Біблія » Пераклады » Пераклад Міхася Міцкевіча

Мацьвея 9 Паводле Мацьвея 9 разьдзел

1 І ўвайшоўшы ў лодку, Ён пераплыў назад і прыйшоў у места Сваё.
2 І вось прынясьлі да Яго спараліжаванага, паложанага на пасьцелі; Ісус, бачачы веру іхную, сказаў спараліжаванаму: — крапіся, сыне! адпушчаюцца табе грахі твае.
3 Некаторыя-ж кніжнікі разважалі самі ў сабе: — Ён блюзьнерыць.
4 Ісус, ведаючы помыслы іхныя, сказаў: — навошта затаілі злыя мысьлі ў сэрцах вашых?
5 Бо што лягчэй сказаць: — адпускаюцца табе грахі твае, — ці сказаць: устань ды хадзі?
6 Але, каб вы ведалі, што Сын Чалавечы мае ўладу на зямлі адпушчаць грахі, — і сказаў спараліжаванаму: — устань, вазьмі пасьцель тваю і йдзі ў дом твой.
7 І той устаў, узяў пасьцель сваю і пайшоў у дом свой.
8 Народ-жа, бачыўшы гэтае, дзівіўся і славіў Бога, што даў такую сілу чалавекам.
9 Прайходзячы адтуль, Ісус убачыў чалавека, званага Мацьвей, які сядзеў на месцы збору мытнага; і кажа яму: — ідзі за Мною; і ён устаў, і пайшоў сьледам за Ім.
10 І калі Ісус сядзеў за сталом у доме, многія мытнікі і грэшнікі прыйшлі і селі за стол з Ім і вучнямі Ягонымі.
11 Убачыўшы гэтае, фарысеі сказалі вучням Яго: — чаму Вучыцель ваш есьць і п’е з мытнікамі і грэшнікамі?
12 Ісус-жа, пачуўшы, сказаў ім: — не здаровыя патрабуюць лекара, але хворыя.
13 Пайдзеце-ж навучэцеся, што значыць — міласьці хачу, а не ахвяры; ня прыйшоў бо Я прызываць праведнікаў, але грэшнікаў да пакаяньня.
14 Тады прыступілі да Яго вучні Янавы, і кажуць: — чаму мы і фарысеі посьцім шмат, а Твае вучні ня посьцяць?
15 І сказаў ім Ісус: — ці-ж могуць сумаваць сыны бяседы шлюбнае, пакуль з імі жаніх? Але настануць дні, калі адыймецца ад іх жаніх, і тады будуць пасьціць.
16 Ніхто-ж не прыстаўляе латкі з тканіны суравое да старое адзежыны, бо новапрышытае аддзярэцца, і дзіра будзе яшчэ большая.
17 Таксама не ўліваюць віна новага ў мяхі старыя, бо мяхі прарываюцца, і віно выцякае, і мяхі зьнішчацца; але новае віно ўліваецца ў мяхі новыя — і захоўваецца і адно і другое.
18 Калі Ён гаварыў да іх гэтае, вось начальнік адзін падыйшоў і, кланяючыся Яму, прамовіў: — дачка мая цяпер умірае, але прыйдзі, узлажы на яе руку Тваю, і яна жывой будзе.
19 І ўстаўшы, Ісус пайшоў за ім, і вучні Ягоныя.
20 І вось, жанчына, хворая на крывяцечу ўжо дванаццаць гадоў, падыйшла ззаду і дакранулася да краю адзеньня Ягонага.
21 Бо яна думала сабе: — як толькі дакрануся да адзеньня Яго — ачуняю.
22 Ісус-жа, абярнуўшыся і ўбачыўшы яе, сказаў: — мацуйся, дачка, вера твая выбавіла цябе; і жанчына стала здаровай з тэй часіны.
23 І калі Ісус прыйшоў у дом начальніка і ўбачыў жалейнікаў і народ у гаманеівай жалобе,
24 Ён сказаў ім: — адыйдзецеся, дзяўчына не памерла, але сьпіць; і сьмяяліся з Яго.
25 Калі-ж народ адправілі, Ён увайшоў, узяў яе за руку — і дзяўчынка ўстала.
26 І разыйшлася чутка пра гэта па ўсёй краіне той.
27 Калі Ісус адыходзіў адтуль, за Ім ішлі два сьляпыя і голасна ўсклікалі: — зьмілуйся над намі, Ісусе, Сыне Давыдаў!
28 Калі-ж увайшоў Ён у дом, сьляпыя падыйшлі да Яго, і кажа ім Ісус: — ці верыце вы, што Я магу гэта зрабіць вам? яны-ж кажуць Яму: — так, Госпадзе.
29 Тады дакрануўся да вачэй іхных і сказаў: — па веры вашай няхай станецца вам.
30 І адчыніліся вочы іхныя; Ісус-жа цьвёрда прыгаварыў ім: — глядзеце, каб ніхто не даведаўся.
31 А яны, выйшаўшы, разьнесьлі славу пра Яго па усёй краіне.
32 Калі-ж тыя выйходзілі, прывялі да Яго чалавека нямога, які меў злога духа.
33 І калі злы дух выгнаны быў, загаварыў нямы; і народ дзівіўся, кажучы: — ніколі не бывала гэткага ў Ізраілі.
34 А фарысеі гаварылі: — Ён выганяе злыдухаў сілаю князя шатанскага.
35 І хадзіў Ісус па ўсіх местах і вёсках, навучаючы ў сынагогах іхных, абвяшчаючы Евангельле Уладарства і ацаляючы ўсякія нядугі і ўсякія немачнасьці ў людзей.
36 І гледзячы на грамады людзей, зьлітаваўся над імі, бо былі яны разгубленыя і бязрадныя, як авечкі без пастуха.
37 Тады сказаў вучням Сваім: — жніва вялікае, а працаўнікоў мала.
38 Дык малеце Гаспадара жніва, каб паслаў працаўнікоў на жніва Сваё.

Каментары ці зноскі:

18 прамовіў — ці — гаварыў.

Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Сьвятое Евангельле Мацьвея, 9 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.