Яна 18 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад В. Гадлеўскага
Сказаўшы гэта, Ісус выйшаў з вучнямі Сваімі за паток Кедрон, дзе быў сад, у які ўвайшоў Сам і вучні Ягоныя.
Сказаўшы гэтае, Езус выйшаў са сваімі вучнямі за ручай Цэдрон, дзе быў сад, у каторы ўвайшоў сам і вучні яго.
А ведаў гэтае месца і Юда, прадажнік Ягоны, бо Ісус часта зьбіраўся там з вучнямі Сваімі.
Ведаў-жа і Юдаш, каторы выдаваў яго, месца, бо там часта Езус зьбіраўся са сваімі вучнямі.
І вось Юда, узяўшы атрад воінаў і служак ад першасьвятароў і фарысэяў, прыходзіць туды зь ліхтарамі і сьвяцільнямі і зброяй.
Дык Юдаш, узяўшы роту і слуг ад архісьвятараў і фарызэяў, прыйшоў туды з латарнямі і сьветачамі і аружжам.
А Ісус, ведаючы ўсё, што зь Ім будзе, выйшаў і сказаў ім: каго шукаеце?
Езус-жа, ведаючы ўсё, што мела на яго прыйсьці, выйшаў і сказаў ім: Каго шукаеце?
Яму адказалі: Ісуса Назарэя. Ісус кажа ім: гэта Я. А стаяў зь імі й Юда, прадажнік Ягоны.
Адказалі яму: Езуса Назарэнскага. Сказаў ім Езус: Гэта я. Стаяў-жа з імі і Юдаш, каторы яго выдаваў.
І калі сказаў ім: гэта Я, — яны адступіліся назад і ўпалі на зямлю.
Дык калі сказаў ім: «Гэта я», яны адступілі назад і ўпалі на зямлю.
Зноў спытаўся ў іх: каго шукаеце? Яны сказалі: Ісуса Назарэя.
Дык спытаўся ў іх ізноў: Каго шукаеце? Яны-ж сказалі: Езуса Назарэнскага.
Ісус адказваў: Я сказаў вам, што гэта Я; дык вось, калі Мяне шукаеце, пакіньце іх, хай ідуць,
Адказаў Езус: Я сказаў вам, што гэта я; дык калі мяне шукаеце, пазвольце гэтым адыйсьці.
хай збудзецца слова, сказанае Ім: з тых, каго Ты Мне даў, Я не загубіў нікога.
Каб споўнілася мова, якую сказаў: што тых, каторых ты мне даў, не загубіў з іх ніводнага.
А Сымон Пётр, маючы меч, дастаў яго, і ударыў першасьвятаровага раба, і адсек яму правае вуха: імя раба было Малх.
Дык Сымон Пётр, маючы меч, выняў яго і ўдарыў слугу архісьвятара і адсек яму правае вуха. А імя слугі было Мальхус.
Але Ісус сказаў Пятру: укладзі меч у похвы; няўжо Мне ня піць чары, якую даў Мне Айцец?
І сказаў Езус Пятру: Улажы меч твой у похву. Ці-ж я ня буду піць тае чары, якую даў мне Айцец?
Тады воіны і тысячнік і служкі Юдэйскія ўзялі Ісуса, і зьвязалі Яго,
Дык рота і ротны і слугі жыдоўскія ўзялі Езуса і зьвязалі яго.
і завялі Яго спачатку да Анны; бо ён быў цесьцем Каяфы, які быў на той год першасьвятаром:
І прывялі яго перш да Аннаша, бо ён быў цесьцем Каіфаша, які быў архісьвятарам таго году.
гэта быў Каяфа, які даў параду Юдэям, што лепш аднаму чалавеку памерці за народ.
А гэта быў Каіфаш, каторы даў быў раду жыдом: Што лепш, каб адзін чалавек памёр за народ.
