Біблія » Пераклады » Пераклад В. Гадлеўскага

Яна 21 Паводле Яна 21 разьдзел

1 Пасьля ізноў зьявіўся Езус вучням каля Тыбэрыядзкага мора. А зьявіўся так:
2 Былі разам Сымон Пётр і Тамаш, каторы завецца Дыдымус, і Натанаэль, каторы быў з Каны Галілейскай, і сыны Зэбэдэя, і другія два з ягоных вучняў.
3 Сказаў ім Сымон Пётр: Іду лавіць рыбу. Сказалі яму: Ідзём і мы з табою. І выйшлі, і селі ў лодку, і ў тую ноч не злавілі нічога.
4 Калі-ж настала раніца, стаў Езус на беразе: аднак вучні не пазналі, што гэта Езус.
5 Дык Езус сказаў ім: Дзеці, ці маеце што есьці? Адказалі яму: Не.
6 Сказаў ім: Закіньце сець на правы бок лодкі і знойдзеце. Дык закінулі, і ўжо не маглі яе цягнуць дзеля мноства рыбы.
7 Дык сказаў вучань, каторага любіў Езус, Пятру: гэта Пан. Сымон Пётр, як пачуў, што гэта Пан, апаясаўся сукняй, бо быў голы, і кінуўся ў мора.
8 Другія-ж вучні прыплылі ў лодцы (бо недалёка былі ад зямлі, але так на дзьвесьце локцяў), цягнучы сець рыбы.
9 А як выйшлі на зямлю, убачылі разложаныя вуглі і рыбу на іх паложаную, і хлеб.
10 Сказаў ім Езус: Прынясеце рыбы, якое вы цяпер налавілі.
11 Пайшоў Сымон Пётр і выцягнуў на зямлю сець, поўную вялікіх рыбаў, што пяцьдзесят тры. І хоць гэтулькі было, сець не парвалася.
12 Сказаў ім Езус: Ідзеце, абедайце. І ніхто з сядзячых пры ядзе не адважыўся спытацца ў яго: Хто ты? — ведаючы, што гэта Пан.
13 І падыйшоў Езус, і ўзяў хлеб, і даваў ім, таксама і рыбы.
14 Гэта ўжо трэці раз зьявіўся Езус сваім вучням, пасьля таго як устаў з умерлых.
15 Калі-ж паабедалі, сказаў Езус Сымону Пятру: Сымоне Янаў, ці ты любіш мяне болей, чым гэтыя? Сказаў яму: Так, Пане, ты ведаеш, што я цябе люблю. Сказаў яму: Пасі баранкі мае.
16 Сказаў яму ізноў: Сымоне Янаў, ці ты любіш мяне? Сказаў яму: Так, Пане, ты ведае, што я цябе люблю. Сказаў яму: Пасі баранкі мае.
17 Сказаў яму трэці раз: Сымон Пётр, ці ты любіш мяне? Засмуціўся Пётр, што сказаў яму трэці раз: «Ці ты любіш мяне»? і сказаў яму: Пане, ты ўсё ведаеш, ты ведаеш, што я люблю цябе. Сказаў яму: Пасі авечкі мае.
18 Сапраўды, сапраўды кажу табе, калі ты быў маладзейшы, ты падпяразваўся і хадзіў, куды хацеў. Але калі пастарэеш, выцягнеш рукі твае і другі цябе падпяража і павядзе, куды ты ня хочаш.
19 Гэтае-ж сказаў, азначаючы, якою сьмерцяй ён меў уславіць Бога. І сказаўшы гэтае, сказаў яму: Ідзі за мною.
20 Пётр, абярнуўшыся, убачыў таго вучня, каторага любіў Езус, ідучага за ім, каторы на вячэры і абапёрся на грудзях ягоных і сказаў: «Пане, хто гэта, што цябе выдасьць»?
21 Дык яго калі ўбачыў Пётр, сказаў Езусу: Пане, а ён хто?
22 Сказаў яму Езус: Калі-б я хацеў, каб ён так астаўся, пакуль я прыйду, табе што да гэтага? Ты ідзі за мною.
23 Дык разыйшлася гэтая мова між братоў, што вучань той не памрэ. Але не сказаў яму Езус: «Не памрэ», але «Калі-б я хацеў, каб ён так астаўся, пакуль я прыйду, што табе да гэтага»?
24 Гэта ёсьць той вучань, каторы дае пасьведчаньне аб гэтым і гэтае напісаў, і мы ведаем, што пасьведчаньне ягонае ёсьць праўдзівае.
25 Ёсьць-жа і многа другога, што ўчыніў Езус, што калі-б апісываць паасобку, думаю, што і сам сьвет ня мог-бы зьмясьціць тых кніг, якія трэба было-б напісаць.
26 Увесь касьцёл у Эфэзе, дзе жыў сьв. Ян, ведаў, што гэтае ўсё апісаў Ян апостал і што напісанае ёсьць шчырая праўда.
27 Гэта значыць, што трэба было-б вельмі многа напісаць кніг, каб падрабязна апісаць усё, што чыніў Езус.

Каментары ці зноскі:

1 Тыбэрыядзкая мора — гэта возера Гэнэзарэт.

2 Натанаэль — інакш Баўтрамей.

3 Некаторыя апосталы перад пакліканьнем іх да апостальства займаліся рыбалоўствам.

7 Сьв. Ян, улюбёны вучань Хрыста, дзеля нявіннасьці і чыстаты свайго сэрца, найскарэй пазнае свайго Вучыцеля.

9 Хрыстус у сваей дабраце прыгатовіў для іх снеданьне.

15 З прычыны патройнага адрачэньня Пятра Хрыстус трэйчы жадае ад яго выражэньня любові, бо найвышэйшы ўрад пастыраваньня вымагае яшчэ большай любові.

17 Славамі: «Пасі баранкі мае», «пасі авечкі мае» Хрыстус дае Пятру пастырскую ўладу над усім касьцёлам: і над старшымі (апосталамі, біскупамі — сьвятарамі) і над вернымі.

18 «Хадзіў, куды хацеў» — значыць, быў вольны ў сваім жыцьці. У гэтым радку Хрыстус прадказвае Пятру мучаніцкую сьмерць на крыжы.

19 З слоў «ідзі за мною» і далейшых відаць, што Езус пры гэтых славах быў устаў і пайшоў наперад, клічучы Пятра, каб ішоў за ім.

21 Пётр, пачуўшы аб сабе, пытаецца, што з Янам будзе?

22-23 Вучні зразумелі словы «пакуль я прыйду» у тым сэнсе, што Ян не памрэ і будзе жыць да другога прыходу Езуса. Але ўжо ў другім радку сам сьв. Ян пярэчыць гэтакаму разуменьню. З усяго відаць, што Езус прадказаў Яну ня мучаніцкую сьмерць, а натуральную.


Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Сьвятая Эванэлія Езуса Хрыста паводле Яна, 21 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.