яму: столькі часу Я з вамі, і ты ня ведаеш Мяне, Піліпе? хто бачыў Мяне, бачыў Айца; як жа ты кажаш: «пакажы нам Айца»?
Сказаў яму Езус: Гэтулькі часу я з вамі і вы не пазналі мяне? Філіпе, хто бачыць мяне, той бачыць і Айца. Як-жа ты кажаш: «Пакажы нам Айца»?
Хіба ня верыш ты, што Я ў Айцы, і Айцец ува Мне? Словы, якія кажу Я вам, кажу не ад Сябе; Айцец, Які існы ўва Мне, Ён творыць дзеі.
Ці ня верыце, што я ў Айцу, а Айцец у-ва мне ёсьць? Словы, якія я вам гавару, не ад самога сябе гавару, але Айцец, каторы у-ва мне прабывае, ён чыніць чыны.
Верце Мне, што Я ў Айцы, і Айцец ува Мне; а калі ня так, дык верце Мне па самых дзеях.
Ці ня верыце, што я ў Айцу, а Айцец ёсьць у-ва мне? Прынамся дзеля самых чынаў верце.
Праўду, праўду кажу вам: хто верыць у Мяне, дзеі, якія твару Я, і Ён створыць, і болей за іх створыць; бо Я да Айца Майго іду.
Сапраўды, сапраўды кажу вам, хто верыць у мяне, чыны, якія я чыніў, і ён будзе чыніць, і большыя за гэтыя будзе чыніць, бо я іду да Айца.
І калі чаго папросіце ў Айца ў імя Маё, дык зраблю, хай праславіцца Айцец у Сыне;
І чаго-колечы будзеце прасіць Айца ў імя маё, тое ўчыню, каб быў праслаўлены Айцец у Сыне.
калі чаго папросіце ў імя Маё, Я тое зраблю.
Калі чаго будзеце прасіць мяне ў імя маё, тое ўчыню.
Калі любіце Мяне, захавайце Мае запаведзі,
Калі вы мяне любіце, захоўвайце мае прыказаньні;
і Я ўмалю Айца, і дасьць вам другога Суцешніка, хай будзе з вамі вавек,
а я буду прасіць Айца, і ён дасьць вам іншага Пацяшыцеля, каб прабываў з вамі навекі —
Духа праўды, Якога сьвет ня можа прыняць, бо ня бачыць Яго і ня ведае Яго; а вы ведаеце Яго, бо Ён з вамі існы, і ў вас будзе.
Духа праўды, каторага сьвет ня можа прыняць, бо ня відзіць яго і ня знае яго. Але вы пазнаеце яго, бо ён з вамі будзе прабываць і ў вас будзе.
Не пакіну вас сіротамі; прыйду да вас;
Не пакіну вас сіратамі, прыйду да вас.
яшчэ трошкі, і сьвет ужо ня ўбачыць Мяне; а вы ўбачыце Мяне, бо Я жыву, і вы жыцьмеце.
Яшчэ крыху і сьвет ужо ня ўбачыць мяне; а вы мяне будзеце бачыць, бо я жыву і вы будзеце жыць.
У той дзень спазнаеце вы, што Я ў Айцы Маім, і вы ўва Мне, і Я ў вас.
У той дзень вы пазнаеце, што я ёсьць у Айцу маім, а вы ў мне, і я ў вас.
Хто мае запаведзі Мае і захоўвае іх, той любіць Мяне; а хто любіць Мяне, той палюбіцца Айцу Майму, і Я палюблю яго і зьяўлюся яму Сам.
Хто мае маё прыказаньне і захоўвае яго, гэта той, хто любіць мяне. А хто мяне любіць, будзе ўзлюблены Айцом маім, і я буду любіць яго і аб’ялю яму самога сябе.
Юда, не Іскарыёт, кажа Яму: Госпадзе! што гэта, што Ты хочаш зьявіць Сябе нам, а ня сьвету?
Сказаў яму Юда, ня той Іскарыёт: Пане, што сталася, што ты маеш аб’явіцца нам, а ня сьвету?
Ісус сказаў яму ў адказ: хто любіць Мяне, той сьледуе слову Майму; і Айцец Мой палюбіць яго, і Мы прыйдзем да яго і прыстанішча ў ім створым.
Адказаў Езус і сказаў яму: Калі хто любіць мяне, будзе захоўваць мову маю, і Айцец мой узлюбіць яго, і прыйдзем да яго і зробім у яго памешканьне.
Хто ня любіць Мяне, ня сьледуе словам Маім; а слова, якое вы чуеце, ня ёсьць Маё, а Айца, што паслаў Мяне.
Хто ня любіць мяне, не захоўвае моваў маіх. А мова, якую вы чулі, ня ёсьць мая, але таго, хто паслаў мяне, Айца.
Гэта сказаў Я вам, будучы з вамі;
Гэтае я вам сказаў, прабываючы ў вас.
А Суцешнік, Дух Сьвяты, Якога пашле Айцец у імя Маё, навучыць вас усяму і нагадае вам усё, што Я казаў вам.
Пацяшыцель-жа, Дух сьвяты, каторага пашле Айцец у імя маё, ён вас навучыць усяго і прыпомніць вам усё, што-колечы я вам сказаў.
Мір пакідаю вам, мір Мой даю вам: ня так, як сьвет дае, Я даю вам. Хай не бянтэжыцца сэрца ваша і хай не застрашыцца.
Супакой пакідаю вам, супакой мой даю вам; ня так як сьвет дае, я вам даю. Няхай ня трывожыцца сэрца вашае і не баіцца.
Вы чулі, што Я сказаў вам: іду ад вас і прыйду да вас. Калі б вы любілі Мяне, дык узрадаваліся б, што Я сказаў: іду да Айца; бо Айцец Мой большы за Мяне.
Вы чулі, што я вам сказаў: «Адыходжу і прыходжу да вас». Калі-б вы любілі мяне, пэўне цешыліся-б, што іду да Айца, бо Айцец большы за мяне.
І вось, Я сказаў вам пра тое, раней чым збылося, каб вы паверылі, калі збудзецца.
І цяпер я сказаў вам перш чым станецца, каб, калі станецца, вы верылі.
Ужо нядоўга Мне гутарыць з вамі, бо ідзе князь сьвету гэтага, ды ня мае ўлады над Мною.
Ужо нямнога буду з вамі гаварыць, бо ідзе князь гэтага сьвету, а ў мне ён нічога ня мае,
Але каб сьвет ведаў, што Я люблю Айца, і, як наказаў Мне Айцец, так і твару: устаньце, пойдзем адгэтуль.
але каб сьвет пазнаў, што я люблю Айца і як мне даў загад Айцец, так чыніў. Устаньце, пойдзем адгэтуль.