1 А ў гэныя дні прыйшоў Ян Хрысціцель, навучаючы ў пустыні Юдэйскай
2 і кажучы: Пакутуйце, бо наблізілася валадарства нябеснае.
3 Гэта бо той, аб якім гаварыў прарок Ізай (40:3) кажучы: «Голас клічучага ў пустыні: рыхтуйце дарогу Усеспадара, прастуйце сцежкі Ягоны».
4 Сам-жа Ян меў адзежу з вярблюдавай шэрсці й раменны пояс на сваёй паясніцы, а ядою ягонай была жамяра і лясны мёд.
5 Тады выйходзіў да яго Ерузалім, і ўся Юдэя, і ўвесь край каля Ярдану,
6 і хрысціліся ў яго ў Ярдане, спавядаючыся з грахоў сваіх.
7 А бачачы многа фарызэяў і садуцэяў, якія йшлі да яго хрысціцца, казаў ім: Родзе гадавы, хто вам паказаў уцякаць ад надыходзячага гневу?
8 Чынеце-ж плод дастойны пакуты.
9 І ня важцяся гаварыць самы ў сабе: «Айца маем Абрагама», бо кажу вам, Бог можа з гэтых каменняў падняць сыноў Абрагаму.
10 Бо ўжэ й сякера да карэння дрэваў прыложана: дык кожная дзерава, якое не дае добрага плоду, будзе сцята й кінута ў вагонь.
11 Я то хрышчу вас вадою на пакуту, але той, што па мне прыйдзе, дужэйшы за мяне і я ня варт нясці абутак ягоны. Ён вас хрысціціме ў Духу Святым ды ў вагні.
12 Веялка яго ў руцэ ягонай і ачысціць свой ток, і збярэ пшаніцу сваю ў сверан, а мякіну спаліць агнём няўгасным.
13 Тады прыйшоў Езус з Галілеі на Ярдан, да Яна, каб у яго хрысціцца.
14 Адыж Ян не дапускаў яго, кажучы: Я павінен быць ахрышчаны табою, а ты прыходзіш ка мне?
15 Але Езус сказаў яму ў вадказ: Пакінь цяпер, бо гэтак нам выпадае споўніць усю справядлівасць. Тады дапусціў яго.
16 І ахрышчаны Езус зараз-жа выйшаў з вады — і вось адчынілася яму неба і ўвідзеў Духа Божага, які спускаўся, бы голуб, і зыходзіў на яго.
17 А вось голас з неба гаворачы: Гэта сын мой мілы, ў якім маю ўпадобу.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Сьвятая Эванэлія паводля сьв. Матауша, 3 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.