1 У той дзень Езус, выйшаўшы з дому, сядзеў ля мора.
2 І зыйшліся да яго вялікія грамады, так што ён увайшоў у човен і сеў, а ўся грамада стаяла на беразе.
3 І шмат гавырыў ім у прыповесьцях, кажучы: Вось выйшаў, што сее, сеець.
4 І калі ён сеяў, адны упалі пры дарозе, і наляцелі птушкі паднебныя ды падзяўблі іх.
5 А іншыя упалі на месца камяністае, дзе ня мелі шмат зямлі; і незабаўна узыйшлі, зямля бо была няглыбокая.
6 Калі-ж узыйшло сонца, павялі і, ня маючы кораня, пасохлі.
7 Іншыя-ж упалі ў цярнінў, і разбуяла цярніна ды заглушыла іх.
8 Іншыя-ж упалі на добрую землю і далі плод: адно соты, другое шэсьцьдзесяты, іншае трыццаты.
9 Хто мае вушы, каб слухаць, хай слухае.
10 І прыступіўшыся вучні сказалі яму: Нашто гаворыш ім у прыповесьцях?
11 Ён у вадказ сказаў ім: Затым, што вам дадзена пазнаць тайніцы валадарства нябеснага, а ім ня дадзена.
12 Бо хто мае, таму дасцца й прыбавіцца, а хто ня мае, ў таго адымецца й тое, што мае.
13 Дзеля таго гавару да іх у прыповесьцях, што гледзячы ня бачаць і слухаючы ня чуюць ды не разумеюць.
14 І збываецца на іх прароцтва Ізаія (6:9−10), які кажа: «Слухам слухацімеце й не зразумееце, і зрокам глядзецімеце й ня ўбачыце.
15 Агрубела бо сэрца гэтага народу і вушамі з натугаю чуюць ды заплюшчылі вочы свае, каб часам ня ўбачыць вачыма ды не пачуць вушыма, і не зразумець сэрцам ды не навярнуцца, каб я не аздаравіў іх».
16 Вашыя-ж вочы шчасьлівыя, бо бачаць, і вушы вашыя, бо чуюць.
17 Бо сапраўды кажу вам, што многія прарокі й справядліўцы жадалі бачыць, што вы відзіце й ня бачылі, ды чуць што вы чуеце й ня чулі.
18 Вось-жа паслухайце прыповесьці пра сяйбіта,
19 Да ўсякага. хто слухае слова аб валадарсьцьве й не разумее, прыходзіць Злы і вырывае што пасеена ў ягоным сэрцы: гэта той што пасеены пры дарозе.
20 А хто пасеены на месцы камяністым, гэта той, што слухае слова і зараз-жа з радасьцю прыймае яго,
21 але ня мае карэння ў сабе, ёсьць нясталы, дык як прыходзіць бяда, напасьць за слова, зараз горшыцца.
22 А пасеенае ў цярніне, гэта той, хто слухае слова, адыж турботы гэтага сьвету й мана багацьця заглушае слова й робіцца яно бясплодным.
23 Пасеена-ж на добрай зямлі, гэта той, хто слухае слова і разумее, ён-то й плод прыносіць — і дае адно соты, другое шэсьцьдзесяты, а іншае трыццаты.
24 Другую прыповесьць падаў ім, кажучы: Валадарства нябеснае сталася падобным да чалавека, які пасееў добрае насенне на сваім полі.
25 Калі-ж людзі спалі, прыйшоў вораг ягоны, насееў кукалю між пшаніцаю ды пайшоў.
26 Калі-ж узрасло збожжа і прынясло плод, тады паказаўся й куколь.
27 Прыйшоўшы-ж слугі гаспадара сказалі яму: Спадару, ці-ж ты ня добрае насенне пасееў на сваім полі? Адкуль-жа ўзяўся куколь?
28 Кажа ім: Варожы чалавек гэта зрабіў. Слугі-ж сказалі яму: хочаш, пойдзем і выпалем яго.
29 А ён гавора: Не, каб часам выбіраючы куколь, вы ня павырывалі разам і пшаніцы.
30 Пакінце расьці абое аж да жніва, а ў пару жніва скажу жанцом: Збярэце перш куколь і вязэце яго ў вязкі, каб спаліць, а пшаніцу злажэце ў гумно маё.
