Каментары ці зноскі:
1 «У гэтыя дні» г. зн. тады, калі Езус яшчэ прабываў у Назарэце, выступіў Ян Хрысьціцель.
2 Каралеўства нябеснае азначае тут духоўнае валадарства, якое Хрыстус залажыў на зямлі і якое мы называем Касьцёлам Каталіцкім. Пакута адчыняе дзьверы ў гэтае валадарства.
4 Саранчу на ўсходзе бедныя людзі ловяць, сушаць яе на сонцы або прыпякаюць на агні і ядуць. А лясны мёд — гэта мёд дзікіх пчолаў або сок, які выцякае з дрэваў і іншых расьлінаў.
5 Хрост Яна Хрысьціцеля ня быў звычайным жыдоўскім рытуальным абмываньнем, якое мы так часта бачым у тагачасных жыдоў, але ня быў таксама і сакрамэнтам, адпаскаючым грахі, які мы бачым у хрысьціянстве, а быў толькі зьверхняй формай каяньня і пакуты за грахі. Гэты хрост прыгатаўляў на прыняцьце Збаўцы і ягонага хросту з Духа сьв. і агню, які адпускае грахі і дае агонь усьвячаючай ласкі Божай.
7 Фарызэі — гэта была жыдоўская рэлігійна-народная партыя, якая мела на мэце абарону Закону Майсея і жыдоўскага народу ад чужацкіх уплываў. Фарызэі стараліся спаўняць рэлігійныя практыкі вельмі акуратна і дзеля гэтай зьверхняй набожнасьці мелі вялікую пашану ў народзе. Аднак іх рэлігійнасьць была толькі павярхоўнай, не абыймаючай глыбіні душы і сэрца чалавека. Слова «фарызэі» значыць тое самае што «выдзеленыя».
Садукеі былі жыдоўскай матэр'ялістычнай сэктай, якая адкідала ўскрашэньне цела, загробнае жыцьцё, існаваньне душаў і Агляд Божы над сьветам. Садукеі былі прыхільнікам грэцкай культуры і ўважалі сябе за паступоўцаў. Сябрамі гэтай сэкты былі прадстаўнікі вышэйшых класаў. Садукеі назоў свой узялі ад архісьвятара Саддука.
9 Жыды былі пракананы, што ўжо само паходженьне ад Абрагама дае ім права да будучага валадарства Божага і да збаўленьня.
10 «Сякера да карэньня дзераваў» азначае тут блізкую небясьпеку суду і кары Божай (рымскі меч).
11 «Будзе хрысьціць Духам сьвятым і агнём» — г. зн. агнём любові Божай, каторай крыніцай і давальнікам ёсьць Дух сьв. Агонь тут ёсьць знакам ласкі Духа сьв.
13 Езус, прыймаючы хроста ад Яна, даў прыклад пакоры і паказаў, што бярэ на сябе цяжар нашых грахоў. Пры гэтым Езус аб'яўляецца народу як Мэсыяш.
16 Ян Хрысьціцель відзеў Духа сьв. як галубка і чуў голас Божы. У Старым Законе Бог пераважна зьяўляецца людзям пад відам агню, маланак і бур, крышачым скалы, а ў Новым Законе Дух сьв. зьяўляецца ўжо пад відам лагоднага галубка. Бога-ж як духа ніхто ніколі ня бачыў, бо духовыя істоты не падпадаюць пад наш зрок.
17 Бог Айцец сьцьвярджае тутака, што Езус ёсьць Ягоным Сынам. Гэто было першае відомае сьцьвярджэньне існаваньня Сьв. Тройцы: Бог Айцец аб'явіўся ў голасе, Бог Сын — у людзкім целе, а Дух сьв. у форме галубка.
Сьвятая Эванэлія Езуса Хрыста паводле Матэуша, 3 разьдзел