Біблія » Пераклады » Пераклад Сабілы і Малахава

Мацьвея 2 Паводля Мацьвея 2 разьдзел

1 Калі ж Ісус нарадзіўся ў Бэтляеме ў дні караля Гірада, вось, мудрацы з усходу прыйшлі ў Ярузалім (і) кажуць:
2 дзе народжаны Кароль юдэяў, бо (мы) убачылі зорку Ягоную на ўсходзе і прыйшлі пакланіцца Яму.
3 Пачуўшы гэтае Гірад кароль занепакоіўся, і ўвесь Ярузалім зь ім.
4 І, сабраўшы ўсіх архірэяў і кніжнікаў народу, пытаўся ў іх: дзе мае нарадзіцца Хрыстос?
5 Яны ж сказалі яму: у Бэтляеме юдэйскім, бо гэтак напісана праз Прарока:
6 і ты, Бэтляем, зямля Юдзіна, нічым ня меншы сярод (другіх) вобласьцяў Юдавых, бо з цябе выйдзе Правадыр, Які будзе пасьвіць народ Мой, Ізраэля.
7 Тады Гірад, употай прыклікаўшы мудрацоў, выведаў ад іх час зьяўленьня зоркі.
8 І, паслаўшы іх у Бэтляем, сказаў: пайдзіце, добра разьведайце пра Дзіцятка. І, калі знойдзеце, паведаміце мне, каб і я пайшоў пакланіцца Яму.
9 І яны, выслухаўшы караля, пайшлі. І вось зорка, якую бачылі (яны) на ўсходзе, ішла перад імі, пакуль, прыйшоўшы, ня стала над (мейсцам), дзе было Дзіця.
10 Угледзіўшы ж зорку, (яны) узрадаваліся вельмі вялікай радасьцю.
11 І, увайшоўшы ў дом, убачылі Дзіця з Марыляй, маткай Ягонай, і, упаўшы, пакланіліся Яму; і, адкрыўшы скарбы свае, прынесьлі Яму дары: золата, ладан і сьмірну.
12 І, у сьне атрымаўшы адкрыцьцё ня вяртацца да Гірада, іншай дарогай адыйшлі ў краіну сваю.
13 Калі ж яны адыйшлі, вось, Ангел Госпадавы зьяўляецца ў сьне Язэпу і кажа: устань, вазьмі Дзіця і матку Ягоную і бяжы ў Ягіпет і будзь там, дакуль ня скажу табе; бо Гірад хоча шукаць Дзіцятка, каб забіць Яго.
14 Ён устаў уначы, узяў Дзіця і матку Ягоную, і адыйшоў у Ягіпет.
15 І быў там да Гірадавай сьмерці, каб збылося сказанае Госпадам праз прарока, які кажа: зь Ягіпту паклікаў Я Сына Майго.
16 Тады Гірад, убачыўшы, што мудрацы пасьмяяліся зь яго, вельмі разгневаўся і, паслаўшы, забіў усіх дзяцей ў Бэтляеме і ва ўсіх ваколіцах ягоных, ад двух гадоў і меншых, паводля часу, які выведаў у мудрацоў.
17 Тады збылося сказанае праз Прарока Ярэму, які кажа:
18 Голас у Раме чу́цен, плач, і галашэньне, і лямант вялікі; Рахіль плача па дзецях сваіх і ня хоча ўцешыцца, бо іх няма. (Ярэм. 31:15).
19 Па сьмерці ж Гірада, вось Ангел Госпадавы ў сьне зьяўляецца Язэпу ў Ягіпце
20 і кажа: устань, вазьмі Дзіцятка і матку Ягоную і ідзі ў зямлю Ізраэля, бо памёрлі тыя, што шукалі душы Дзіцяці.
21 І ён, устаўшы, узяў Дзіцятка і матку Ягоную, і прыйшоў у зямлю Ізраэля.
22 Але пачуўшы, што ў Юдэі валадарыць Архелай замест Гірада, бацькі свайго, пабаяўся туды ісьці, і, атрымаўшы адкрыцьцё ў сьне, пайшоў у межы Галілеі.
23 І, прыйшоўшы, асеў у месту, званым Назарэт, каб споўнілася сказанае праз Прарокаў, што Ён Назарэям назавецца.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Паводля Мацьвея Сьвятое Эвангельле, 2 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2020