1 Уладарства Нябеснае падобнае да чалавека-гаспадара, які раньнім ранкам выйшаў наняць работнікаў у вінаграднік свой.
2 І ўмовіўшыся з імі па дынару на дзень, паслаў іх у вінаграднік свой.
3 І выйшаўшы каля гадзіны трэцяй, убачыў іншых, якія бяз дзела стаялі на рынку.
4 І тым сказаў: — ідзеце і вы ў вінаграднік мой, і што будзе належаць, дам вам; яны пайшлі.
5 І зноў выйшаў каля гадзіны шостай і дзявятай і зрабіў таксама.
6 І яшчэ выйшаў каля адзінаццатай гадзіны, і знайшоў іншых, якія стаялі без занятку, і кажа ім: — чаго стаіцё тут увесь дзень без работы?
7 Яны кажуць яму, бо ніхто нас не наняў; і ён сказаў ім: — ідзеце і вы ў вінаграднік мой, і што будзе належаць, дастанеце.
8 Калі-ж надыйшоў вечар, гаспадар вінаградніку сказаў аканому свайму — пакліч работнікаў і аддай ім плату, пачаўшы ад апошняга і да першага.
9 І тыя, якія прыйшлі каля адзінаццатай гадзіны, атрымалі па дынару.
10 Прыйшоўшыя першымі думалі, што яны дастануць больш, але і яны дасталі па дынару.
11 І, узяўшы сталі наракаць на гаспадара дому.
12 І гаварылі: — гэтыя апошнія працавалі адну гадзіну, і ты прыраўняў іх да нас, мы-ж перанесьлі цяжар дня і сьпёку.
13 Ён-жа ў адказ сказаў аднаму з іх: — дружа! я ня крыўджу цябе; ці-ж не за дынар ты ўмовіўся са мною?
14 Вазьмі сваё і йдзі; Я-ж хачу даць і гэтаму апошняму, што і табе.
15 Ці-ж я ня волен у сваім рабіць з сваім, як хачу? ці вока тваё зайздроснае, што я добры?
16 Гэтак, апошнія будуць першымі, а першыя апошнімі, бо шмат званых, але мала выбраных.
17 І падыйходзячы да Ерусаліму, Ісус у дарозе адклікаў дванаццацьцёх вучняў асобна і сказаў ім:
18 Вось увайходзім у Ерусалім, і Сын Чалавечы выданы будзе першасьвятарам і кніжнікам, і асудзяць Яго на сьмерць.
19 І выдадуць Яго нявернікам на зьдзекі, на пабоі і на ўкрыжаваньне; і на трэйці дзень уваскросьне.
20 Тады падыйшла да Яго маці сыноў Заведэевых з сынамі сваімі і, кланяючыся, нечага прасіла ў Яго.
21 Ён-жа сказаў ёй: — чаго хочаш? — і яна кажа Яму: — скажы, каб гэтыя абодва сыны мае селі адзін з правага боку ў Цябе, а другі з левага.
22 Ісус у адказ прамовіў: — ня ведаеце, чаго просіце; ці можаце піць чару, якую Я буду піць, ці хрысьціцца хрышчэньнем, якім Я хрышчуся? яны кажуць Яму — можам.
23 І кажа ім: — чару маю піць будзеце, і хрышчэньнем, якім Я хрышчуся, хрысьціцца будзеце, але сесьці з правага боку і з левага ў Мяне ня Мне даваць, але каму прызначана ад Айца Майго.
24 Пачуўшы гэтае, іншыя дзесяць узлаваліся на абодвых братоў.
25 Ісус-жа, паклікаўшы іх да Сябе, сказаў: — вы ведаеце, што князі народаў уладараць імі, і вяльможы пануюць над імі.
26 Але між вамі няхай ня будзе гэтак; але, хто хоча між вамі быць большым, няхай будзе вам паслужнік.
27 І хто хоча між вамі быць першым, няхай будзе вам як нявольнік.
28 Так і Сын Чалавечы не на тое прыйшоў каб Яму служылі, але каб паслужыць і палажыць душу Сваю за адкупленьне многіх.
29 І калі яны выйходзілі яны з Ерыхону, сьледам за Ім ішло мноства народу.
30 І вось двое сьляпых, якія сядзелі пры дарозе, пачуўшы, што Ісус прайходзіць мінаючы іх, пачалі крычаць: — Госпадзе, Сыне Давыдаў, зьмілуйся над намі!
31 Народ-жа заграждаў ім, каб маўчалі, але яны яшчэ мацней сталі крычаць: — Госпадзе, Сыне Давыдаў, зьмілуйся над намі!
32 Ісус, запыніўшыся, падклікаў іх і сказаў: — чаго хочаце ад Мяне, каб ўчыніў вам?
33 Яны-ж кажуць Яму: — Госпадзе, каб адчыніліся вочы нашыя.
34 Ісус, зьлітаваўшыся, дакрануўся да вачэй іхных, і ўраз празрэлі вочы іхныя, і яны пайшлі за Ісусам.
Каментары ці зноскі:
13 ўмовіўся — ці — згадзіўся.
28 палажыць — ці — аддаць.
28 адкупленьне — ці — выбаўленьне.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Сьвятое Евангельле Мацьвея, 20 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.