Каментары ці зноскі:
1 Слова «Хрыстус», пагэбрайску Машыаг, азначае тое самае што Памазанец або Намашчэнец, а намамшчэньне ў Старым Законе было знакам наданьня ўлады каралеўскай, сьвятарскай і прароцкай.
Мэсыяш, паводле старазаконных прароцтваў, меў быць сынам Абрагама г. зн. выходзіць з жыдоўскага народу і сынам Давіда г. зн. выходзіць з роду Давіда. Дзеля гэтага сьв. Матэуш і кладзе ў радаводзе Е. Хрыста націск на гэтыя дзьве асобы Ст. Закону: Абрагама і Давіда. Прарокі і наагул увесь народ жыдоўскі чакаў Мэсыяша як сына г. зн. патомка Давіда і дзеля гэтага Езус Хрыстус часта завецца ў сьв. Пісаньні сынам Давіда.
6 Рагаба і Рут успамінаюцца як чужынкі, якія не належалі да жыдоўскага народу. Рагаба была канаанкай і належала да даўнейшага насельніцтва Палестыны, якое заваявалі Ізраэліты, а Рут была Моабіткай г. зн. належала да суседняга сэміцкага народу Моабітаў. Згэтуль бачым, што Хрыстус поводле свайго паходжаньня, як чалавек, меў у сабе ня толькі жыдоўскую, але канаанскую і моабіцкую кроў.
6 Маці Саламона, Бэтсабэа, была Урыевай жонкай; яе, па сьмерці Урыя, узяў сабе за жонку Давід.
11 Гутарка тут аб першым перасяленьні жыдоў да Бабілону (год 602 перад Нарадж. Хрыста).
16 Сьв. Матэуш падае радавод Язэпа, які быў праўным айцом Езуса, а не прыродным. Падае-ж радавод Язэпа, а не Марыі, прыроднай маткі Е. Хрыста дзеля таго, што іменьні жанчын ня лічыліся ў даўнейшых радаводах, а толькі мужчын. Сьв. Язэп паходзіў з роду Давіда. Найсьв. Дзева Марыя была так-жа з роду Давіда, так што гэты радавод быў так-жа радаводам Марыі і Хрыстуса. Радаводныя сьпісы пераховываліся ў жыдоў пры сьвятыні і мелі тады вялікае значэньне.
18 Шлюб у жыдоў складаўся з умовы, зробленай паміж маладымі ў прысутнасьці сьведкаў. Ад гэтай шлюбнай цэрэмоніі маладыя ўжо лічыліся мужам і жонкай. Пасьля шлюбу адбываліся пераносіны маладое ў дом маладога (вясельле) і ад гэтага часу яны жылі разам. Сьв. Язэп, праканаўшыся аб цяжарнасьці Марыі, не хацеў яе прыняць г. зн. не хацеў рабіць пераносін і разам з гэтым уводзін у свой дом. Сьв. Язэп спачатку нічога ня ведаў аб мацярынстве Н. Дзевы Марыі з моцы Духа сьв., пакуль яму анёл Божы гэтага не аб'явіў.
20 З многіх прычын Бог хацеў, каб Ягоны Сын нарадзіўся з Дзевы, маючай аднак мужа. Гэтакім чынам тайніца ўчалавечаньня Сына Божага не адразу сталася яўнай; Н. Дзева Марыя была вольнай ад усякіх падазрэньняў і няславы; дзіця Езус мела ў асобе Язэпа свайго апякуна, а Марыя — абарону і помач у розных прыгодах жыцьця.
21 Слова Езус (ад гэбрайскага Ешуаг, што значыць «збаўленьне Ягвы») азначае тое самае што панашаму Збаўца або Спас.
23 Імя Эмануэль, што зн. «Бог з намі» даецца тут Хрысту ў тым значэньні, што Хрыстус зьяднаў нас з Богам.
25 Сьв. Язэп, чалавек справядлівы, ведаючы ўжо з Божага аб'яўленьня, што Н. Дзева Марыя ёсьць маткай Сына Божага і Дзевай, ушанаваў яе дзявоцтва ня толькі перад нараджэньнем Хрыста, але і пасьля нараджэньня. Затым Марыя і завецца заўсёды Дзева і навука аб гэтым дзявоцтве Марыі ёсьць догматам каталіцкай веры.
Першы сын заўсёды называўся первародны, хоць бы ён быў у маткі адзіны.
Сьвятая Эванэлія Езуса Хрыста паводле Матэуша, 1 разьдзел