31 Іншую прыповесьць расказаў ім, кажучы: Падобна валадарства нябеснае да зернеці гарчычнага, якое чалавек узяў і пасееў на сваім полі.
32 Яно, праўда, найменшае з усяго насення, але як вырасьце, бывае большым за ўсе агародніны і робіцца дзеравам, так што птушкі нябесныя прылятаюць і жывуць у ягоным гальлі.
33 Іншую прыповесьць дадаў ім: Валадарства нябеснае падобнае да рошчыны, якую жанчына ўзяўшы ўлажыла ў тры меркі мукі, пакуль усё ня ўкісьне.
34 Усё гэтае гаварыў Езус да грамадаў у прыповесьцях, і бяз прыповесьцяў не гаварыў ім,
35 каб спраўдзілася, што было сказана праз прарока, які кажа: «Адчыню ў прыповесьцях вусны мае, выкажу скрытае ад стварэння сьвету» (Пс. 77:2).
36 Тады, адправіўшы народ, увайшоў у дом. І прыступілі да яго вучні ягоныя, кажучы: Раз’ясьні нам прыповесьць аб кукалі на полі.
37 Ён-жа ў адказ гавора ім: Той, хто сее добрае насенне ёсьць Сын чалавечы.
38 А поле — гэта сьвет, добрае-ж зерне — гэта сыны валадарства, а куколь — сыны благога.
39 Вораг-жа, што насееў яго — гэта дзябал, а жніва — гэта канец сьвету, жанцы — гэта анелы.
40 Вось-жа як збіраюць куколь і паляць агнём, так будзе пры сканчэнні сьвету.
41 Пашле Сын чалавечы сваіх анёлаў і збяруць з яго валадарства ўсе згаршэнні й тых, што робяць нягоднасьць,
42 і ўкінуць іх у печ агню, там будзе плач і скрыгот зубоў.
43 Тады справядліўцы заззяюць, як сонца, ў валадарсьцьве іх Айца. Хто мае вушы, каб слухаць, хай слухае.
44 Падобнае валадарства нябеснае да скарбу, схаванага ў полі, які чалавек знайшоўшы прыкрывае і з радасьці ад гэтага йдзе ды прадае ўсё, што мае й купляе гэнае поле.
45 Зноў-жа падобнае валадарства нябеснае да чалавека купца, які шукае добрых пэрлаў.
46 Знайшоўшы-ж адну дарагую пэрлу, пайшоў і прадаў усё што меў ды купіў яе.
47 Яшчэ падобнае валадарства нябеснае да неваду, закіненага ў мора й загарнуўшага ўсякага роду рыбы;
48 калі ён быў поўны, выцягнулі яго, і пасеўшы на беразе, выбралі добрую ў пасудзіны, а дрэнную выкінулі вон.
49 Гэтак будзе пры сканчэнні сьвету: выйдуць анелы і выдзяляць благіх спасярод справядлівых
50 ды ўкінуць іх у печ вагністую; там будзе плач і ськрыгот зубоў.
51 Ці вы зразумелі ўсё гэта? Кажуць яму: Так.
52 Сказаў ім: Дзеля таго кожны кніжнік, навучаны аб каралеўсьцьве нябесным, падобны ёсьць да чалавека гаспадара, які дастае із свае скарбніцы новае і старое.
53 І сталася, калі Езус скончыў гэтыя прыповесьці, адыйшоў адтуль.
54 І прыйшоўшы ў сваю бацькаўшчыну, навучаў іх у іхніх бажніцах, так што дзівіліся й казалі: Адкуль гэтая мудрасьць у яго ды цуды?
55 Ці-ж ён ня сын цесьляра? Ці-ж Матка ягона не завецца Марыя і браты яго: Якуб і Язэп і Сымон і Юда?
56 А сёстры ягоныя ці-ж ня ўсе ў нас? Дык адкуль у яго ўсё гэта?
57 І бянтэжыліся да яго. Езус-жа сказаў ім: Прарок ня бывае без пашаны, хіба толькі на бацькаўшчыне яго ды ў доме ягоным.
58 І ня здзееў там шмат цудаў дзеля няверы іхняй.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Сьвятая Эванэлія паводля сьв. Матауша, 13 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.