За Ісусам сьледам ішлі Сымон Пётр і другі вучань: вучань жа гэты быў знаёмы першасьвятару і ўвайшоў зь Ісусам у двор першасьвятароў:
А ішоў за Езусам Сымон Пётр і другі вучань. Той-жа вучань быў знаёмы для архісьвятара і ён увайшоў з Езусам у дварышча архісьвятара;
А Пётр стаяў звонку за дзьвярыма. Потым другі вучань, які быў знаёмы першасьвятару, выйшаў і сказаў брамніцы, і ўвёў Пятра.
а Пётр стаяў ля дзьвярэй, вонкі. Дык выйшаў другі вучань, каторы быў знаёмы для архісьвятара, і сказаў прыдзьверніцы і ўвёў Пятра.
Тут рабыня-брамніца кажа Пятру: і ты ці ня з вучняў Гэтага Чалавека? Ён сказаў: не.
Дык сказала Пятру прыдзьверная слуга: Ці і ты ня з вучняў гэтага чалавека? Ён сказаў: Я не.
Тым часам рабы і служкі, расклаўшы агонь, таму што было золка, стаялі і грэліся; Пётр таксама стаяў зь імі і грэўся.
А стаялі нявольнікі і слугі каля вуглёў, бо быў холад, і грэліся; быў-жа з імі і Пётр, каторы стаяў і грэўся.
А першасьвятар спытаўся ў Ісуса пра вучняў Ягоных і пра вучэньне Ягонае.
Дык архісьвятар спытаўся ў Езуса аб ягоных вучнях і аб ягонай навуцы.
Ісус адказваў яму: Я гаварыў адкрыта сьвету; Я заўсёды вучыў у сынагозе і ў храме, дзе заўсёды Юдэі сыходзяцца, і тайна не казаў нічога;
Адказаў яму Езус: Я яўна гаварыў сьвету, я заўсёды навучаў у бажніцы і ў сьвятыні, дзе зьбіраюцца ўсе жыды, і ў скрытнасьці не гаварыў нічога.
што пытаешся ў Мяне? спытайся ў тых, хто чуў, што Я казаў ім; вось, яны ведаюць, што Я казаў.
Што мяне пытаеш? Спытайся ў тых, каторыя чулі, што я ім гаварыў.
Калі Ён сказаў гэта, адзін служка, які стаяў паблізу, ударыў Ісуса па шчацэ, сказаўшы: так Ты адказваеш першасьвятару?
Калі-ж ён сказаў гэтае, адзін з слугаў, які там стаяў, даў Езусу на шчацэ, кажучы: Ты гэтак адказваеш архісьвятару?
Ісус адказваў яму: калі Я сказаў блага, пакажы, што благое, а калі добра, чаго ты б’еш Мяне?
Адказаў яму Езус: Калі я блага сказаў, дай пасьведчаньне аб благім, а калі добра, то нашто мяне б’еш?
Анна паслаў Яго зьвязанага да першасьвятара Каяфы.
І паслаў яго Аннаш зьвязанага да Каіфаша, архісьвятара.
А Сымон Пётр стаяў і грэўся. Тут сказалі яму: ці ня з вучняў Ягоных і ты? Ён зрокся і сказаў: не.
А Сымон Пётр стаяў і грэўся. Дык сказалі яму: Ці і ты ня з ягоных вучняў? Ён адрокся і сказаў: Я не.
Адзін з рабоў першасьвятаровых, родзіч таго, якому Пётр адсек вуха, кажа: ці не цябе бачыў я зь Ім у садзе?
Сказаў яму адзін з слугаў архісьвятара, сваяк таго, якому Пётр адсек вуха: Ці-ж я ня бачыў цябе ў садзе з ім?
Пётр зноў зрокся; і адразу засьпяваў певень.
Дык ізноў адрокся Пётр. І зараз-жа запяяў певень.
Ад Каяфы павялі Ісуса ў прэторыю. Была раніца; і яны не ўвайшлі ў прэторыю, каб не апаганіцца, а каб можна было есьці пасху.
Дык прывялі Езуса ад Каіфаша ў прэторыю. Была-ж раніца. І самі яны не ўвайшлі ў прэторыю, каб не занячысьціцца, але каб маглі есьці Пасху.
