Біблія » Пераклады » Пераклад Л. Гарошка

Матэя 9 Эвангельле Матэя 9 разьдзел

1 І ўвайшоў у човен, Ён пераплыў назад і прыйшоў у сваё места.
2 І вось прынесьлі да Яго спараліжаванага, які ляжаў на пасьцелі. І бачучы іхнюю веру, Ісус сказаў спараліжаванаму: "Мацуйся, дзіця! адпушчаюцца табе твае грахі".
3 І вось некаторыя з кніжнікаў сказалі самі ў сабе: "Ён блюзьніць".
4 Ісус-жа, бачучы іхныя думкі, сказаў: "Навошта думаеце благое ў вашых сэрцах?"
5 Бо што лепш сказаць: адпушчаюцца табе грахі, ці сказаць: Устань і хадзі?
6 Але каб вы ведалі, што Сын Чалавечы мае ўладу на зямлі адпушчаць грахі (тады кажа спараліжаванаму) "Устань, вазьмі твой ложак ды йдзе ў твой дом".
7 І ўстаў, узяў свой ложак ды пайшоў у свой дом.
8 Народ-жа, бачучы гэтае, дзівіўся і славіў Бога, даўшы гэткую ўладу людзям.
9 І калі Ісус прайходзіў адтуль, убачыў чалавека іменем Матэя, які сядзеў на мытніцы, і кажа яму: "Ідзі за Мною". І ўстаўшы ён пайшоў за Ім.
10 І сталася, як Ён быў пры стале ў доме, дык вось многа мытнікаў і грэшнікаў прыйшлі і ўзьляглі пры стале з Ісусам і ягонымі вучнямі.
11 І ўбачыўшы тое, фарысэі сказалі Ягоным вучням: "Чаму ваш Настаўнік есьць з мытнікамі і грэшнікамі?"
12 Ісус-жа пачуўшы гэтае, сказаў ім: "Не здаровым патрэбен лекар, а хворым.
13 Ідзеце і навучэцеся, што значыць: міласэрнасьці хачу, а не ахвяры. Бо Я прыйшоў клікаць не праведнікаў, але грэшнікаў.
14 Тады прыйходзяць да Яго Янавы вучні і кажуць: "Чаму мы і фарысэі шмат посьцім, а Твае вучні ня посьцяць?"
15 І сказаў ім Ісус: "Ці-ж могуць сумаваць вясельныя госьці, пакуль малады з імі? Але прыйдуць дні, калі забяруць ад іх маладога і тады будуць пасьціць.
16 І ніхто ня прыкладае лапіны з няваленага сукна да старое вопраткі, бо лапіна зьбяжыцца і адарвецца і будзе яшчэ горшая дзірка.
17 І ня ўліваюць маладога віна ў старыя мяхі, бо разрываюцца мяхі і віно выцякае, і мяхі гінуць; але маладое віно ўліваюць у новыя мяхі і захоўваецца тое і другое".
18 Калі Ён гутарыў з імі гэта, падыйшоў да яго нейкі начальнік і, пакланіўшыся Яму, сказаў: "Мая дачка толькі што памерла, але прыйдзі, узлажы на яе Тваю руку і ажыве".
19 І ўстаўшы Ісус са Сваімі вучнямі, пайшоў за ім.
20 І вось жанчына, якая дванаццаць гадоў хварэла на крывацечу, падыйшоўшы з-заду, дакранулася да краю Ягонае вопраткі,
21 бо казала сама сабе; як толькі дакрануся да Ягонае вопраткі, аздаравею.
22 Ісус-жа, аглянуўшыся і ўгледзеўшы яе, сказаў: "Бадрыся дачка, вера твая выратавала цябе". І аздаравела жанчына ад тае гадзіны.
23 І калі Ісус прыйшоў у дом начальніка і ўгледзеў жалейнікаў і ўзварушаную грамаду
24 сказаў ім: "Адыйдзеце, бо дзяўчынка не памерла, але сьпіць". І насьміхаліся з Яго.
25 Калі-ж выправілі людзей, Ён увайшоў, узяў яе за руку і дзяўчынка ўстала.
26 І разыйшлася чутка аб гэтым па ўсёй той зямлі.
27 Калі Ісус ішоў адтуль, за Ім ішло двох сьляпых і клікалі Яго, кажучы: "Зьлітуйся над намі, Ісусе, сыне Давідаў!"
28 Калі-ж Ён прыйшоў у дом, прыступіліся да Яго сьляпыя. І кажа ім Ісус: "Ці вы верыце, што Я магу вам гэтае зрабіць?" Яны адказалі Яму: "Так Госпадзе".
29 Тады Ён дакрануўся да іхных вачэй і сказаў: "Няхай станецца вам паводля вашае веры".
30 І расчыніліся іхныя вочы; і забараніў ім Ісус, кажучы: "Глядзеце, каб ніхто ня ведаў".
31 А яны выйшаўшы абвясьцілі аб Ім на ўсёй той зямлі.
32 Калі-ж тыя выходзілі, дык прывялі да Яго нямога чалавека, апанванага нячыстым.
33 І калі д’ябал быў выгнаны, нямы загаварыў, і народ дзівіўся, кажучы: "Ніколі не здаралася такое ў Ізраілю".
34 А фарысэі казалі: "Ён іменем князя нячыстых выганяе злых духаў".
35 І прайходзіў Ісус па ўсіх местах і вёсках, навучаючы ў школах і абвяшчаючы Эвангельле Валадарства і аздараўляючы ўсякую хворасьць і немач у людзей.
36 Гледзячы на грамады, Ён пашкадаваў іх, бо былі змучанымі і прыгнобленымі, быццам авечкі, якія ня маюць пастуха.
37 Тады кажа сваім вучням: "Жніва многа, а работнікаў мала.
38 Дык прасеце Гаспадара жніва, каб паслаў работнікаў на сваё жніва".
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Святое Эвангельле паводле Матэя, 9 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.