Біблія » Пераклады » Пераклад Сабілы і Малахава

Мацьвея 11 Паводля Мацьвея 11 разьдзел

1 І сталася: як скончыў Ісус навучаць дванаццаць вучняў Сваіх, перайшоў адтуль вучыць і абвяшчаць у местах іхных.
2 А Яан, пачуўшы ў вязьніцы пра Дзеяньні Хрыста, паслаў двух вучняў сваіх,
3 ён сказаў Яму: ці Ты Той, што павінен прыйсьці, ці чакаць нам другога?
4 І, адказаўшы, Ісус сказаў ім: пайдзіце, абвясьціце Яану, што чуеце і бачыце:
5 сьляпыя празіраюць і кульгавыя ходзяць, пракажоныя ачышчаюцца і глухія чуюць, мёртвыя ўваскрашаюцца і ўбогім абвяшчаецца Эвангельле
6 і шчасьлівы, хто ня спакусіцца ўва Мне.
7 Калі ж тыя пайшлі, Ісус пачаў гаварыць людзям пра Яана: што глядзець хадзілі вы ў пустэльню? ці трысьціну, што ад ветра хістаецца?
8 Што ж убачыць хадзілі (вы)? Чалавека, апранутага ў мяккія вопраткі? Вось тыя, што носяць мяккія вопраткі, знаходзяцца ў гаспадарскіх харомах.
9 Дык што ўбачыць хадзілі вы? прарока? праўду кажу вам, нават больш, чым прарока.
10 Бо ён ёсьць той, пра якога напісана: вось Я пасылаю Ангела Майго перад Абліччам Тваім, які прыгатовіць шлях Твой перад Табою.
11 Праўду кажу вам: з народжаных жанчынамі ня паўставаў большы за Яана Хрысьціцеля; але найменшы ў Гаспадарстве Нябёсаў большы за яго.
12 Ад дзён жа Яана Хрысьціцеля дагэтуль Валадарства Нябёсаў сілаю здабываецца, і змагары авалодваюць Ім.
13 Бо ўсе Прарокі і Закон прараклі да Яана.
14 І калі хочаце прыняць, ён ёсьць Ільля, якому належыць прыйсьці.
15 Хто мае вушы чуць, няхай чуе!
16 Але каму ўпадоблю род гэты? Ён падобны да хлопчыкаў, якія сядзяць на вуліцы і зьвяртаючыся да сяброў сваіх
17 гавораць: мы ігралі вам на жалейцы, і вы ня скакалі; (мы) пелі вам жалобныя песьні, а вы ня плакалі.
18 Бо прыйшоў Яан, які ня есьць, ня п’е, і кажуць: (ён) мае дэмана.
19 Прыйшоў Сын Чалавечы, есьць і п’е, і кажуць: вось Чалавек — абжора і п’яніца, сябра мытнікаў і грэшнікаў. І апраўдана мудрасьць цераз дзяцей ейных.
20 Тады пачаў Ён дакараць месты, у якіх найбольш была выяўлена моц Ягоная за тое, што яны ня пакаяліся:
21 гора табе, Харазін! гора табе, Бэтсаіда! Бо калі б у Тыры і Сідоне былі праяўленыя сілы, яўленыя ў вас, дык даўно б яны ў радне́ і попелі пакаяліся
22 Але кажу вам: Тыру і Сідону лягчэй будзе ў дзень суду, чым вам.
23 І ты, Капэрнавум, што аж да неба быў узвышаны, ажно да пекла будзеш зрынуты, бо калі б у Садоме былі праяўленыя сілы, праяўленыя ў табе, то ён застаўся б нават па сёньняшні дзень.
24 Дык жа кажу вам, што зямлі Садому лягчэй будзе ў дзень суду, чым табе.
25 У той час, кажучы далей, Ісус сказаў: слаўлю Цябе, Тата, Госпад Неба і зямлі, што Ты ўтаіў гэта ад мудрых і разумных і адкрыў тое дзецям.
26 Так Тата! бо такая была Твая добрая воля.
27 Усё Мне перададзена Ба́цькам Маім, і ніхто ня ведае Сына, акрамя Ба́цькі; і Ба́цьку ніхто ня ведае, акрамя Сына; і каму Сын хоча адкрыць.
28 Прыйдзіце да Мяне ўсе спрацаваныя і абцяжараныя, і Я супакою вас.
29 Вазьмеце Ярмо Маё на сябе і навучыцеся ад Мяне, бо Я лагодны і пакорлівы сэрцам, і знойдзеце супакой ду́шам вашым.
30 Бо Ярмо Маё карыснае, і Цяжар Мой лёгкі.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Паводля Мацьвея Сьвятое Эвангельле, 11 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2020