Пілат выйшаў да іх і сказаў: у чым вы вінаваціце Чалавека Гэтага?
Дык Пілат выйшаў да іх вонкі і сказаў: Якое абвінавачаньне прыносіце на гэтага чалавека?
Яны сказалі яму ў адказ: калі б Ён ня быў злачынец, мы не перадалі б Яго табе.
Яны адказалі і сказалі яму: Калі-б ён ня быў злачынца, мы ня выдалі-б яго табе.
Пілат сказаў ім: вазьмеце Яго вы, і паводле закону вашага судзеце Яго. Юдэі сказалі яму: нам не дазволена караць сьмерцю нікога, —
Дык сказаў ім Пілат: Вазьмеце яго вы і паводле вашага закону асудзеце яго. А жыды сказалі яму: Нам ня можна нікога забіваць.
хай збудзецца слова Ісусавае, якое сказаў Ён, даючы зразумець, якою сьмерцю Ён памрэ.
Каб споўнілася мова Езуса, якую ён сказаў, азначаючы, якою сьмерцяй меў памерці.
Тады Пілат зноў увайшоў у прэторыю, і паклікаў Ісуса, і сказаў Яму: Ты Цар Юдэйскі?
Дык Пілат увайшоў ізноў у прэторыю і паклікаў Езуса і сказаў яму: Ты кароль жыдоўскі?
Ісус адказваў яму: ці ад сябе ты кажаш гэта, ці іншыя сказалі табе пра Мяне?
Адказаў Езус: Ты гэтае гаворыш ад самога сябе, ці другія табе сказалі аба мне?
Пілат адказваў: хіба я Юдэй? Твой народ і першасьвятары перадалі Цябе мне; што Ты зрабіў?
Адказаў Пілат: Ці я жыд? Твой народ і архісьвятары выдалі цябе мне; што ты зрабіў?
Ісус адказваў: Царства Маё не ад сьвету гэтага; калі б ад сьвету гэтага было Царства Маё, дык слугі Мае заступіліся б за Мяне, каб Я ня быў аддадзены Юдэям; але цяпер Маё Царства не адгэтуль.
Адказаў Езус: Каралеўства маё ня ёсьць з гэтага сьвету. Калі-б каралеўства маё было з гэтага сьвету, то слугі мае пэўне-ж біліся-б, каб я ня быў выданы жыдом. Цяпер-жа каралеўства маё ня ёсьць адгэтуль.
Пілат сказаў Яму: значыцца, Ты Цар? Ісус адказваў: ты кажаш, што Я Цар; Я на тое нарадзіўся і на тое прыйшоў у сьвет, каб засьведчыць ісьціну; кожны, хто ад ісьціны, слухае голасу Майго.
І сказаў яму Пілат: Дык ты кароль? Адказаў Езус: Ты кажаш, што я кароль. Я на тое нарадзіўся і на тое прыйшоў на сьвет, каб даў пасьведчаньне праўдзе. Кожны, хто ёсьць з праўды, слухае голасу майго.
Пілат сказаў Яму: што ёсьць ісьціна? І, сказаўшы гэта, зноў выйшаў да Юдэяў і сказаў ім: я ніякай віны не знаходжу ў Ім;
Сказаў яму Пілат: Што гэта праўда? І сказаўшы гэтае, выйшаў ізноў да жыдоў і сказаў ім: Я не знаходжу ў ім ніякае віны.
ёсьць жа ў вас звычай, каб я аднаго адпускаў вам на Пасху: ці хочаце, адпушчу вам Цара Юдэйскага?
Ёсьць-жа ў вас звычай, каб я аднаго пушчаў вам на Пасху: дык хочаце, пушчу вам караля жыдоўскага?
Тады зноў закрычалі ўсе, кажучы: не Яго, а Вараву. А Варава быў разбойнік.
Але закрычалі ізноў усе, кажучы: Не яго, але Бараббу. А Барабба быў разбойнік.