Біблія » Пераклады » Пераклад В. Гадлеўскага

Яна 14 Паводле Яна 14 разьдзел

1 Няхай ня трывожыцца сэрца вашае. Верыце ў Бога і ў мяне верце.
2 У доме Айца майго памяшканьняў многа. Калі-б інакш, то я сказаў-бы вам, бо іду прыгатовіць вам месца.
3 А калі адыйду і прыгатую вам месца, ізноў прыйду і вазьму вас да сябе, каб, дзе я, там і вы былі.
4 І куды я іду, ведаеце, і дарогу ведаеце.
5 Сказаў яму Тамаш: Пане, мы ня ведаем, куды ты ідзеш, і як-жа можам ведаць дарогу?
6 Сказаў яму Езус: Я ёсьць дарога і праўда і жыцьцё; ніхто ня прыходзіць да Айца, як толькі праз мяне.
7 Калі б вы мяне пазналі, паўнейж пазналі-б і Айца майго; і ад гэтага часу вы пазнаеце яго і вы бачылі яго.
8 Сказаў яму Філіп: Пане, пакажы нам Айца і хваціць нам.
9 Сказаў яму Езус: Гэтулькі часу я з вамі і вы не пазналі мяне? Філіпе, хто бачыць мяне, той бачыць і Айца. Як-жа ты кажаш: «Пакажы нам Айца»?
10 Ці ня верыце, што я ў Айцу, а Айцец у-ва мне ёсьць? Словы, якія я вам гавару, не ад самога сябе гавару, але Айцец, каторы у-ва мне прабывае, ён чыніць чыны.
11 Ці ня верыце, што я ў Айцу, а Айцец ёсьць у-ва мне? Прынамся дзеля самых чынаў верце.
12 Сапраўды, сапраўды кажу вам, хто верыць у мяне, чыны, якія я чыніў, і ён будзе чыніць, і большыя за гэтыя будзе чыніць, бо я іду да Айца.
13 І чаго-колечы будзеце прасіць Айца ў імя маё, тое ўчыню, каб быў праслаўлены Айцец у Сыне.
14 Калі чаго будзеце прасіць мяне ў імя маё, тое ўчыню.
15 Калі вы мяне любіце, захоўвайце мае прыказаньні;
16 а я буду прасіць Айца, і ён дасьць вам іншага Пацяшыцеля, каб прабываў з вамі навекі —
17 Духа праўды, каторага сьвет ня можа прыняць, бо ня відзіць яго і ня знае яго. Але вы пазнаеце яго, бо ён з вамі будзе прабываць і ў вас будзе.
18 Не пакіну вас сіратамі, прыйду да вас.
19 Яшчэ крыху і сьвет ужо ня ўбачыць мяне; а вы мяне будзеце бачыць, бо я жыву і вы будзеце жыць.
20 У той дзень вы пазнаеце, што я ёсьць у Айцу маім, а вы ў мне, і я ў вас.
21 Хто мае маё прыказаньне і захоўвае яго, гэта той, хто любіць мяне. А хто мяне любіць, будзе ўзлюблены Айцом маім, і я буду любіць яго і аб’ялю яму самога сябе.
22 Сказаў яму Юда, ня той Іскарыёт: Пане, што сталася, што ты маеш аб’явіцца нам, а ня сьвету?
23 Адказаў Езус і сказаў яму: Калі хто любіць мяне, будзе захоўваць мову маю, і Айцец мой узлюбіць яго, і прыйдзем да яго і зробім у яго памешканьне.
24 Хто ня любіць мяне, не захоўвае моваў маіх. А мова, якую вы чулі, ня ёсьць мая, але таго, хто паслаў мяне, Айца.
25 Гэтае я вам сказаў, прабываючы ў вас.
26 Пацяшыцель-жа, Дух сьвяты, каторага пашле Айцец у імя маё, ён вас навучыць усяго і прыпомніць вам усё, што-колечы я вам сказаў.
27 Супакой пакідаю вам, супакой мой даю вам; ня так як сьвет дае, я вам даю. Няхай ня трывожыцца сэрца вашае і не баіцца.
28 Вы чулі, што я вам сказаў: «Адыходжу і прыходжу да вас». Калі-б вы любілі мяне, пэўне цешыліся-б, што іду да Айца, бо Айцец большы за мяне.
29 І цяпер я сказаў вам перш чым станецца, каб, калі станецца, вы верылі.
30 Ужо нямнога буду з вамі гаварыць, бо ідзе князь гэтага сьвету, а ў мне ён нічога ня мае,
31 але каб сьвет пазнаў, што я люблю Айца і як мне даў загад Айцец, так чыніў. Устаньце, пойдзем адгэтуль.

Каментары ці зноскі:

4 Дарогай да хвалы нябеснай была для Хрыста мука, а дарогай для вучняў — прыклад ягоны.

6 Хрыстус ёсьць дарогай да Айца нябеснага праз навуку, ласку і спосабы збаўленьня (сакрамэнты); Хрыстус ёсьць праўдай, бо ён Бог праўдзівы, жарало ўсякай праўды; Хрыстус ёсьць жыцьцём, бо дае людзям жыцьцё прыроднае і надпрыроднае.

7 Вучні, знаючы Сына, знаюць і аглядаюць Айца, бо Айцец ёсьць у Сыне, а Сын у Айцы.

10 Сын Божы і Айцец (і Дух сьв.) становяць адно ў сваей натуры, але розьняцца паміж сабою асобамі. Дзеля супольнасьці натуры Божай усе тры асобы прабываюць узаемна ў сабе.

12 Вучні Хрыстуса будуць чыніць вонкава яшчэ большыя цуды, чым дагэтуль сам Хрыстус, а гэта моцай, дадзенай ім Хрыстом.

16-17 Пацяшыцель — гэта Дух сьв. Ён, як Дух, будзе прабываць нявідома з вучнямі Хрыста; ён, як Дух праўды, усьцеражэ вучняў ад усякіх памылак у справе веры.

20 «У той дзень» — гэта зн. пасьля ўскрасеньня Хрыста і Зыходу Духа сьв.

22 Гэта быў Юда Тадэуш, брат Якуба Меншага.

23 Душа міласьніка Божага ёсьць сялібай усяя Тройцы сьв.: Айца і Сына і Духа сьв.

27 «Супакой» азначае тут паўнату ўсялякага духовага дабра і ласкаў Божых, а так-жа спакойнасьць душы ва ўсякіх жыцьцёвых праціўнасьцях і спакушэньнях.

28 Бог Айцец ёсьць большы за Хрыста, як чалавека — і аб гэтай натуры чалавечай Хрыстус гаворыць, калі кажа, што адыйдзе да Айца.

30 «Князь гэтага сьвету» — гэта д'ябал, які надыходзіць, паміж іншым, і ў асобе Юдаша Іскарыёта, душу каторага апанаваў.

«У мне ён нічога ня мае» — г. зн. д'ябал ня мае ніякага права да Хрыста. Д'ябал мае, з дапушчэньня Божага, права толькі да людзей грэшных.

31 Хрыстус заклікае апосталаў прыгатавацца да выхаду з вячэрніка, але вядзе з імі яшчэ доўгую гутарку, як гэта звычайна бывае пры раставаньні з дарагімі асобамі.


Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Сьвятая Эванэлія Езуса Хрыста паводле Яна, 14 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.