1 І Езус, выйшаўшы з сьвятыні, пайшоў. І прыступілі вучні ягоныя, манючыся паказаць яму будынкі сьвятыні.
2 Ён-жа ў адказ гавора ім: Бачыце ўсё гэтае? Сапраўды кажу вам, не астанецца тут камень на камені, якога-б не разбурылі.
3 А калі сядзеў ён на гары Аліўнай, прыступілі да яго вучні асобна, кажучы: Скажы нам, калі гэтае будзе ды які знак твайго прыходу і сканчэння сьвету?
4 Езус-жа ў адказ гавора ім: Глядзеце, каб вас ніхто ня звёў.
5 Бо многія прыйдуць у імя маё, кажучы: «Я Хрыстус», і шмат каго звядуць.
6 Пачуеце аб войнах і весьцях ваенных; глядзеце, каб ня трывожыліся, бо трэба, каб гэтае сталася, адыж яшчэ не канец.
7 Паўстане бо народ на народ, і каралеўства на каралеўства ды будуць паморак і голад і мясцамі землятрасенні.
8 Але гэта ўсё — пачатак гора.
9 Тады выдавацімуць вас на мукі, і забівацімуць вас, і будзеце ў ненавісьці ў ва ўсіх народаў дзеля імяні майго.
10 І тады згоршацца многія, ды будуць мець у ненавісьці адзін другога.
11 І паўстане шмат фальшывых прарокаў ды многіх звядуць.
12 І таму што распашырыцца нягоднасьць, шмат у каго любоў асьцюдзянее.
13 Хто ж да канца вытрывае, той будзе збаўлёны.
14 І прапаведвацімецца гэтая эванэлія па ўсім сьвеце на свядоцтва ўсім народам; і тады прыйдзе канец.
15 Дык вось калі ўбачыце гідоту спусташэння, аб якой казаў прарок Даніэль, стаячую на месцы сьвятым — хто чытае, хай разумее —
16 тады тыя, што ў Юдэі, хай уцякаюць у горы;
17 а хто на даху, няхай ня зыходзяць узяць штонебудзь із свайго дому;
18 і хто на полі, хай не варочаецца, каб узяць сваю вопратку.
19 А гора цяжарным і кормячым у гэным дні.
20 Прасеце-ж, каб уцяканне вашае ня было зімою, або ў сыботу.
21 Будзе бо тады вялікае прыгнобленне, якога ня было ад пачатку свету аж дагэтуль ды ня будзе.
22 І калі-б не скараціліся гэныя дні, не ўхавалася-б ніводнае цела, адыж дзеля выбраных скарочацца дні тыя.
23 Тады, калі-б вам хто сказаў: Вось тут Хрыстус, або там — ня верце.
24 Бо паўстануць фальшывыя хрыстусы й фальшывыя прарокі ды рабіцімуць вялікія знакі й дзіва, так каб ачмуціць — калі магчыма — навет выбраных.
25 Вось я наўпярод сказаў вам.
26 Дык калі-б вам гаварылі: «Вось ён у пустыні» — ня выходзьце; «вось у тайнікох дому» — ня верце.
27 Бо як маланка бліскае з усходу й з’яўляецца аж на захадзе, гэтак будзе й прыход Сына чалавечага.
28 Дзе-б толькі было цела, там і арлы збяруцца
29 І зараз-жа пасьля прыгнобы гэных дзён сонца зацьміцца, і месяц ня дасьць сьвятла свайго, а зоры падацімуць з неба, й сілы нябесныя зрушаны будуць.
30 Пад той час з’явіцца на небе знак Сына чалавечага, і тады загалосяць усе пляменні зямлі, ды ўбачаць Сына чалавечага, прыходзячага ў ваблаках нябесных з магуцтвам і веліччу.
31 І пашле анелаў сваіх з трубою й вялікім голасам, і збяруць выбраных ягоных з чатырох вятроў, ад краю аж да краю неба.
32 А ад смоквы вучэцеся прыкладу: калі ўжэ галінка ейная робіцца мяккая ды лісьце пускае, вы ведаеце, што блізка лета.
33 Гэтак-жа і вы, калі ўбачыце ўсё гэта, ведайце, што блізка ёсьць, у дзвярах.
34 Сапраўды кажу вам: не праміне гэты род, як усё гэтае станецца.
35 Неба й зямля прамінуць, але словы мае не прамінуць.
36 Аб дні-ж тым і гадзіне ніхто ня ведае, навет анелы нябесныя, адзін толькі Айцец.
37 А як было ў дні Ноя, так будзе й прыход Сына чалавечага.
38 Бо як у дні перад патопам елі й пілі, жаніліся ды йшлі замуж, аж да таго дня, як увайшоў Ной у карабель,
39 і ня ведалі, пакуль ня прыйшоў патоп ды не панёс усіх, — гэтак будзе й прыход Сына чалавечага.
40 Тады будзе двух на полі: адзін будзе ўзяты, а другі пакінены;
41 дзве мелючыя ў жорнах: адна будзе ўзята, а другая пакінена.
42 Дык не драмеце, бо ня ведаеце, ў якой гадзіне Усеспадар ваш прыйдзе.
43 Ды ведайце тое, што калі-б гаспадар знаў, у якую гадзіну маецца прыйсьці злодзей дык-бы ня спаў і не дапусьціў-бы падкапацца пад свой дом.
44 Таму-то й вы будзьце гатовы, Сын бо чалавецы прыйдзе ў гадзіну, якое ня ведаеце.
45 Хто, думаеш, верны й разумны слуга, якога паставіў ягоны гаспадар над сваімі людзьмі, каб даваў ім есьці ўпору?
46 Шчасьлівы той слуга, гаспадар якога, прыйшоўшы, застане гэтак робячы.
47 Сапраўды кажу вам: над усім сваім дабром паставіць яго.
48 А калі-б гэны слуга быў благі і сказаў у сэрцы сваім: «Ня хутка прыйдзе гаспадар мой»,
49 і пачаў-бы сяброў сваіх біць, а еў-бы й піў-бы з п’яніцамі,
50 прыйдзе гаспадар слугі гэнага ў дзень неспадзяваны ў гадзіну няведану,
51 і адлучыць яго й прысудзіць долу з крывадушнікамі. Там будзе плач і скрыгот зубоў.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Сьвятая Эванэлія паводля сьв. Матауша, 24 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.