Біблія » Пераклады » Пераклад В. Гадлеўскага

Яна прадмова Паводле Яна прадмова

АБ ЭВАНЭЛІІ СЬВ. ЯНА

Аўтар. Аўтарам чацьвертай эванэліі ёсьць сьв. Ян апостал, сын Зэбэдэя і брат Якуба (старшага). Быў ён родам з Бэтсайды, што над возерам Генэзарэт у Галілеі. Яго бацька, Зэбэдэй, вёў рыбалоўства ў значным разьмеры з нанятымі слугамі, а матка (Саломэ) належала да ліку тых жанчын, што памагалі Езусу і яго вучням.

Сьв. Ян быў спачатку вучнем Яна Хрысьціцеля, потым пайшоў за Езусам і разам з сваім братам Якубам быў пакліканы на апостала. Езус назваў абодвых братоў «Боанэргэс» — сынамі грому за іх гарачы, агністы характар (гл. Мк. 13:7 і Лук. 9:54). Ян, побач з Пятром і Якубам, належаў да бліжэйшых вучняў Езуса, да тых трох, якія былі пры ўскрашэньні дачкі Яіра, пры перамяненьні на гары Табар і пры ягоным мучэньні ў Садзе Аліўным. Сьв. Ян быў тым вучнем, каторага любіў Езус і катораму з крыжа аддаў пад апеку сваю матку.

Па ўшэсьці Хрыста ў неба сьв. Ян жыў праз нейкі час у Ерузаліме, а потым (каля 70 г. па Нар. Хрыста) перанёсься ў Эфэз, у Малой Азіі. Цэзар (Даміцыян) выслаў яго на востраў Патмос, дзе меў відзеньні аб будучых падзеях Касьцёла і апісаў гэта ў кнізе Аб'яваў (Апокаліпсе), потым вярнуўся ізноў у Эфэз, тут дажыў глыбокай старасьці, тут напісаў сваю эванэлію (каля 95 г. па Нар. Хр.) і свае тры пісьмы да ўсіх хрысьціянаў. Памёр каля 100 году по Нар. Хрыста.

Аб тым, што чацьвертую эванэлію напісаў Ян апостал, сьведчыць усё старадаўнае хрысьціянства.

Мэта. Напісаў сьв. Ян сваю эванэлію ў грэцкай мове для касьцёлаў у Малой Азіі, каб іх усьцерагчы ад гэратыцкай навукі, якая не прызнавала боства Хрыстуса. Сам Ян аб гэтай мэце так піша: «Гэтыя-ж (цуды) запісаны, каб вы верылі, што Езус ёсьць Хрыстус, Сын Божы, і каб верачы, мелі жыцьцё ў імя яго» (Ян 20:31). Дзеля гэтай мэты ўсё ў гэтай эванэліі ўложана так, каб выказаць боства Езуса Хрыста: глыбокі і магутны ўступ, у каторым сьв. Ян апісвае спрадвечнае паходжаньне Сына ад Бога Айца; пададзены цэлы рад моваў Езуса, у каторых ясна выказваецца яго Боскае пасланства з неба, яго прадвечнае існаваньне, роўнасьць з Богам Айцом. Апроч гэтага ў Эванэліі падчырківаецца канечнасьць веры, што Езус ёсьць Сынам Божым, каторы зыйшоў з неба і стаўся чалавекам. Хто мае гэтую веру, той мае ў сабе пачатак жыцьця вечнага, а хто ня мае, той ужо асуджаны, бо над ім гнеў Божы. Пры гэтым усе цуды (знакі), якія падае сьв. Ян, выказваюць боства Хрыста.

Сьв. Ян у сваёй эванэліі бадай што не падае тых фактаў з жыцьця Езуса і тых цудаў, якія ўжо былі апісаны ў папярэдніх эванэліях (апроч мукаў і сьмерці Хрыста), бо гэныя факты былі ўжо ведамы з тых трох эванэліяў.

Сьв. Ян апісвае дзейнасьць Езуса галоўным чынам у Юдэі і дзеля гэтага характар моваў і навукаў Хрыста мае ў сьв. Яна іншы характар, чым у папярэдніх эванэліяў: гэтыя навукі болей адарванага, тэалогічнага зьместу, яны болей дастасаваны да вышэйшых рэлігійных паняцьцяў жыдоўскіх. І гэта зразумела: у Галілеі Езус прамаўляў да простага народу, а ў Юдэі (Ерузаліме) Езус прамаўляе да вучоных у Законе.

Першыя тры эванэліі хоць і рысуюць перад намі асобу Хрыста, як Бога, то шмат увагі яны зварочваюць на Хрыста-чалавека, а эванэлія сьв. Яна рысуе перад намі абраз Хрыста-Бога. Сьв. Ян кажа, што Езус Хрыстус — гэта Слова Божае, якое сталася целам і прабывала паміж намі. Дык усе эванэліі, разам узятыя, даюць нам поўны і суцэльны абраз Езуса Хрыста, Бога і чалавека.

Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Сьвятая Эванэлія Езуса Хрыста паводле Яна, уступ

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.