Біблія » Пераклады » Пераклад Л. Гарошка

Матэя 2 Эвангельле Матэя 2 разьдзел

1 Калі Ісус радзіўся ў Бэтлееме Іудэйскім у дні цара, вось магі з Усходу прыйшлі ў Ерузалім і кажуць:
2 дзе ёсьць народжаны цар Іудэйскі? Бо мы бачылі ягоную зорку на Усходзе і прыйшлі пакланіцца яму,
3 Пачуўшы гэтае, цар Ірад занепакоіўся, і ўвесь Ерузалім з ім.
4 І сабраўшы ўсіх старшых сьвятароў і народных кніжнікаў, пытаўся ў іх: дзе мае нарадзіцца Хрыстос?
5 Яны-ж сказалі яму: у Бэтлееме Іудэйскім, бо гэтак ёсьць напісана прарокам:
6 і ты, Бэтлееме, зямля Іудэйская, нічым ня меншы паміж Іудэйскіх княстваў, бо з цябе выйдзе правадыр, каторы ўпасе мой народ ізраільскі.
7 Тады Ірад тайком прыклікаў магаў, рупна выведаў ад іх час зьяўленьня зоркі
8 і пасылаючы іх у Бэтлеем, сказаў: ідзеце і добра распытайцеся аб дзіцяці і калі знойдзеце, паведамеце мяне, каб і я пайшоў пакланіцца Яму.
9 Яны, выслухаўшы цара, адыйшлі. І вось зорка, якую яны бачылі на Усходзе, ішла перад імі, аж пакуль прыйшоўшы не затрымалася над мейсцам, дзе было Дзіцятка.
10 Угледзеўшы-ж зорну, яны ўзрадаваліся вялікаю радасьцю.
11 І ўвайшоўшы ў дом, убачылі Дзіцятка з Ягонаю Маткаю Марыяю і ўпаўшы пакланіліся Яму; ды адчыніўшы свае скарбы, ахвяравалі Яму дары: золата, ладан, і сьмірну.
12 І атрымаўшы ў сьне наказ, каб не вяртацца да Ірада, іншым шляхам вярнуліся ў свой край.
13 Калі-ж яны адыйшлі, Гасподні ангел зьявіўся ў сьне Язэпу кажучы: устань, вазьмі Дзіця і Ягоную Матку і бяжы ў Ягіпет і будзь там, пакуль не скажу табе, бо Ірад хоча шукаць Дзіцятка, каб Яго загубіць.
14 І ён устаў ноччу, узяў Дзіцятка і Ягоную Матку і пайшоў у Ягіпет.
15 І там быў да сьмерці Ірада, каб збылося сказанае Госпадам праз прарока, які кажа: Я з Ягіпту паклікаў Майго Сына.
16 Тады Ірад пабачыўшы, што магі падвялі яго, вельмі разгневаўся і паслаў выбіць усіх дзяцей у Бэтлееме і ягоных ваколіцах ад двух гадоў і малодшых, паводля часу, які выведаў ад магаў.
17 Тады збылося сказанае прарокам Ераміяю, каторы кажа:
18 у Раме быў чутны голас, плач наўзрыд і вялікі лямант; Рахіля плача па сваіх дзецях і ня хоча суняцца, бо іх няма.
19 Па сьмерці-ж Ірада, вось ангел Гасподні ўва сьне зьявіўся Язэпу ў Ягіпце
20 і кажа: устань, вазьмі Дзіцятка і Ягоную Матку ды йдзі ў зямлю Ізраіляву, бо памерлі тыя; што шукалі душу Дзіцятка.
21 Ён устаў, узяў Дзіцятка і Ягоную Матку і прыйшоў у зямлю Ізраіляву.
22 Пачуўшы, што ў Юдэі пануе Архелай замест Ірада, ягонага бацькі, пабаяўся туды йсьці, але папярэджаны ад Бога ў сьне, пайшоў у Галілейскія межы.
23 І прыйшоўшы, асеў у месьце званым Назарэт, каб збылося сказанае прарокам, што назавецца Назарэем.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Святое Эвангельле паводле Матэя, 2 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.