Біблія » Пераклады » Пераклад П. Татарыновіча

Матауша 20 Паводля Матауша 20 разьдзел

1 Падобнае валадарства нябеснае да чалавека гаспадара, які выйшаў вельмі рана наймаць работнікаў у свой вінаграднік.
2 І, умовіўшыся з работнікамі па дэнару за дзень, паслаў іх у свой вінаграднік.
3 І выйшаўшы каля гадзіны трэцяй, убачыў другіх, што стаялі без работы на рынку
4 і сказаў ім: Ідзеце й вы ў мой вінаграднік і што будзе належацца, дам вам.
5 Яны пайшлі. Ізноў жа выйшаў каля гадзіны шостай і дзевятай ды зрабіў гэтаксама.
6 І каля адзінаццатай выйшаў і знайшоў іншых стаячых ды сказаў ім: Чаго вы тут стаіце цэлы дзень без работы?
7 Кажуць яму: бо ніхто не наняў нас. Гавора ім: ідзеце й вы ў мой вінаграднік.
8 Калі-ж настаў вечар, кажа гаспадар вінаградніка свайму эканому: пакліч работнікаў ды аддай ім плату, пачаўшы ад апошніх аж да першых.
9 І вось калі падыйшлі тыя, што прыйшлі каля гадзіны адзінаццатай, атрымалі па дэнару.
10 А першыя, падыйшоўшы, думалі, атрымаюць болей, адыж і яны атрымалі па дэнару.
11 І ўзяўшы, наракалі на гаспадара,
12 кажучы: Гэтыя апошнія адну гадзіну працавалі, а ты зраўняў іх з намі, што перанесьлі цяжар дня і спеку.
13 А ён у адказ сказаў аднаму з іх: Сябра, я не раблю табе крыўды, ці-ж не за дэнар ты са мною згадзіўся?
14 Вазмі што тваё ды йдзі, а я хачу і гэтаму апошняму даць, як і табе.
15 Ці-ж ня можна мне зрабіць што хочу? Ці-ж вока тваё злоснае, што я добры?
16 Гэтак апошнія будуць першымі, а першыя апошнімі. Бо шмат пакліканых, але мала выбраных.
17 А ідучы у Ерузалім, узяў Езус дванаццаць вучняў асобна і сказаў ім:
18 Вось уваходзім у Ерузалім і Сын чалавечы будзе выданы старшым сьвятарам і кніжнікам і асудзяць яго на сьмерць,
19 і выдадуць яго паганам на здзек ды на бічаванне, а на трэці дзень згробуўстане.
20 Тады прыступіла да яго маці сыноў Зэбэдэевых з сынамі сваімі, кланяючыся ды нечага просячы ў яго.
21 Ён сказаў ёй: Чаго хочаш? Кажа яму: Загадай, каб гэтыя два сыны мае сядзелі адзін праваруч цябе, а другі леваруч у валадарсьцьве тваім.
22 Езус-жа адказваючы гавора: Ня ведаеце, чаго просіце. Ці-ж можаце піць чару, якую я піціму? Кажуць яму: Можам.
23 Сказаў ім: Чару-то маю піць будзеце, адыж сядзець праваруч мяне й леваруч, гэта не мая рэч даць вам, але каму прыгатавана Айцом маім.
24 А дзесяцёх, пачуўшы гэта, абурыліся на двух братоў.
25 Езус-жа паклікаў іх да сябе і сказаў: Вы ведаеце, што князі народаў валадараць над імі, а каторыя большыя, выконываюць над імі ўладу.
26 Ня гэтак будзе паміж вамі, але хто-б хацеў між вамі быць вышэйшы, хай будзе вашым прыслужнікам,
27 і хто-бы хацеў быць першым між вамі, будзе вашым слугою.
28 Так як і Сын чалавечы ня прыйшоў, каб яму служылі, а каб служыць ды даць жыцьцё сваё на выкуп за многіх.
29 І як выйходзілі яны з Ерыхону, ішла за ім вялікая грамада,
30 і вось два сьляпыя, седзячы ля дарогі, пачулі, што Езус ідзе міма, ды закрычалі, кажучы: Зжалься над намі, Усеспадару, сыне Давідавы!
31 Але грамада сварыляся на, іх, каб замоўклі. Адыж яны яшчэ мацней крычалі, кажучы: Усеспадару, сыне Давіда змілуйся над намі!
32 І прыпыніўся Езус, паклікаў іх і кажа: Што хочаце, каб я вам зрабіў?
33 Кажуць яму: Госпадзе, каб адчыніліся вочы нашыя!
34 І Езус зжаліўся над імі, дакрануўся да іхніх вачэй і зараз-жа сталі відзець ды пайшлі за ім.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Сьвятая Эванэлія паводля сьв. Матауша, 20 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.